Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Адзінокаму бацьку” няма з кім кінуць сына?


Сёньня Аляксандар Лукашэнка выправіўся з працоўным візытам у Маскву. Ужо звыкла ў паездцы яго суправаджае 5-гадовы сын Мікалай, пра чыё існаваньне грамадзкасьць даведалася год таму, у часе красавіцкага суботніка. Да гэтага, цягам сакавіка, бацька і сын ужо двойчы траплялі ў аб’ектывы камэраў — у Сэрбіі і Армэніі. Якімі дыпляматычнымі пратаколамі кіруецца беларускі лідэр, ставячы ў няёмкае становішча замежных калегаў?

Сюрпрызы для афіцыйных асобаў, якія сустракаюць высокага беларускага госьця, пачынаюцца ўжо ад трапу Лукашэнкавага самалёта. Летась не маглі схаваць замяшаньня кіргіскія чыноўнікі, якія віталі Аляксандра Лукашэнку на саміце кіраўнікоў СНД у Бішкеку: замест аднаго меркаванага Лукашэнкі борт пакінулі адразу два. Яшчэ большая разгубленасьць, мяркуючы з навінных кадраў, зьявілася на тварах гаспадароў, калі прэзыдэнт пачаў прадстаўляць ім малога Міколку. Пасьля таго Мікалай Аляксандравіч стаў частым госьцем тэлеэкранаў: вось ён на Алімпіядзе ў Пэкіне, вось у копіі формы Галоўнакамандуючага бярэ ўдзел у вайсковых манэўрах, вось назірае, як выбіраюць беларускіх прыгажуняў.

Аляксандар і Мікола Лукашэнкі ў ерэванскім аэрапорце
Сёлета Міколка скарыў новую вышыню — пачаў браць удзел у сустрэчах на вышэйшым узроўні. Тыдзень таму перамовы з прэзыдэнтам Армэніі Сержам Саргсянам абодва Лукашэнкі вялі, седзячы ў адным крэсьле. Ці будзе сёньня дапушчаны Міколка ў працоўныя апартамэнты прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева — пакуль невядома, аднак на лётнішчы ён ужо паручкаўся зь Дзяржаўным сакратаром “саюзнай дзяржавы” Паўлам Барадзіным.

Увогуле візыт кіраўніка адной дзяржавы ў іншую рэгулюецца дыпляматычнымі пратаколамі, якія абумоўліваюць фармат візыту, колькасны склад дэлегацыі і, натуральна, прысутнасьць сваякоў. Як правіла, выключэньне робіцца для першай лэдзі, якая можа суправаджаць мужа. Звычайна яе прысутнасьць у полі зроку абмяжоўваецца праходам ад трапу па дывановай дарожцы і далейшым удзелам у нейкіх неафіцыйных мерапрыемствах. Дзяцей лідэры (прынамсі эўрапейскія) на паказ не выводзяць.

Адзін зь першых дыпляматаў незалежнай Беларусі, колішні беларускі амбасадар у Нямеччыне Пятро Садоўскі лічыць, што ў дадзеным выпадку ні пра які пратакол няма і гаворкі. Да месца казаць пра пэўны палітэс — гэткае выключэньне з правілаў, якое могуць дазволіць госьцю кіраўнікі пэўных краінаў. Аднак злоўжываць гасьціннасьцю, на думку спадара Садоўскага, амаральна:

Пятро Садоўскі
“Я лічу, што гэта хвароба, што гэта проста дэзарыентаваная асоба. У чалавека абсалютна адсутнічае сыстэмнае стаўленьне да жанчын, да сям’і. Гэта асоба разбураная. Калі ён едзе на Ўсход, дык яшчэ можна дапусьціць, што там які-небудзь Хайле Сэласіе са сваім насьледным прынцам на публіцы можа зьявіцца. Такое, памятаю, мы бачылі ў савецкі час. Але ўсё гэта анамалія. Бо гэта жудасна і вельмі ненавісна да дзіцяці. Трэба ж разумець, што дзіця павінна спаць, у дзіцяці павінны быць свае эмоцыі, свае гульні. А тое, што адбываецца, гэта проста жорстка. Можна жартаваць, маўляў, едзе да Мядзьведзева, узяў з сабой дзіцёнка — ох, можа той пашкадуе: прыехаў адзінокі бацька, дам яму грошай ці яшчэ што. Можна сказаць і так, але проста гэта фантасмагорыя, гэта чорт ведае што. Гэта зьдзек. Я ня ведаю, у які час мы жывём і што робіць царква, якая маўчыць. Я ня ведаю”.

Колішні начальнік Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі таксама кажа, што ніякія пратакольныя рамкі ў выпадку з замежнымі візытамі Лукашэнкам не вытрымліваюцца. Аднак рэагаваць ці не рэагаваць на эскорт у выглядзе ягонага сына — справа перадусім таго боку, які прымае беларускага кіраўніка. Спадзявацца ж, што нехта з бліжэйшага атачэньня Лукашэнкі зробіць яму заўвагу наконт маральна-этычных нормаў паводзінаў, не выпадае — ніхто не сьпяшаецца падпісаць сабе прысуд:

Аляксандар Пласкавіцкі
“Ён сябе так паставіў, што заўвагі зрабіліся немагчымымі. Але думаю, што гэта ня самая важкая праблема; ягоная амаральнасьць праяўляецца ў першую чаргу ня ў гэтым, гэта так, дробны факт. Калі нейкая асоба ўпэўнілася, што ёй усё дазволена, то яна і робіць, што хоча. А ад тых, хто робіць заўвагі, Лукашэнка даўно пазбавіўся, амаль на самым пачатку. Усё зьмянілася, калі ня стала побач Ганчара, Булахава, Сініцына. Не засталося нікога, хто адважыўся б рабіць яму заўвагі”.

Карэспандэнт: “Але як патлумачыць пазыцыю іншага боку, асабліва калі на высокім узроўні праходзяць сустрэчы? Як можна зразумець таго ж прэзыдэнта Армэніі, які бачыць перад сабой такую пару?”

Краіну ён кантралюе, і калі размаўляць зь Беларусьсю, гэта значыць — размаўляць зь ім. І можна дараваць такое парушэньне дыпляматычнага пратаколу.
“Ну, сьмяюцца ўсе, гэта ж вядома ўсім. Але ж не надаюць гэтаму вялікай вагі. Гэта журналісты надалі гэтаму вагу, якой гэты ўчынак не заслугоўвае. Да таго ж — кіраўнікам іншых дзяржаў з кім яшчэ размаўляць, як ня зь ім? Краіну ён кантралюе, і калі размаўляць зь Беларусьсю, гэта значыць — размаўляць зь ім. І можна дараваць такое парушэньне дыпляматычнага пратаколу. Шмат якія лідэры ў апошні час узялі за нейкі крытэрый добрых паводзінаў прыходзіць з сабакамі, катамі, птушкамі. Чаму б не прыходзіць пасьля гэтага з сынам?”

Актыўнае прасоўваньне Лукашэнкам малодшага сына шмат хто схільны ўспрымаць як “акучваньне” глебы пад свайго палітычнага спадкаемца. Праўда, да прэзыдэнцкага ўзросту Міколку расьці яшчэ 30 гадоў, што, у сваю чаргу, спараджае размовы пра магчымасьць “сьвецкай манархіі” ў Беларусі. Аляксандар Лукашэнка па выніках рэфэрэндуму ўжо атрымаў магчымасьць быць прэзыдэнтам неабмежаваную колькасьць тэрмінаў, таму тэхналягічна можа выпеставаць сабе спадкаемца. Дый сам Лукашэнка намёкамі даваў зразумець, што ставіць не на старэйшых Віктара і Дзьмітрыя, а на маленькага — “унікальнага чалавека”, канкрэтызаваў ён.

Праўда, кансультант у інфармацыйных стратэгіях, уладальнік піяр-агенцтва ў Кіеве Міхаіл Падаляк, пяць гадоў таму дэпартаваны зь Беларусі за “стварэньне пагрозы нацыянальнай бясьпецы”, падобную верагоднасьць лічыць моцна перабольшанай:

Мікола Падаляк
“Ня думаю, што гэта поўная аналёгія, у гэтым выпадку гаворка хутчэй пра хваробу. Я на гэта зь іншага боку глядзеў бы. Гэта не аналёгія, ён проста кампэнсуе сваё няўдалае дзяцінства. Ён быў байструк у поўным сэнсе, то бок яго штурхалі, білі, зьдзекаваліся. І вось ён хоча гэтаму, таксама фармальна байструку, незаконна народжанаму сыну, даць тое, чаго сам у дзяцінстве не атрымліваў. Гэта такі яскрава акрэсьлены фрэйдысцкі комплекс, тут нічога няма незвычайнага і тым больш манархічнага. Проста чалавек свае дзіцячыя страхі, комплексы такім чынам кампэнсуе, рэалізуе. З гэтага сьцябацца трэба, а не ўспрымаць сур’ёзна. А то гляджу, што многія да гэтага сур’ёзна ставяцца, маўляў, вось, спадкаемца. Які спадкаемца? Гэта як цацка, гэткі слонік хатні. Раніцай прачынаецца, садзіць перад сабой, як цацку, і пачынае прыдумляць, куды б гэтую цацку яшчэ прыткнуць”.

За год, што Міколка суправаджае бацьку, у полі зроку ніводнага разу ня трапіла ягоная маці. Хоць фармальна Лукашэнка застаецца ў шлюбе з Галінай Радзівонаўнай, якая пасьля абраньня мужа прэзыдэнтам адмовілася пераяжджаць у сталіцу, аднак сам Лукашэнка прызнаўся: маці ягонага малодшага сына — лекарка. Мэтадам дэдукцыі журналісты вылічылі, што гэта Ірына Абельская, колішняя асабістая лекарка прэзыдэнта, пэўны час кіраўніца так званай “лечкамісіі”. Аднак некалькі гадоў таму Абельская была пазбаўленая ўсіх пасадаў, і цяпер пра яе ролю ў жыцьці Лукашэнкаў вядома толькі праз чуткі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG