Вольга Бабкова, фота nn.by
Вольга нарадзілася ў Менску, закончыла гістфак БДУ. Усё сваё жыцьцё працуе ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Займаецца позьнім сярэднявеччам — XVI—XVII стагодзьдзямі. Cёньня спадарыня Бабкова дзеліцца са слухачамі “Свабоды” сваімі рэфлексіямі з нагоды Дзядоў.
“У архівістаў ёсьць сваё прафэсійнае сьвята, яно прыпадае на пачатак кастрычніка. Але ж перакананая: насамрэч ім ёсьць Дзяды.
Бо штодня мы маем справу зь ценямі тых людзей, якія жылі на гэтай зямлі раней за нас. Ад многіх зь іх не засталося нават надмагільных камянёў. Але ёсьць імёны, запісаныя ў старых дакумэнтах.
У пэўнай ступені мы займаемся ўваскрашэньнем людзей. Падзей… Навошта? Можа, каб хаця б трошку больш зразумець саміх сябе? Напэўна, гэта марнае спадзяваньне…
Але ж ёсьць магчымасьць зразумець, намацаць традыцыю, увачавідкі ўбачыць момант яе страты і паўставаньня чагосьці новага — пустак у гісторыі наагул не бывае. Дзе жыве чалавек, там ёсьць і гісторыя. Ня толькі краіны, гораду, вёскі, сям’і… А нават рэчаў, якія чалавека атачаюць: напрыклад, гісторыя гузіка ці гісторыя парасону.
Іншая справа — шукаць адказ на пытаньне: чаму мы такія, якія мы ёсьць?
Якім такім ветрам гісторыі прыбівае нас да нашай зямлі?
Польскі калега ў Варшаве запытаўся ў мяне: куды еду на Дзень задушны?
То бок не пытаньне, ці еду я ўвогуле — праблемы, ехаць ці ня ехаць, для паляка ці літоўца ў гэтай сытуацыі проста не паўстае!
А паміж гэтымі асьветленымі землямі — наша, дзе толькі там-сям паасобку, пэўна, будзе заўважана запаленае сьвятло…
Дзьве зямлі са шматлікімі асьветленымі выспамі ў тых месцах, дзе ёсьць могілкі…
А паміж гэтымі асьветленымі землямі — наша, дзе толькі там-сям паасобку, пэўна, будзе заўважана запаленае сьвятло…
Але ж нашыя продкі нікуды ад нас не сышлі. Яны ня просяцца на пастамэнты гранітныя — гэта дакладна.
Калі б у іх была мажлівасьць штосьці сказаць, прамовіць нам, яны б, напэўна, толькі папярэдзілі, каб мы не паўтаралі іхных памылак. Каб мы цанілі кожнае імгненьне насамрэч кароткага жыцьця. І пражывалі яго адно прыстойна і высакародна”.