Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым небясьпечная галадоўка


Галадоўка пратэсту супрацоўнікаў Радыётаксі 22222, красавік 2005
Галадоўка пратэсту супрацоўнікаў Радыётаксі 22222, красавік 2005

Чым небясьпечная галадоўка, да якіх зьменаў і парушэньняў арганізму яна прыводзіць? Ці магчыма правільна выйсьці з галадоўкі ў турэмных умовах?

Лекар Васіль Аўраменка тлумачыць:

“Гадоў 20 назад, калі пачалася мода на галаданьне, яго пачалі называць так званым лячэбным галаданьнем. На сёньняшні дзень навукай даказана, што лячэбнае галаданьне — гэта такая даволі ўмоўная назва.
галаданьне цягам больш за 30—40 дзён фактычна сканчаецца летальна ...

Любое галаданьне — гэта ўсё ж стрэс для арганізму, сама меней стрэс. А працяглае галаданьне вядзе да незваротных зьменаў у арганізьме. Пасьля шостага-сёмага дня галаданьня ў арганізьме пачынаюцца дэструктыўныя, дэгенэратыўныя зьмены. Арганізм пачынае шукаць замену бялкоў і спажываць тыя бялкі, якія знаходзяцца ва ўнутраных органах. Асабліва гэта тычыцца цягліцаў, і шкілетных, і сардэчнай мышцы таксама. Таму пасьля галаданьня, якое працягваецца месяц ці больш (хаця навукай даказана, што галаданьне цягам больш за 30—40 дзён фактычна сканчаецца летальна), але калі нейкім чынам падтрымліваецца арганізм увядзеньнем нейкіх прэпаратаў ці харчовых рэчываў праз кропельніцу, да сьмерці гэта не прывядзе. Але такія незваротныя ці больш глыбокія зьмены ўнутраных органаў і асабліва мышцаў — гэта ўсё ж адбываецца, і звароту назад не бывае. Фактычна, чалавек ня можа аднавіць, нават калі ён пачынае выходзіць з гэтага галаданьня правільна, паэтапна, як гэта раяць спэцыялісты, стан таго здароўя, якое было да галаданьня.

Як трэба выходзіць з галадоўкі

Як трэба выходзіць з галадоўкі, аднаўляць арганізм пасьля такога складанага і небясьпечнага працэсу? Ці магчыма правільна выйсьці з галадоўкі ў турэмных умовах?
адной турэмнай баландай не абысьціся ...

“Своеасаблівы рацыён трэба. Калі, напрыклад, галаданьне працягваецца 10 дзён, то выхад з галадоўкі павінен быць 30 дзён, у тры разы даўжэйшы. І, канечне, набор прадуктаў патрэбны спэцыфічны. Я думаю, адной турэмнай баландай не абысьціся. Трэба паступова выходзіць: спачатку піць вадкасьці, разбаўленыя вадой сокі, потым на пюрэ пераходзіць. Гэта даволі складаны, няпросты працэс. Патрэбны багаты набор прадуктаў, каб правільна выйсьці з галадоўкі”.



Чалавеку для падтрымкі жыцьцядзейнасьці арганізму заўжды патрэбныя бялкі, тлушчы і вугляводы. Калі іх не хапае цягам кароткага тэрміну — гэта 3-5 дзён, максымум да 7 дзён — уключаюцца, так бы мовіць, абаронныя мэханізмы, чалавек бярэ гэта зь нейкіх дэпо, і недахоп іх кампэнсуецца. Калі ж гэтыя рэчывы не паступаюць у арганізм даўжэйшы час, пачынаюцца разбурэньні, якія потым бясьсьледна не праходзяць, тлумачыць тэрапэўт спадарыня Тацяна:

Вымываюцца бялкі з мышцаў, і, у прыватнасьці, з сардэчнай мышцы, і зь цягам часу яны не аднаўляюцца.
“Вымываюцца бялкі з мышцаў, і, у прыватнасьці, з сардэчнай мышцы, і зь цягам часу яны не аднаўляюцца. Надыходзяць такія працэсы, як кардыёдыстрафія, то бок сардэчная мышца ператвараецца ў анучку. І потым яна не адновіцца, яна мёртвая. Потым могуць наступіць такія ж самыя працэсы ў печані, падстраўнікавай залозе, наступае склероз сасудаў.

Далей наступствы яшчэ цяжэйшы: страчваецца разумовая працаздольнасьць, бо тыя ж самыя незваротныя працэсы адбываюцца і ў галаўным мозгу. Таму галадоўкі ні да чога добрага не прыводзяць. Гэта толькі дылетанты кажуць: маўляў, арганізм ачышчаецца, пачынае “зьядаць” шкодныя пухліны, паліпы нейкія. На жаль, гэта ня так. Калі б усё было так лёгка і проста, то ўсе ракавыя захворваньні лячыліся б галаданьнем. Так не адбываецца. Таму галадаць не рэкамэндую нікому, асабліва працяглы час.

А тое, што ў прымусовым парадку чалавеку ўводзяць, да прыкладу, глюкозу з інсулінам, дык гэта толькі для падтрымкі яго жыцьцядзейнасьці, для таго, каб працавала яго сэрца. Ня больш за тое. А аднаўленьня мышцаў на клетачным узроўні не адбываецца. Гэта незваротны працэс”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG