Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хай 8 сакавіка застаецца днём тульпанаў і жаночых усьмешак”


Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – паэтка і бард Лера Сом. Яна сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, адна з кіраўнікоў полацкага літаратурнага аб'яднаньня «Наддзьвіньне». На яе творчым рахунку кнігі “Блюз каралеўскае кухні”, “Адзінокая зорка”, “Там, на небе”, “Свабода Слова Зіма”. Нядаўна ў выдавецтве “Логвінаў” выйшаў пяты зборнік Леры “Каралева прыйдзе ноччу: вершы пра каханьне”. Скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага пэдінстытуту і філфак БДУ. Працуе выкладчыцай маляваньня і беларускай мовы і літаратуры ў Полацкай сярэдняй школе №. 5. Сябра сойму Партыі БНФ. Сёньня Лера Сом расказвае, як ставіцца да сьвяткаваньня 8 Сакавіка.


– Сьвята тульпанаў і мімозы…

– А як ты ставісься да 8 сакавіка? – запыталіся ў мяне, калі я сказала, што не сьвяткую 23 лютага.

– Спакойна.

А пасьля задумалася.

З аднаго боку, яно мне не падабаецца, як ўсе астатнія саўковыя сьвяты – 7 лістапада, 1 і 9 траўня…

Занадта многа было ідэалягічна вытрыманых віншаваньняў і паходаў на ненавісныя мне дэманстрацыі. З другога – працягваю з году ў год віншаваць зь ім маці, сястру і сябровак.

Таму што прыемна ім.

Таму што прыемна мне.

Таму што раз на год ёсьць пэўны шанец атрымаць кветкі (ну не трапляліся мне гжэчныя кавалеры, якія цягалі букеты на спатканьні!)

Таму што ніводная з маіх знаёмых жанчын не адмовіцца ад гэтага сьвята.

У дзяцінстве сьвяты не разумееш, а пераймаеш, не пытаючыся, што сьвяткуецца і чаму.

Ёсць дадзенасьць: 8 сакавіка трэба набыць маме першыя тульпаны за тры рубялі, якія цярпліва зьбіраюцца з грошай на школьныя сьняданкі ці выпрошваюцца ў бабулі.

У незаможных сем’ях, да якіх належала і наша, падарункі звычайна практычныя, і абсалютна непрактычныя тульпаны, якія хутка завянуць, успрымаліся як раскоша.

Але можа менавіта таму яны абавязкова давалі адчуваньне сьвята – як ялінка на Новы год.

Чамусьці менавіта тульпаны разам зь мімозай сталіся своеасаблівым сымбалем 8 сакавіка.

Праўда, для мяне мімоза недзе да пачатку 1990-х заставалася віртуальнай кветкай – раней паўднёвыя сэзонныя гандляры не давозілі яе да Полацку. Жывая мімоза аказалася значна прасьцейшай за свае фатаграфічныя ўвасабленьні, затое доўга стаяла і пасыпала стол жоўценькім пылком.

А на тульпаны пасьля сьвяточнай даты рэзка падалі кошты, і раз на тыдзень можна было выбраць сабе некалькі кветак з тоўстым сьцяблом – ці то каб працягнуць адчуваньне мінулага ўжо сьвята, ці то каб нагадаць сабе, што ты – жанчына, і табе падабаюцца ўсялякія кветкі, акрамя жоўтых.

Хай 8 сакавіка застаецца сьвятам і надалей – ня дзеля гендэрнай роўнасьці і грамадзянскіх правоў, а дзеля тульпанаў, мімозы і шчасьлівых жаночых усьмешак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG