– Люблю Менск.
Нягледзячы ні-на-што!
Як кажуць, дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Гэта – мой горад.
Часам патрапляю ў яго, як у чорную дзюру. А часам лячу па яго паверхні зь незвычайнай лёгкасьцю.
І ўсё ж бачу, адчуваю: Менску неабходна нарэшце прачнуцца!
Страсянуць зь сябе каменнае здраньцьвеньне, умураванае ў сьцены будынкаў чужымі рукамі.
Горад неабходна запаляніць музыкай. Вызваліць яе з падземных пераходаў – хай бы толькі файнай музыкай!
А ячшэ – прыцішыць шумавы гармідар у кавярнях. Дзе яшчэ не зразумелі: патрэбна чуць чалавечы голас насупраць.
Не ганяць бабулек з жывымі садовымі кветкамі. Бо яны сапраўды яшчэ нейкі час цешаць. У адрозьненьне ад пампэзных галяндзкіх букетаў бяз водару.
Перастаць утрапёна месьці восеньскую лістоту з вуліц.
…Як жа хочацца растрэсьці горад! Зьняць зь яго фармулярную апранаху. Паглядзець: на што ён здатны? Што ў яго ўрэшце ўнутры?
Абудзіць яго ад імпэрскага сну.
Нават ангельскія фанаты, што запрудзілі яго цёплым сонечным восеньскім днём, толькі трошку страсянулі тое соннае цела.
Сюды трэба было б бразыльскі карнавал! Сюды – на наш прашпэкт.
Каб і мы павясяліліся разам зь імі. Толькі шчыра павясяліліся.
А гэта – заўсёды дарэчы. І заўсёды – да лепшага.