У панядзелак Аляксандар Лукашэнка правёў нараду па пытаньнях выбарчай кампаніі. Што хацеў давесьці кіраўнік дзяржавы мясцовай вэртыкалі, старшыням выбарчых камісій? Ці сапраўды гэтым разам выбарчыя камісіі паставіліся да кандыдатаў у дэпутаты больш ляяльна, чым падчас мінулых выбараў? З дапамогаю якога мэханізму ўлады зьбіраюцца дасягнуць патрэбных ім вынікаў галасаваньня?
Удзельнікі: сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу ад Партыі БНФ Галіна Сямдзянава і віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі.
Што хацеў давесьці Лукашэнка мясцовай вэртыкалі?
Валер Карбалевіч: “Выступаючы на ўчорашняй нарадзе, Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліваў, што выканаўчая ўлада ня ўмешваецца ў выбарчы працэс, ён праходзіць у адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам. Тады ўзьнікае пытаньне: навошта спатрэбілася гэтая нарада па выбарах? Што хацеў давесьці Лукашэнка мясцовай вэртыкалі, кіраўнікам выбарчых камісій?”
Галіна Сямдзянава: “Найперш трэба зьвярнуць увагу на тое, што Лукашэнка сказаў у канцы нарады, калі адзначыў, што назіральнікам умешвацца ў працу выбарчых камісій ня будзе дазволена. То бок ён баіцца, што назіральнікі будуць пратэставаць супраць парушэньня выбарчага закону. Таксама Лукашэнка баіцца, што людзі будуць абураныя гэтымі парушэньнямі і выйдуць на плошчу.
Вось нас, сябраў Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу, на гэтую нараду не запрасілі. З гэтага можна выснаваць, што там абмяркоўваліся рэчы, даваліся ўказаньні, пра якія не павінна ведаць грамадзкасьць”.
Алесь Бяляцкі: “Лукашэнка даслаў сыгнал мясцовай вэртыкалі, кіраўнікам выбарчых камісій усіх узроўняў, што кантроль выканаўчай улады за выбарчым працэсам захаваецца да самага канца выбараў. А назіральнікам адводзіцца роля статыстаў”.
Ці паставіліся выбарчыя камісіі да кандыдатаў больш ляяльна?
Карбалевіч: “Лукашэнка, выступаючы на нарадзе, адзначыў, што гэтым разам выбарчыя камісіі паставіліся да кандыдатаў у дэпутаты больш ляяльна, чым падчас мінулых выбараў. Ці сапраўды гэта так?”
Галіна Сямдзянава
Бяляцкі: “30% кандыдатаў ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў і Эўрапейскай кааліцыі не былі зарэгістраваныя, прычым большая частка — на фармальных падставах. Гэта вялікі працэнт.
У выніку колькасьць кандыдатаў выявілася як ніколі нізкая: 2,5 кандыдаты на адно месца. А 15 акругаў — безальтэрнатыўныя, там ідзе толькі кандыдат ад улады.
Хоць кіраўнік дзяржавы заявіў, што няма ніякага сьпісу кандыдатаў Лукашэнкі, але я заяўляю, што такі сьпіс кандыдатаў ад улады ёсьць. І ўвесь адміністратыўны рэсурс накіраваны на падтрымку гэтых кандыдатаў.
У адрозьненьне ад папярэдніх выбараў, калі падчас агітацыйнай кампаніі выбарчыя камісіі зьнялі з выбараў некалькі дзясяткаў кандыдатаў, цяпер не зьнялі ніводнага. Гэта тлумачыцца тым, што ўлады спалохаліся вялікай колькасьці безальтэрнатыўных акругаў. І гэта магло падважыць легітымнасьць гэтых выбараў, якія ператварыліся б у савецкі фарс.
Ня думаю, што ў апошні дзень працэс падліку галасоў будзе больш празрыстым, чым на папярэдніх выбарах. Назіральнікі будуць адхілены ад працэсу назіраньня за падлікам галасоў”.
Акцэнт на датэрміновае галасаваньне
Карбалевіч: “Гэтая нарада ў Лукашэнкі і камэнтары ў перадачы “Панарама” Беларускага тэлебачаньня дазваляюць зрабіць выснову наконт мэханізму атрыманьня ўладамі патрэбнага выніку. Здаецца, акцэнт будзе зроблены на датэрміновае галасаваньне. Калі датэрмінова прагаласуюць 20% выбаршчыкаў у акрузе, — а іх галасы, як правіла, заўсёды атрымліваюцца на карысьць
Калі скрыню з датэрміновым галасаваньнем вываліць у агульную кучу, то ўвогуле цяжка будзе знайсьці доказы фальшаваньня.
Невыпадкова ў той жа перадачы такі моцны акцэнт быў зроблены на тым, што датэрміновае галасаваньне існуе ва ўсім сьвеце, вось, напрыклад, у ЗША ўжо пачалося датэрміновае галасаваньне па выбарах прэзыдэнта. А як вам бачыцца мэханізм галасаваньня?”
Мэханізмы фальсыфікацыі
Сямдзянава: “Выбарчы кодэкс прадугледжвае, што выбарчыя скрыні павінны адчыняцца і лічыцца па чарзе. Скрыню з датэрміновым галасаваньнем — асобна, скрыню з галасаваньнем дома — асобна. Іх нельга ўкідаць у агульную кучу бюлетэняў.
Я згодная з тым, што датэрміновае галасаваньне — гэта асноўны мэханізм фальсыфікацый. На карысьць гэтага сьведчыць і агітацыя. Тры месяцы мы ня чулі з афіцыйных крыніц, што ў нас адбываюцца выбары. А цяпер пра датэрміновае галасаваньне нагадваюць нават у грамадзкім транспарце. Ужо сёньня да мяне паступае інфармацыя з розных месцаў, што студэнтаў цэлымі групамі гоняць галасаваць датэрмінова.
Але гэта не адзіны мэханізм фальсыфікацыі. Ёсьць інфармацыя, што сябрам выбарчых камісій дадзена каманда пры ўдакладненьні сьпісу выбаршчыкаў выкрэсьліваць як мага больш людзей, напрыклад, тых, хто не адчыніў дзьверы ці сказаў, што ня хоча галасаваць. Гэтым маніпуляваньнем будзе забясьпечана неабходная яўка ў 50%. Цікава, што сьпісы выбаршчыкаў засакрэчаныя.
Яшчэ адзін момант. Цэнтральная выбарчая камісія прыняла рашэньне, што дакумэнтам для галасаваньня можа служыць ня толькі пашпарт, але і пэнсійнае пасьведчаньне, студэнцкі білет, правы кіроўцы аўтамабіля. А ў гэтых дакумэнтах не зафіксавана, ці зьяўляецца чалавек грамадзянінам Беларусі. У выніку — могуць галасаваць і не грамадзяне краіны. З улікам таго, што ў Менску шмат жыльля будуюць расейцы, гэты чыньнік можа мець уплыў пры выбарах у некаторых акругах”.
“Лінія Лукашэнкі”
Бяляцкі: “Сапраўды момант лаўленьня за руку пры фальсыфікацыях знайсьці не атрымліваецца. Ёсьць некалькі засадаў, акопаў, якія ўлады вырылі, каб не дапусьціць непажаданых кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў.
Найперш, выбарчыя камісіі ствараюцца з надзейных людзей. Толькі 0,07% прадстаўнікоў апазыцыі дапусьцілі ва ўчастковыя камісіі. І гэта невыпадкова.
На мінулых выбарах у датэрміновым галасаваньні ўдзельнічала каля 30% выбаршчыкаў. Гэта ўсе супрацоўнікі міліцыі, вайскоўцы, большасьць студэнтаў, значная колькасьць — работнікі дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў. Яны робяць гэта ў добраахвотна-прымусовым парадку. 30% — гэта чорная дзірка, гэта залаты запас аўтарытарнага рэжыму, гэта тая колькасьць галасоў, якія маюць кандыдаты ад улады перад апошнім днём выбараў.
І непасрэдна ў дзень выбараў назіральнікам не дазваляюць назіраць за падлікам галасоў. Гэта чарговы бар’ер, які стварылі ўлады. У суме ўсе гэтыя мэтады даюць уладам 100% упэўненасьць у выніках выбараў. Створана такая “лінія Лукашэнкі”, якую пераскочыць незалежнаму ад уладаў кандыдату немагчыма. Таму, думаю, будзе выкарыстаны той жа мэханізм, які выкарыстоўваўся на папярэдніх выбарах”.