Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна сарваць выбары?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды". Эфір 9 верасьня


15 кандыдатаў у дэпутаты, якія прадстаўляюць Партыю БНФ, аспрэчваюць рашэньне партыйнага сойму аб выхадзе з выбарчай кампаніі. Чым было выклікана гэтае рашэньне кіраўніцтва БНФ? Якім чынам апазыцыя можа дэлегітымізаваць выбары? Ці выканальныя заклікі аб зьняцьці з выбараў усіх апазыцыйных кандыдатаў?

Удзельнікі: намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч зь Менску і старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў са Шклова.

Чаму кіраўніцтва Партыі БНФ вырашыла сысьці з выбарчай кампаніі?

Валер Карбалевіч: “Чым бліжэй да даты выбараў, тым вастрэй у апазыцыйным асяродзьдзі ідзе дыскусія наконт далейшай тактыкі ў выбарчай кампаніі. 30 верасьня сойм Партыі БНФ прыняў рашэньне аб зьняцьці сваіх кандыдатаў з выбараў да 23 верасьня. 31 жніўня пашыраная Палітрада Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС) адклала рашэньне па гэтым пытаньні да наступнага паседжаньня. А вось сёньня зьявілася інфармацыя, што 15 з 16 кандыдатаў у дэпутаты, якія прадстаўляюць Партыю БНФ, выступілі з заявай, у якой аспрэчваюць рашэньне партыйнага сойму і выказваюць намер удзельнічаць у выбарчай кампаніі да самага канца, то бок да галасаваньня. Чым было выклікана гэтае рашэньне сойму?”

Віктар Івашкевіч: “Мэта любой партыі падчас выбараў — стварыць фракцыю ў парлямэнце. Мы лічылі, што стварэньне фракцыі Партыі БНФ было б на карысьць праграмным мэтам партыі. Яшчэ восеньню 2007 году мы вылучылі патрабаваньні да ўладаў: выпусьціць палітвязьняў і не саджаць новых, уключыць прадстаўнікоў БНФ у выбарчыя камісіі, зарэгістраваць вылучаных партыяй людзей кандыдатамі ў дэпутаты.

Мы меркавалі, што па 5—10 акругах мы зможам правесьці магутную выбарчую кампанію, і нашы сябры выбарчых камісій павінны былі гарантаваць сумленны падлік галасоў. Паколькі нашы патрабаваньні ня выкананы, то стаць дэпутатам можна толькі з ласкі Лукашэнкі.

Кажуць, што трэба выкарыстаць кампанію для агітацыі. Гэта так, але да 23 верасьня абсалютна дастаткова часу для такой агітацыі. А паколькі стварыць фракцыі ва ўмовах несвабодных выбараў немагчыма, то трэба сарваць выбары і патрабаваць правядзеньня новых, сапраўдных выбараў. Калі мы даможамся такіх выбараў, то і прэзыдэнцкія выбары 2010 году стануць рэальнымі”.

Ці можна сарваць выбары?

Карбалевіч: “Якім чынам сыход з кампаніі сябраў Партыі БНФ сарве выбары?”

Івашкевіч: “Гэта сарве прызнаньне гэтых выбараў дэмакратычнымі з боку ЗША і ЭЗ. Можна спрачацца, ці зьяўляюцца нашы дзеяньні дастаткова моцнымі, каб праламаць сытуацыю. Але ўдзел у выбарах да канца ніяк не ўплывае на палітычныя расклады пасьля 28 верасьня.

Камунікацыя з выбаршчыкамі падчас збору подпісаў пераканала мяне, што мінімум палова людзей варожа ставяцца да гэтых выбараў. Народны пратэст скіраваны і супраць улады, і супраць апазыцыі.

Легітымізацыя рэжыму трымаецца не на прызнаньні дэмакратычнасьці гэтых выбараў з боку электарату. Бо няма ні электарату, ні выбараў. Рэжым трывалы настолькі, наколькі ён можа плаціць заробкі, пэнсіі, стрымліваць цэны.

Але ёсьць вонкавы ўплыў на ўнутраную сытуацыю. Таму што ад вынікаў выбараў залежыць, ці здымаецца зь Беларусі шыльда “апошняя дыктатура Эўропы”. А гэтая шыльда перашкаджае прыходу інвэстыцый у краіну. Непрызнаньне выбараў і новага складу Палаты прадстаўнікоў абразае значныя фінансавыя магчымасьці рэжыму. А гэта, у сваю чаргу, будзе уплываць і на ўнутраную легітымнасьць”.

Кастусёў: “Трэба працаваць з насельніцтвам”

Рыгор Кастусёў: “Пра ідэю зьняцьця нашых кандыдатаў я пачуў за дзень да рашэньня сойму. Прычым за сыход з кампаніі ў большасьці галасавалі тыя сябры сойму, якія ня ўдзельнічалі ў выбарах у якасьці кандыдатаў, альбо тыя, каго не зарэгістравалі кандыдатам. Я галасаваў супраць.

Нават было пастаўлена пытаньне байкоту выбараў, што ўсіх заблытала. Бо байкот трэба было распачынаць год таму, ён патрабуе нават большых высілкаў, чым удзел у выбарах.

Я ўдзельнічаю ў выбарах з 1980-х гадоў, некалькі разоў быў дэпутатам мясцовых саветаў. І мой досьвед паказвае, што трэба працаваць з насельніцтвам. На пачатку кампаніі мы ўсьведамлялі, што не пападзем у Палату прадстаўнікоў”.

Карбалевіч: “Як вы ставіцеся да тэзісу, што зьняцьцё апазыцыйных кандыдатаў падштурхне назіральнікаў АБСЭ да непрызнаньня гэтых выбараў дэмакратычнымі?”

Кастусёў: “Якраз наш удзел у выбарах стане сродкам, з дапамогай якога замежныя назіральнікі ўбачаць, як недэмакратычна праходзяць выбары. Мой досьвед паказвае, што асноўная частка парушэньняў адбываецца падчас галасаваньня, асабліва падчас датэрміновага галасаваньня. А дзеля гэтага трэба апазыцыі ўдзельнічаць у выбарах да канца”.

Карбалевіч: “Сп. Івашкевіч, вы сказалі, што, пачынаючы выбарчую кампанію, кіраўніцтва Партыі БНФ ставіла на мэце атрымаць фракцыю ў Палаце прадстаўнікоў. І вось, калі пачалася кампанія, нечакана высьветлілася, што выбары ў Беларусі недэмакратычныя. І, абураная такой несправядлівасьцю, Партыя БНФ прымае рашэньне здымаць сваіх кандыдатаў…”

Івашкевіч: “Мы зыходзілі з шматварыянтнасьці разьвіцьця падзеяў. Мы лічылі, што могуць быць два варыянты. Першы варыянт: улады моцна зацікаўленыя ў эканамічным супрацоўніцтве з Захадам і таму пойдуць на выкананьне нашых умоваў. Другі варыянт: улады не выконваюць нашых умоваў. Рэалізаваўся другі варыянт.

Няпраўда, што зьняцьцё кандыдатаў азначае — нічога не рабіць. Я, можа, больш распаўсюдзіў агітацыйных матэрыялаў, чым сп. Кастусёў”.

Ці выканальныя рашэньні аб зьняцьці з выбараў апазыцыйных кандыдатаў?

Карбалевіч: “Мусіць, галоўная хіба прапановы аб зьняцьці ўсіх апазыцыйных кандыдатаў з выбараў палягае ў тым, што яна проста невыканальная. Вось 15 з 16 кандыдатаў у дэпутаты, якія прадстаўляюць Партыю БНФ, адмаўляюцца здымацца з выбараў. З 51 кандыдата ў дэпутаты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, якія прысутнічалі на пашыраным паседжаньні палітрады АДС, за выхад з выбарчай кампаніі выказаліся толькі 8.

Яшчэ прыклад. Гомельскае абласное кіраўніцтва прыняло рашэньне зьняць усіх апазыцыйных кандыдатаў. Дык вось, з 12 зьняліся толькі 3. Рашэньне пра няўдзел мае сэнс тады, калі здымаюцца ўсе”.

Кастусёў: “Адразу пасьля паседжаньня апошняй палітрады АДС у нас адбыўся сход кандыдатаў у дэпутаты ад дэмакратычных сілаў Магілёўскай вобласьці. І мы прынялі рашэньне, што будзем удзельнічаць у выбарах да канца”.

Івашкевіч: “Партыя БНФ вызначае сваю пазыцыю. А тое, што мы ў меншасьці, ня мае значэньня. Большасьць можа памыляцца. Партыя БНФ можа дамагчыся, што тыя кандыдаты, якія не падпарадкаваліся рашэньню сойму, выйдуць з партыі”.

Карбалевіч: “А вас не хвалюе, што астатнія сябры АДС не падтрымаюць вас? Ці для вас галоўнае захаваць чысьціню свайго сьцягу?”

Івашкевіч: “Мяне гэта не хвалюе. Бо праўда праз пэўны час перамагае”.

Кастусёў: “Мне вельмі непрыемна чуць пра магчымыя чысткі ў партыі”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG