ДЫСКУСІЯ НА СВАБОДЗЕ
Паводле заявы Міністэрства замежных спраў Беларусі, “Рэспубліка Беларусь, як ужо неаднаразова казалася, з разуменьнем ставіцца да пазыцыі Рады Эўропы што да пытаньня пра сьмяротнае пакараньне. Неабходнае абмеркаваньне і аналіз на гэтую тэму вядзецца ў парлямэнце Беларусі, у юрыдычнай супольнасьці нашай краіны, дзе, бясспрэчна, прымаюць пад увагу ня толькі пазыцыю Рады Эўропы, але і важкае меркаваньне грамадзянаў Беларусі, выказанае на ўсенародным рэфэрэндуме па дадзеным пытаньні”.
Палітоляг Юры Дракахруст:
“Я асабіста ня маю пэўнага стаўленьня да праблемы сьмяротнага пакараньня. Але магчымы мараторый на выкананьне сьмяротных прысудаў і рэкамэндацыя судам устрымлівацца ад вынясеньня такіх прысудаў у будучыні. Практыка паказвае, што беларускія суды звычайна прыслухоўваюцца да такіх рэкамэндацый.
Тады Беларусь дэ-факта стане краінай без сьмяротнага пакараньня, не касуючы фармальна вынікі рэфэрэндуму 1996 году”.
Палітоляг Юры Чавусаў:
“Мэханізмаў ня толькі ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне, але нават мэханізмаў адмены сьмяротнага пакараньня ў гісторыі існуе безьліч. Магу ў прыклад прывесьці такія краіны, як Паўднёвая Афрыка. Яны адмянялі сьмяротнае пакараньне праз рашэньне Канстытуцыйнага суду, які прызнаваў, што гэты від пакараньня незвычайна жорсткі і парушае права на жыцьцё. Была такая трактоўка, што рашэньне рэфэрэндуму ня можа пазбаўляць людзей жыцьця. Існуюць вельмі экзатычныя варыянты прыняцьця такіх рашэньняў”.
Пісьменьнік і палітык, генэрал Мікалай Чаргінец
“Я занадта многа бачыў вельмі жорсткіх забойстваў — такіх, як згвалтаваньне і забойства дзяўчатак 4—5 гадоў, расчляненьне трупаў. Для такой катэгорыі я ўсё ж такі пакінуў бы. Бо калі мы ня будзем жорстка рэагаваць на такія злачынствы, то яны будуць пашырацца. На гэта паказвае ўсясьветная практыка.
Vox-populi у Горадні. Пэнсіянэр:
“Я ня ведаю, калі не расстрэльваць, то якое далей яму будзе пакараньне? Вось пытаньне ў чым. А калі я ня ведаю, якое яму далей будзе пакараньне, то лепей — кроў за кроў, сьмерць за сьмерць, як гэта было ў Вялікую Айчынную: злачынцаў расстрэльвалі. Вось я асабіста за такое меркаваньне”.
СЛУХАЦЬ:
Праваслаўны сьвятар зь Менску айцец Аляксандар Шрамко:
“Я супраць сьмяротнага пакараньня. Бо калі чалавек памірае, страчвае магчымасьць пакаяцца. Я ўжо не кажу пра магчымыя судовыя памылкі. Таму ў выпадку адмены сьмяротнага пакараньня чалавеку застаецца магчымасьць пакаяцца. Каб ён усё абдумаў і неяк прыйшоў да Бога, пакаяўся. Усё ж Бог яго трымае на сьвеце, таму трэба даваць магчымасьць жыць, каб ён неяк для сваёй душы нешта зрабіў”.
Былы старшыня Савету рэспублікі, акадэмік Аляксандар Вайтовіч:
“Уся Эўропа адмяніла сьмяротнае пакараньне. І нічога страшнага не адбудзецца, калі і мы адменім. Я схіляюся да таго, што трэба адмяніць. Што да грамадзкай думкі, то ў нас навучыліся маніпуляваць грамадзкай думкай, і не зьдзіўлюся, што гэта будзе ўспрынята нармальна. І калі б паставілі на рэфэрэндум, то пры неабходнай растлумачальнай працы гэта было б ухвалена і на рэфэрэндуме”.
Адвакат Аляксандар Баран:
“У Беларусі гэта пытаньне ставіцца так, што яно вырашаецца ў залежнасьці ад грамадзкай думкі. А грамадзкая думка будзе супраць адмены сьмяротнага пакараньня. Занадта многа ўчыняецца такіх злачынстваў у Беларусі, якія ў разуменьні грамадзкасьці патрабуюць менавіта такога вырашэньня пытаньня. Найперш я маю на ўвазе забойствы ці згвалтаваньне дзяцей і гэтак далей”.
Намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы генэрал Ігнацій Місурагін сказаў, што пытаньне аб мараторыі на сьмяротнае пакараньне надзвычай складанае.
“З аднаго боку эўрапейцы патрабуюць ад нас увядзеньня такой меры, але з другога боку, усе памятаюць вынікі галасаваньня на рэфэрэндуме, калі значная бальшыня выказалася супраць адмены сьмяротнага пакараньня. Таму, на маю думку, гэта як раз той выпадак, калі спачатку чым адрэзаць, трэба сем разоў адмераць.
Актывістка кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі” Ірына Тоўсьцік:
“Сьмяротнае пакараньне трэба адмяняць, і ня толькі дзеля таго, каб Беларусь стала сябрам Рады Эўропы. Але і таму, што сьмяротнае пакараньне — гэта барбарства, гэта антыгуманна, гэта нечалавечна. Жыцьцё — неад’емнае права кожнага. Дзяржава не павінна забіваць людзей. Адна з мэтаў нашай кампаніі — інфармаваньне насельніцтва, каб людзі разумелі, чаму неабходна адмяняць сьмяротнае пакараньне”.