Грамадзкі рэдактар тыдня Лера Сом разважае пра платныя паслугі ў школе.
– Калісьці ў Савецкім Саюзе не было сэксу. А цяпер ў Беларусі нібыта няма фінансавага крызісу.
Аднак імкненьне дзяржавы залезьці ў кішэню да шараговага грамадзяніна робіцца ўсё больш і больш нястрыманым.
Чарговы варыянт дзяржаўнага рабунку датычыць катэгорыі насельніцтва, якая сама яшчэ не зарабляе грошы, але на якой вельмі лёгка можна зарабіць – школьнікаў.
Яшчэ зь мінулага году ўсім без выключэньня школам рэспублікі даведзеныя пляны па аказаньні платных паслугаў. Канкрэтная сума для кожнай залежыць ад колькасьці вучняў.
Школы прымушаныя арганізоўваць платныя гурткі па самых розных накірунках – ад фізкультурных сэкцый да кампутарных клюбаў, каб хоць неяк зацікавіць вучняў і іх бацькоў.
Заўважу, што платныя навучальныя гурткі там не зьяўляюцца танным (2 000 беларускіх рублёў за 45-хвілінныя заняткі) эквівалентам рэпетытарскіх паслугаў – заняткі праходзяць не індывідуальна, а ў групе, часта дастаткова мнагалюднай. Да таго ж, многія бацькі ў сувязі з агульнай сытуацыяй у краіне ня ў стане выдаткаваць зь сямейнага бюджэту і гэтыя невялікія грошы.
Аднак гарана цісьне на адміністрацыю, адміністрацыя – на клясных кіраўнікоў, а тыя, у сваю чаргу, на бацькоў. Платныя паслугі раптоўна сталіся самай важнай праблемай у сыстэме адукацыі – менавіта з нагоды недавыкананьня пляну па іх найчасьцей, ці ня кожны тыдзень, зьбіраюцца нарады і паседжаньні.
І ніхто чамусьці не задае самыя звычайныя пытаньні – чаму бюджэтныя па самой сваёй прыродзе арганізацыі павінны зарабляць грошы?
Чаму і без таго гружаныя-перагружаныя вучні павінны траціць свой час на дадатковыя заняткі, да якіх у іх найчасьцей няма ніякай цікавасьці?
Чаму дзяржава чарговы раз вырашае ўласныя праблемы за кошт грамадзян, якія і без таго заплацілі падаткі і маюць гарантаванае Канстытуцыяй права на бясплатнае навучаньне сваіх дзяцей?