Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Бабкова: “А ля Багны Нікчэмнай жыў Грышка Палубесак”


Вольга Бабкова, фота nn.by
Вольга Бабкова, фота nn.by

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня — архівіст Вольга Бабкова. Cёньня спадарыня Бабкова расказвае слухачам “Свабоды” пра свае ўражаньні, зьвязаныя з імёнамі, якія знайшла ў дакумэнтах шаснаццатага стагодзьдзя.


“Чалавек суіснаваў у прасторы разам зь безьліччу нежывых рэчаў. Саграваў іх сваёй прысутнасьцю, надаваў усяму знаёмаму і незнаёмаму ня назвы, а — менавіта імёны.

Чалавек выяўляў праз гэта сваё асабістае стаўленьне да навакольнага сьвету, пашыраючы навонкі ўласныя міты. Ён нібыта ўтвараў праз гэта своеасаблівы “зачур”, каб схавацца ад неабдымнасьці, невядомасьці, а часам — варожасьці навакольнага сьвету.

Для большасьці сярэднявечных людзей жыцьцё абмяжоўвалася палоскай лесу на краяглядзе. Цёмныя нетры яго ажыўляліся, саграваліся, рабіліся фактам чалавечай гісторыі праз імёны, якія надаваліся ўсялякаму прыроднаму знаку — кавалку зямлі, нават берагу ракі, які быў адрозны ад іншага.

Калі гэта было балота, дык — Дзікае, Крывое, Шырокае, Мышонае, Ваўчынае, Зачалае, Белае, Савінае, Кажанскае, Кісьлінае…

Калі лог, дык — Бабровы, Вялікі, Глыбокі, Каменны, Срэбны…

Калі ж урочышча, дык — Бабіна вада, Бугрыная гара, Воранава, Жабавода, Кажушок, Лыжанос, Пад Дубам-Чарнасьнетам, Багна Нікчэмная…

Імя ж чалавека, запісанае ў старым дакумэнце, — часьцяком адзінае сьведчаньне пра тое, што чалавек быў: думаў, да нечага імкнуўся.

Яно нясе эмацыйную інфармацыю пра мінуўшчыну, насычае тэкст неўміручай прысутнасьцю духа жывога.

Толькі ўслухайцеся, як гучалі імёны нашых продкаў: Себасьцян Спадоба, Апанас Перапеча, Стэфан Шчодра, Юшка Літвін, Рыгор Бліскаўка, Ян Курапат, Грышка Палубесак, Засей Зелянуха, Янка Ліхі, Грышка Цудны, Каспар Непітушчы, Лаўрын Перавянка, Ждан Золата, Федар Клюйвада, Марцін Магілка, Ананя Падводны, Яська Лунь, Жыгімонт Славенскі, Марка Пушчэльнік, Ян Даждзьбогавіч, Матвей Ведніч, Цішка Далакоп…

Гэтыя імёны гучаць, і я сапраўды бачу твары канкрэтных людзей, я чую іх, нібы старадаўнюю музыку…”

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня — архівіст Вольга Бабкова. Крытыкі называюць яе самым паэтычным гісторыкам сучаснасьці. Яяна хоча яшчэ раз нагадаць: гісторыя Беларусі пачалася зусім ня з 1917 году.

Вольга нарадзілася ў Менску, скончыла гістфак БДУ. Усё сваё жыцьцё працуе ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Займаецца позьнім сярэднявеччам.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG