Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да рэгіёнаў “лібэралізацыя” не дайшла


На форуме “Асамблея няўрадавых арганізацыяў і ініцыятываў”.
На форуме “Асамблея няўрадавых арганізацыяў і ініцыятываў”.

У Менску сёньня пачалася Асамблея няўрадавых арганізацыяў і ініцыятываў. Гэта ўжо шосты такі форум. Апошні раз асамблея, заснаваная ў 1997 годзе, зьбіралася ў 2004-м. У сёлетнім форуме бяруць удзел больш за 200 дэлегатаў.

Старшыня рабочай групы асамблеі Сяргей Мацкевіч, зь якім я размаўляў літаральна за пяць хвілінаў да пачатку паседжаньня, падкрэсьлівае: гэты сход праводзіцца ў надзвычай важны час, які можа стаць “пэўнай адлігай у беларускім грамадзтве”:

“Сапраўды, 5 гадоў — гэта вельмі вялікі тэрмін. І мы шмат што хавалі ў сабе, не маглі гэта шырока абмеркаваць. Але цяпер, я думаю, момант вельмі пасуе, і перамены магчымыя. І грамадзкі сэктар павінен уплываць на сытуацыю. Мы запрашалі праз кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта ягоных прадстаўнікоў на наш форум. Але пакуль пісьмовага адказу мы ня маем. Можа, яны непасрэдна прыйдуць на мерапрыемства”.

Аднак нікога з адміністрацыі сёньня ў залі відаць не было.

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч зьвяртае ўвагу на непасьлядоўнасьць дзеяньняў беларускіх уладаў:

“Гэта палітыка: крок — наперад, два — назад. І сёньня мы нават ня можам параўноўваць гэтую так званую лібэралізацыю з хрушчоўскай адлігаю альбо з гарбачоўскай перабудоваю. Таму што тыя працэсы былі афіцыйна абвешчаныя. І на іх можна было спасылацца. І да гэтага можна было апэляваць.

А ў нас на сёньня гэта ня толькі касмэтычныя, дэкаратыўныя зьмены, якія, хутчэй, маюць піяраўскую каштоўнасьць для Захаду. Галоўнае, што гэта ніяк афіцыйна не абвешчана. Не сказана, што мы мяняем кірунак, што мы да яго ідзем“.

А ці адчуваецца так званая лібэралізацыя за межамі Менску? З гэтым пытаньнем зьвяртаюся да дэлегата форуму — Алеся Зарэмбюка з Мастоў:

“Я вырашыў скарыстаць гэты момант, бо невядома, колькі ён будзе працягвацца і калі скончыцца. І зьвярнуўся ў Мастоўскі райвыканкам, каб яны далі нам юрыдычны адрас для рэгістрацыі грамадзкай арганізацыі “За эўрапейскую Мастоўшчыну”. Мне даслалі адпіску — месцаў пакуль няма.

Пасьля была прапанова ў райвыканкам правесьці пікет супраць падвышэньня коштаў на жыльлёва-камунальныя паслугі. Яны адказалі, што ня могуць даць дазвол. І трэцяе — я зьвярнуўся да спадара Шыфарэвіча, старшыні райвыканкаму, каб зрабіць у Мастах раённую раду, накшталт той, якую стварылі пра адміністрацыі прэзыдэнта. На гэта старшыня райвыканкаму адказаў вельмі ляканічна: “Стварэньне грамадзка-кансультатыўнай рады пры Мастоўскім райвыканкае не плянуецца”.

Вінцук Вячорка, адзін з заснавальнікаў асамблеі, сёньня адзначыў, што яна непаўторная паводле свайго геаграфічнага дыяпазону, разнастайнасьці і колькасьці чальцоў. І сапраўды, асамблея аб’ядноўвае каля трох тысячаў няўрадавых арганізацыяў ды ініцыятываў.

Асамблея працягне сваю працу 7 сакавіка.




Фотарэпартаж

Стэфан Эрыксан


Аляксандар Мілінкевіч


Вінцук Вячорка




Гутарка ў кулюарах. Справа — Валянцін Стэфановіч


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG