– Вольга, вы зараз у Варшаве – што там робіце?
– Прыехала працаваць у Архіў старажытных актаў – славутая інстытуцыя, вядомая для практычна ўсіх эўрапейцаў, якія цікавяцца гісторыяй. І я гартаю там архівы Радзівілаў. Пасьля выходжу на варшаўскую вуліцу – а тут такая восень! І ўвогуле Варшава для мяне проста… проста… ну, ад яе можна ашалець!
Проста неверагодныя людзі… А пасьля зноў вяртаюся ў архіў і чытаю пра людзей, якіх ужо няма на сьвеце… Аднак смутку ў душы чамусьці няма! Таму што ўсё вельмі плыткае і такое жывое…
– Вольга, а пра сябе раскажыце – напрыклад, ці абараніліся?
– Я – гісторык-архівіст. І па шчырасьці, упарта не хачу быць навукоўцам. Бачу гісторыю хутчэй празь літаратуру. Рэчы, якія імкнуся пісаць, пра якія штосьці думаю, яны хутчэй набліжаныя да гістарычных, як кажу, эсэяў.
Разумееце, часам жыцьцё немажліва вызначыць тэрміналягічна, і таму вельмі часта хочацца казаць жывой мовай. Найперш за людзей, каторыя пра сябе ўжо ня скажуць.
– Ваш архівісцкі стаж немалы?
– Ой: больш за дваццаць гадоў… Праца такая дастаткова містычная. Таму што мы практычна ажыўляем людзей, ад якіх ўжо не засталося нават надгробкаў. І гэта накладвае пэўны абавязак.
– А вам больш падабаецца працаваць з архіўнымі матэрыяламі, завязанымі на выбітных асобаў Беларусі, Рэчы Паспалітай, Вялікага княства, або звычайных шарагоўцаў, звычайных месьцічаў, гараджанаў?
– Людзі – яны ўсе людзі: што канцлеры, што якія-небудзь возьнікі ці цэхмістры. Але мая спэцыфіка – працаваць з дакумэнтамі самых простых людзей. Якія пасьля сябе па вялікім рахунку архіўных дакумэнтаў не пакідаюць. Пра іх адно толькі можна чытаць у судовых кнігах. Што цікава, іхныя галасы там абсалютна дакладна чутны. Бо часам яны там натуюцца амаль да драбніцаў простай мовы. І ты бачыш тое размаітае жыцьцё праз самыя розныя згадкі. Нават празь імёны. Ці праз апісаньне вопраткі або начыньня ў якой карчме…
Тое даўняе жыцьцё перад маімі ў прыватнасьці вачыма прадстае менавіта праз вось гэтыя фрагмэнты. Жыцьцё вышэй нейкіх значных фактаў, хаця зь іх і складаецца…
Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – архівіст Вольга Бабкова. Крытыкі называюць яе самым паэтычным гісторыкам сучаснасьці. Напярэдадні Кастрычніка, яна хоча яшчэ раз нагадаць: гісторыя Беларусі пачалася зусім ня з 1917 году.
Вольга нарадзілася ў Менску, закончыла гістфак БДУ. Усё сваё жыцьцё працуе ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Займаецца позьнім сярэднявеччам – XVI-XVII стагодзьдзямі.