Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі прэзыдэнтаў: пратэкцыянізм у дзеяньні


Аляксандар і Віктар Лукашэнкі
Аляксандар і Віктар Лукашэнкі

Пасьля адкрыцьця ўчасткаў для галасаваньня пачаўся адлік апошніх гадзінаў на вяршыні ўлады для гаспадара Белага дому, прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша. У палітычнай гісторыі, сярод іншага, ён застанецца яшчэ і як прадстаўнік сям’і, якая дала сьвету двух прэзыдэнтаў — паміж Бушам-старэйшым і малодшым пасьпеў “уціснуцца” Біл Клінтан. Такіх выпадкаў няшмат нават у аўтарытарных краінах, дзе ўлада наўпрост пераходзіць ад бацькі да сына. Але падазраваць Бушаў у кланавасьці не выпадае — абодва прайшлі свой шлях ва ўмовах дэмакратычнага волевыяўленьня амэрыканцаў. Між тым сямейны пратэкцыянізм у палітыцы — справа нярэдкая нават для Эўропы.

Сусьветны досьвед паказвае: чым меней правоў маюць грамадзяне краіны, тым большая верагоднасьць атрымаць ва ўладзе дынастыю. У Паўночнай Карэі манаполію на дзяржаву прыватызавалі Кімы.
Чым меней правоў маюць грамадзяне краіны, тым большая верагоднасьць атрымаць ва ўладзе дынастыю.
На Кубе ўлада перайшла па гарызанталі ад Кастра да Кастра. У Азэрбайджане эстафэту Гейдара Аліева падхапіў ягоны сын Ільхам.

Гульнара Карымава
Іншыя кіраўнікі дзе намёкам, а дзе і наўпрост кажуць, што народ мусіць прызвычайвацца да новых спадкаемцаў. Гульнара Карымава, дачка прэзыдэнта Ўзбэкістану, з прадстаўніцтва пры ААН указам Іслама Карымава пераведзеная спачатку ў намесьніцы міністра замежных спраў, а цяпер зрабілася сталым прадстаўніком пры міжнародных арганізацыях у Жэнэве. Яе называюць найбольш рэальным пераемнікам свайго 70-гадовага бацькі. Паступова ўвасабляе ў рэчаіснасьць свае колішнія заявы Аляксандар Лукашэнка, які адразу казаў, што ня бачыць на чале краіны “слабых” Віктара ці Дзьмітрыя Лукашэнкаў, затое спадзяецца на ўнікальнага “малодшанькага”.

У краінах нават зь мінімальнымі праявамі дэмакратыі такое доўгатэрміновае плянаваньне практычна выключанае. Аднак у шэраг архаізмаў сваяцтва перайшло ня ўсюды. Дэпартаваны некалькі гадоў таму зь Беларусі журналіст Міхаіл Падаляк — цяпер уладальнік піяр-агенцтва ў Кіеве. Пра кумаўство на ўсіх паверхах украінскай улады ён кажа як пра факт:

Віктар Юшчанка з жонкай Кацярынай (зьлева) і дачкой Віталінай.
“Нэпатызм ва Ўкраіне вельмі моцна распаўсюджаны — гэта калі сваякі ва ўладзе ўдзельнічаюць. Кумаўство, сваяцтва — тут справа звыклая. Дзеці часта ўладкоўваюцца на пасады намесьнікаў міністраў і г.д. Наўскідку — некалькі асобаў, якіх ведаюць у Беларусі: Віталіна Юшчанка, дачка Віктара Юшчанкі, узначальвае мэцэнацкі фонд пры прэзыдэнце (займаецца мастацкімі праектамі і акумулюе грошы бізнэсоўцаў на рэстаўрацыю палацаў, карцінных галерэяў). У Віктара Януковіча сын — дэпутат парлямэнту. У сакратара Рады бясьпекі Раісы Багатыровай сын працуе ў аблсавеце. Калі бацькі сыходзяць у палітыку, дзеці часта займаюць іх месцы. Сын дэпутата Тарыэла Васадзэ — буйнога спонсара блёку Юліі Цімашэнкі — галоўны ў “Украўта”. Ва Ўкраіне гэтая справа вельмі разьвітая. Але да беларускай сытуацыі не зусім падобная, бо гэта законна народжаныя дзеці. А ў Беларусі ж піярыцца “байструк”, незразумела хто. І такога, каб хтосьці выпячваў свае пахаджэньні, як Лукашэнка, такога тут дакладна няма”.

Аляксандар Лукашэнка з сынам Міколам
У Аляксандра Лукашэнкі два дарослыя сыны, уладкаваныя ў полі зроку бацькі. Віктар — дарадца прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы, Дзьмітрый адаптаваўся ў адмыслова створаным Прэзыдэнцкім спартовым клюбе. Але ўсё часьцей фігуруе ў дзяржаўных СМІ малы Міколка, мама якога, кажучы словамі самога Лукашэнкі, “працуе ў менскім шпіталі”. Як вынікае з заяваў Лукашэнкі, хлопцу наканаваная “вялікая будучыня”.

Блізкія сваякі Лукашэнкі — дзядзькі, цёткі, стрыечныя браты і сёстры — жывуць на малой радзіме, у Александрыі пад Шкловам.
Блізкія сваякі Лукашэнкі — людзі, зь неўласьцівымі іхнаму знакамітаму сваяку амбіцыямі.
З розных прычын да кіраваньня краінай яны не дапушчаныя. Зь некаторымі ў часе камандзіроўкі пазнаёміўся яшчэ ў сярэдзіне 1990-х — звычайныя вясковыя людзі, зь неўласьцівымі іхнаму знакамітаму сваяку амбіцыямі. Да прыкладу, дзядзька Фёдар, родны брат Лукашэнкавай маці, не цураецца добра “закласьці за каўнер”. Дый афіцыйная жонка Галіна Радзівонаўна толькі й здолела, што перайсьці з пасады загадчыцы дзіцячага садка ў Рыжкавічах у аддзел санаторна-курортнага аздараўленьня Шклоўскага райвыканкаму.

Іншая рэч са сваякамі па лініі “вылічанай” мамы Міколкі — Ірыны Абельскай. З прэзыдэнцкай лекаркі яна зрабіла імклівую кар’еру да кіраўніцы Рэспубліканскага шпіталя Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Яе маці, нябожчыца Людміла Пастаялка, працавала галоўным лекарам Берасьцейскай абласной дзіцячай паліклінікі, пасьля чаго была прызначаная міністрам аховы здароўя. Летась Пастаялка памерла, закацілася памалу і зорка Абельскай — цяпер яна лекар у 9-м менскім клінічным шпіталі. Праўда, ёсьць зьвесткі, што на кіраўніцу згаданага шпіталя рыхтуюць менавіта яе.

Нават у суседняй Расеі, дзе дэмакратычныя працэсы хутчэй згортваюцца, чым набіраюць абароты, такое тасаваньне калоды не праходзіць. Вядомы сатырык і грамадзкі дзеяч Віктар Шэндэровіч кажа: адрозна ад Лукашэнкі, і былы расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін, і цяперашні кіраўнік Дзьмітрый Мядзьведзеў — палітыкі не Лукашэнкавага калібру. І тлумачыць:

“Пуціна не існуе самога па сабе. Яго прывяла да ўлады карпарацыя пад назвай КДБ (ці ФСБ — няважна, зразумела, што спэцслужбы). Гэтая карпарацыя дагэтуль утрымлівае ўладу, проста зьмяніўшы імя прэзыдэнта. Зразумела, што зьмена імёнаў асаблівай ролі ня грае. Таму ў гэтым сэнсе сваякі, сыны і дочкі прэзыдэнтаў абсалютна ня маюць ніякага значэньня. Карпарацыя працягвае ўтрымліваць уладу з тым ці іншым імем на сьцягу… У лідэраў нашых краінаў шмат супольнага, але ёсьць і істотныя адрозьненьні. Лукашэнка — пасіянарны таварыш, ён чалавек улады. У выпадку зь ім мае значэньне толькі асабістая ўлада, тут вельмі важны манархічны архетып. Для яго асабістая ўлада сама па сабе вельмі шмат значыць. І натуральна, што такога кшталту людзі схільныя да манархічных архетыпаў. Таму для яго, адрозна ад таго ж Пуціна, надзвычай важны менавіта асабісты працяг у палітыцы. Мне падаецца, гэта даволі істотная розьніца”.

Сямейны пратэкцыянізм — хутчэй выключэньне, чым правіла, калі не казаць пра манархічныя дзяржавы Блізкага Ўсходу ці
Сямейны пратэкцыянізм — хутчэй выключэньне, чым правіла, калі не казаць пра манархічныя дзяржавы Блізкага Ўсходу ці часовыя ваенныя ўрады краінаў Афрыкі.
часовыя ваенныя ўрады краінаў Афрыкі. Так, аточаны своеасаблівымі рэжымамі Ізраіль намагаецца ўсяляк дыстанцыявацца ад перажыткаў мінулага. Барыс Шварцман пры канцы 1990-х зьехаў з Воршы, амаль 10 гадоў адпрацаваў у маркетынгавай кампаніі ў ізраільскай Бээр-Шэве, летась вярнуўся ў Беларусь. Кажа, што ў Ізраілі культываваць блізкія адносіны — сабе даражэй:

“У іх вельмі распаўсюджана па сяброўстве, па знаёмстве нешта зрабіць. Скажам, калі разам ваявалі — тады намагаюцца аддзячыць адпаведнай манэтай. Але як толькі становіцца чалавек прэм’ерам, адразу пачынаюць пад яго капаць; паступова ўсплывае, што які-небудзь сябра яму даваў грошы на перадвыбарную кампанію. Аднак так, каб па сямейнай лініі кагосьці цягнулі — то не. Там жа ўсё на віду, табе неадкладна гэта прыгадаюць, і доўга на пасадзе не затрымаесься. Можна, канечне, сына ці дачку кудысьці ўладкаваць на добрую пасаду, але не ва ўладу. Прыкладам, парэкамэндаваць сваяка свайму сябру на прыбытковае месца — маўляў, вазьмі майго сына да сябе маркетынгам займацца. Натуральна, што ў сына будзе і адукацыя, і ўсё для працы неабходнае. Але ніяк ня ў Кнэсэт. Пра сыноў таго ж Арыэля Шарона нешта казалі, але не ў прывязцы да ўлады”.

Ізраільскія палітыкі раз-пораз адзначаюцца подзьвігамі на любоўным фронце, але калі гэта выходзіць на сьвятло, то азначае канец палітычнай кар’еры. Нядаўнія прыклады — сэксуальныя скандалы з удзелам экс-прэзыдэнта Машэ Кацава і міністра юстыцыі Хаіма Рамона, найбліжэйшага саюзьніка прэм’ер-міністра Эхуда Ольмэрта. Праўда, самы знакаміты сэкс-скандал разгарэўся на амэрыканскім кантынэнце, пасьля чаго практыкантка Моніка Левінскі праславілася ня менш, чым яе палюбоўнік Біл Клінтан. Дарэчы, сёлета жонка Клінтана, сэнатарка Хілары Клінтан намагалася паўтарыць подзьвіг Бушаў і даць Амэрыцы двух прэзыдэнтаў з адной сям’і.

Сваяцтва ў палітыцы мае і стратэгічнае значэньне. Так, у часы прэзыдэнцтва ў Югаславіі Слабадана Мілошавіча ягоны брат Барыслаў быў галоўным “сувязным” паміж Бялградам і Масквой. Па сутнасьці, на пасадзе кіраўніка югаслаўскай дыпмісіі ў Расеі ён падаграваў антынатаўскія настроі ў славянскім сьвеце. А часам братэрства набывае анэкдатычныя формы. Пасьля таго як вышэйшыя пасады ў Польшчы перайшлі да братоў-блізьнюкоў Качыньскіх (Лех — прэзыдэнт і Яраслаў — прэм’ер) — з палякаў у Эўропе пачалі непрыхавана кпіць. Толькі пасьля сыходу Яраслава з пасады прэм’ер-міністра жарсьці крыху астылі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG