Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нас падманваюць і пры гэтым спасылаюцца на грамадзкую думку...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 17 верасьня 2008 году


Ці застаюцца шанцы на тое, што парлямэнцкія выбары, прызначаныя на 28 верасьня, будуць дэмакратычнымі і справядлівымі; што Палата прадстаўнікоў перастане быць паслухмяным дадаткам да прэзыдэнцкай адміністрацыі, які дагэтуль па ўсіх пытаньнях выказваўся аднагалосна ці амаль аднагалосна?

Адказы на гэтыя пытаньні шукаюць многія нашы слухачы. Сваімі меркаваньнямі, здагадкамі, прагнозамі яны дзеляцца ў лістах на “Свабоду”. Вось што піша з нагоды набліжэньня выбараў наш даўні сябар Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну:

“Упэўнены, што кандыдатам ад дэмакратычных сілаў неабходна зьняць свае кандыдатуры, каб ня быць удзельнікамі легітымізацыі гэтага так званага “парлямэнту”.

Адметны момант — тое, што ў выбарах адмовіўся ўдзельнічаць Сяргей Гайдукевіч разам са сваёй партыяй. Хацелася б пачуць меркаваньне аналітыкаў Свабоды: чаму так адбылося? Я думаю, прычына ў тым, што яму “зьверху” дадзена такая каманда. Патрэба ў гайдукевіцкай партыі як зручнай “кішэннай” апазыцыі адпала. У Палаце прадстаўнікоў, хутчэй за ўсё, будзе стварацца магутная праўладная партыя кшталту пуцінскай “Адзінай Расеі”. Зрэшты, на сваіх высновах я не настойваю”,
— напісаў у лісьце на “Свабоду” Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну.

Гэтай тэме, спадар Валошка, мы аддавалі нямала ўвагі ў мінулым ліпені, калі зьявілася навіна пра няўдзел у выбарах лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча. Гучалі і думкі экспэртаў, і пункт гледжаньня самога спадара Гайдукевіча, які, нагадаю, спаслаўся на тое, што яму і ягонай партыі неабходна засяродзіцца на падрыхтоўцы да больш значных, чым парлямэнцкія выбары, палітычных падзеяў.

Тэксты аналітычных праграмаў “Экспэртыза Свабоды” і “Праскі акцэнт”, прысьвечаных гэтай тэме, можна знайсьці ў нашым архіве на сайце Беларускай Свабоды.

На тэму выбараў выказваецца і яшчэ адзін наш сталы слухач і аўтар — Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Ён піша:

“Зьбіралі ў нас подпісы за вылучэньне кандыдата ад улады. Прыйшлі да маёй маці. Яна — непісьменная. Падала свой пашпарт, знайшла і мой. Зборшчыкі за яе падпісаліся самі ды яшчэ сказалі: “Як зьявіцца Павал, няхай падыдзе, расьпішацца”.

Уяўляю, які скандал разгарэўся б, калі б так паступілі апазыцыйныя актывісты.

Ведаю, што гэтак жа зьбіралі подпісы за вылучэньне праўладных кандыдатаў і ў іншых мясьцінах Беларусі. Падманваюць нас і пры гэтым яшчэ спасылаюцца на грамадзкую думку. Вось цяпер Казуліна ды іншых палітвязьняў выпусьцілі дзеля прыліку, кажуць, што і выбары будуць праводзіць сумленна. Усё дзеля таго, каб Захад прызнаў легітымнай Палату прадстаўнікоў”, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Сапраўды, ад таго, як будуць праведзены гэтыя выбары, у стасунках паміж Захадам і цяперашняй беларускай уладай залежыць вельмі многае. Пра тое, як вылучалі кандыдатаў, як фармавалі выбарчыя камісіі, як цяпер адбываецца агітацыйная кампанія, наша радыё на працягу апошніх месяцаў паведамляла і паведамляе часта. Ужо сёньня вядома: да падліку галасоў апазыцыя фактычна не дапушчана, ва ўчастковыя камісіі трапілі лічаныя яе прадстаўнікі. Ці магчыма ў такіх умовах разьлічваць на сумленныя і справядлівыя выбары? Напэўна, не. Хоць наўрад ці выпадае спадзявацца і на тое, што ўлада калі-небудзь сама створыць для сваіх апанэнтаў цяплічныя ўмовы і дазволіць ім бесьперашкодна заняць большасьць месцаў у парлямэнце.

Аўтарка наступнага ліста, Галіна Александроўская з Магілёву, выказваецца наконт наладжваньня дыялёгу паміж беларускай уладай і Захадам — пасьля таго як афіцыйны Менск пагадзіўся на вызваленьне палітвязьняў. Слухачка піша:

“Якім бы цьвёрдым сплавам ні здаваўся Лукашэнка, Захад пры вялікім жаданьні мог бы хутка яго расьціснуць. Усё залежыць, як у кузьні ад каваля — ад тэмпэратуры і сілы ўдару. Іншая справа, ці па-сапраўднаму хочуць гэтага Эўразьвяз ды Злучаныя Штаты?

Вось за вызваленьне Аляксандра Казуліна трэба нізка пакланіцца перад Захадам. Ня ласка Лукашэнкі вызваліла палітвязьня, а справядлівасьць і сіла праўды”,
— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Галіна Александроўская з Магілёву.

Можна прадоўжыць вашу, спадарыня Александроўская, аналёгію з кавалём і кавалкам мэталу. Вось разьлічыць малатабойца тэмпэратуру і сілу ўдару няправільна, перастараецца — і ўся работа пойдзе ў лом. А ў цярплівага і здольнага нават самы цьвёрды мэтал ператвараецца ў падатлівую загатоўку, і ўрэшце — набывае тую форму і якасьць, якія патрэбны майстру.

У адным зь нядаўніх аглядаў пошты прагучалі лісты Мікалая Бусела з Дубровы і Мікалая Куксо з Івянца пра лёс калгаснай вёскі, пра тое, як жывуць сёньня вясковыя жыхары, пра што гавораць і думаюць. Пачуўшы гэтыя развагі, наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў распавёў пра жыцьцё аднаго свайго даўняга знаёмца — трактарыста Мікалая зь Мёрскага раёну, якога ён, як адзначае ў лісьце, паважае “за розум, за абыякавасьць да моцных напояў, за роўныя, спакойныя ўзаемаадносіны ў сям’і, за прагу ведаў”. У Мікалая дзьве дачкі, жонка і немалая ўласная гаспадарка.

Яму 45 год, абслугоўвае на трактары статак кароў, якія ўсё лета пасуцца ў полі. Выяжджае з дому а чацьвертай гадзіне раніцы, падвозіць даярак, дастаўляе ваду, а дамоў з працы вяртаецца не раней як а восьмай вечара. У сваім лісьце Кастусь Сырэль гэтак пераказвае сваю размову зь Мікалаем:

“Кажу яму: “Дык атрымліваецца, што ты ад чатырох раніцы да васьмі вечара працуеш? Можа, яшчэ і без выходных?”

—Так, без выходных. Дык ты ж яшчэ дадай, што ў мяне сваіх дзьве каровы, ды цялушка, ды сьвіньні, ды куры. Яшчэ й трусоў трымаю. Ды гароду гектар. Сена каровам на зіму нарыхтаваць трэба — спраў вышэй галавы. Я што, набыў бы для дзяцей кампутар за палучку, ці шклопакеты ў хаце паставіў бы?

— Коля, ня вытрымаеш, здароўе падарвеш. Немагчыма столькі працаваць. А што, у дзьве зьмены няма як працу арганізаваць?

— Людзей няма. Няма каму працаваць. Нічога, вытрымаю. Хутка на двухразовае даеньне пераходзім — дзень ужо малы робіцца. Тады лягчэй будзе.

Далей Кастусь Сырэль піша, што адказаў трактарыст Мікалай на пытаньне пра аграгарадкі ды дэкляраванае ўладай адраджэньне вёскі:

“Ды няма ніякага адраджэньня. Гэта ўсё байкі для гарадзкіх. Некалькі гаспадарак арганізавалі, каб было што па тэлевізары паказаць. І аграгарадкі гэтыя нікому не патрэбныя. Плот жалезабэтонны паставяць, пафарбуюць, шыльду павесяць — вось і ўвесь аграгарадок. У нашай вёсцы ўсё было — і пральна-лазьневы камбінат, і кансэрвавы цэх, і вяндлярня, і быткамбінат — усё разрабавалі, адны сьцены стаяць. Абсталяваньне, мэблю — усё расьцягнулі, нават з падлогі дошкі павыдзіралі. У былой канторы калгаснай пару культработнікаў сядзяць — больш нікога няма. У школе вучняў трыццаць засталося, хутка і школу закрыюць.

— А прэзыдэнцкія дамкі як жа?

— А каму яны патрэбныя? Хто ў іх жыць будзе? Хіба моладзь сёньня згодзіцца працаваць ад чатырох раніцы да васьмі вечара без выходных за капейкі? Вунь стаяць тры дамы двухпавярховыя, на чатыры кватэры кожны. Іх жа нядаўна зусім будавалі. На тры дамы дзьве сям’і жывуць, у астатніх кватэрах нікога, нават шыбаў у некаторых вокнах ужо няма. Было да іх цэнтральнае ацяпленьне праведзена — абрэзалі, печкі паставілі — заўважыў, што коміны стаяць? А кватэры ж нядрэнныя, адрамантуй — і жыві. У вёсках, лічы, адны пэнсіянэры засталіся. Праз трыццаць год ад нашай вёскі ня будзе і знаку, дый ад навакольных вёсак таксама. Лес будзе тут расьці, хмызьняк і пустазельле. А ты кажаш — адраджэньне”.

Заканчвае Кастусь Сырэль свой ліст наступнымі высновамі (яшчэ адна цытата):

“Умее наша родная ўлада са звычайнай працы зрабіць, прабачце за таўталёгію, гераічны подзьвіг! Гэта, з майго пункту гледжаньня, сьведчыць пра элемэнтарную няздольнасьць арганізаваць у сельскай гаспадарцы нармальны вытворчы працэс. На маю думку, дык і арганізоўваць нічога ня трэба — дайце людзям свабоду, не перашкаджайце — яны самі ўсё арганізуюць аптымальным чынам. І подзьвігаў на жніве ці на пашы ніякіх ня трэба — трэба проста працаваць, як робяць у звычайных дэмакратычных краінах звычайныя людзі”, — так заканчвае свой ліст на “Свабоду” Кастусь Сырэль з Ушачаў.

Сапраўды, спадар Сырэль: пакуль ёсьць у вёсцы хоць адзін такі Мікалай — працавіты, старанны, непітушчы — яму б даць столькі зямлі, колькі можа апрацаваць, колькі ён захоча. І з тэхнікай бы дапамагчы, і з крэдытамі — на мінэральныя ўгнаеньні, на будаўніцтва, на насеньне.

Іншая справа, што ў тысячах беларускіх вёсак зрабіць гэта ўжо немагчыма: не засталося там ужо такіх Мікалаяў. Адны састарэлі, другія паўміралі, трэція падаліся ад калгаснай безвыходнасьці ў горад... Зарастаюць хмызам, ператвараюцца ў пустку тыя палі і сенажаці, якія палівалі сваім потам дзясяткі і сотні пакаленьняў беларускіх сялян.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG