Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэсмэны ЗША гаварылі пра пераемнасьць палітыкі


панарама Вільні<br />
панарама Вільні<br />
Сёньня ў Вільні адбылася сустрэча прадстаўнікоў беларускай апазыцыі з кангрэсмэнамі ЗША. Беларускі бок на ёй прадстаўлялі Вінцук Вячорка, Аляксандар Казулін, Віктар Карняенка, Жанна Літвіна, Анатоль Лябедзька і Віталь Рымашэўскі. Сёмым павінен быў быць Артур Фінькевіч. Аднак беларускія памежнікі не дазволілі яму перасекчы мяжу зь Літвою. На мяжы таксама доўга трымалі спадароў Вячорку, Казуліна і Лябедзьку.

Пра тое, што абмяркоўвалі ў Вільні, “Свабодзе” расказаў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька
“Нягледзячы на ўсе спробы сарваць гэтую сустрэчу, яна ўсё ж адбылася. Мы хочам падзякаваць літоўскаму боку, які адкрыў перад намі “зялёны калідор”. І мы праехалі каля чаргі, якая расьцягнулася там гадзіны на дзьве — дзьве з паловай.

Сустрэча стала канструктыўнай. Было 7 кангрэсмэнаў: 4 — дэмакраты, 3 — рэспубліканцы. Ачольвае дэлегацыю Шэлі Бэрклі — яна кангрэсмэн з Лас-Вэгасу. Мы распавялі пра сытуацыю ў Беларусі. Дарэчы, можна было шмат і не казаць, паколькі хтосьці не даехаў у Вільню, кагосьці пратрымалі на мяжы зь ярка выражаных палітычных прычынаў.

Мы перадалі амэрыканцам дарожную мапу, наш плян дэмакратызацыі Беларусі. Зрабілі некалькі канкрэтных прапаноў — у прыватнасьці, вярнуцца да практыкі, калі ў Беларусь прыяжджалі дэлегацыі, у склад якіх уваходзяць як прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту, так і Эўрапейскай камісіі. Прапанавалі таксама падумаць над стварэньнем такой новай інстытуцыі, як супольная група, у якую ўвайшлі б і дэпутаты Эўрапарлямэнту, і кангрэсу ЗША. Таксама мы выказаліся за тое, каб Акт у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі быў працягнуты. Гэты дакумэнт стварае прававы і палітычны калідор для стратэгіі і пляну дзеяньняў Вашынгтона ў беларускім пытаньні.

З таго боку што было сказана? Самае галоўнае — дэлегацыя выказала ўпэўненасьць, што ніякіх карэктываў і зьменаў у палітыцы Вашынгтона ў дачыненьнях зь Беларусьсю ня будзе. А будзе пераемнасьць — незалежна ад таго, хто ў Белым Доме: Буш ці Абама. Таму што і першы, і другі сваю палітыку ўсё ж такі засноўвалі на прыярытэце правоў чалавека і дэмакратыі. Гэта будзе захавана і надалей“.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG