Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз занепакоены чарговым сьмяротным прысудам


Эўразьвяз выказвае сур'ёзную заклапочанасьць з прычыны чарговага сьмяротнага прысуду, вынесенага ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай 3 жніўня прэс-службай прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску.


"Гэты сьмяротны прыгавор быў вынесены Менскім абласным судом Андрэю Жуку. Месяцам раней быў вынесены яшчэ адзін сьмяротны прысуд", — адзначаецца ў дакумэнце.

Эўразьвяз зноў заклікаў Беларусь адмяніць сьмяротную кару, а для пачатку — увесьці мараторый на яе прымяненьне.
Эўразьвяз нагадвае пра заявы, зробленыя ўрадам Беларусі на працягу апошніх гадоў, у якіх гаварылася аб намеры значна абмежаваць і ў канчатковым выніку адмяніць сьмяротную кару.

Таксама ЭЗ нагадвае пра рэзалюцыю Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, зацьверджаную 23 чэрвеня 2009 года. У ёй гаворыцца аб гатоўнасьці адмяніць часовае абмежаваньне статусу спэцыяльнага запрошанага ў ПАРЭ для беларускага парлямэнта, калі ўлады Беларусі ўвядуць мараторый на сьмяротную кару.

У дакумэнце падкрэсьліваецца, што Эўразьвяз "выступае супраць прымяненьня вышэйшай меры пакараньня ў любых справах і пры любых абставінах і пасьлядоўна заклікае да яе адмены па ўсім сьвеце". "ЭЗ упэўнены, што забарона сьмяротнай кары — гэта галоўны элемэнт абароны чалавечай годнасьці і прагрэсіўнага разьвіцьця правоў чалавека", — гаворыцца ў заяве.

Да заявы далучыліся краіны — кандыдаты на ўступленьне ў ЭЗ. Турцыя, Харватыя і Былая Югаслаўская Рэспубліка Македонія, патэнцыяльныя краіны-кандыдаты: Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Чарнагорыя, Сэрбія, краіны Эўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю і краіны Эўрапейскай эканамічнай зоны Ісляндыя і Нарвэгія, а таксама Ўкраіна.

Як раней паведамлялася, 17 ліпеня суд мінскай вобласьці прызнаў двух жыхароў Салігорскага раёна вінаватымі ў забойстве двух работнікаў СВК "Бальшавік-Агра", якія перавозілі грошы для выплаты зарплаты работнікам сельгаспрадпрыемства. Злачынства было ўчынена 27 лютага 2009 года блізу вёскі Крывічы. 25-гадовага жыхара Салігорска суд прыгаварыў да вышэйшай меры пакараньня — сьмяротнай кары, саўдзельніка забойства — да пажыцьцёвага заключэньня.

29 чэрвеня Брэсцкі абласны суд прыгаварыў да сьмяротнай кары 30-гадовага жыхара Драгічынскага раёна, які прызнаны вінаватым ва ўчыненьні сэрыі забойстваў пажылых жанчын.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG