ВЯЛЕЙКА
Кіраўнік менскай абласной арганізацыі Парыі БНФ Зьміцер Вінаградаў, патэнцыйны кандыдат ад Аб’яднаных дэмакратычных сіл у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, знаходзіцца ў міліцыі. Ён не пасьпеў перадаць у акруговую выбарчую камісію сьпісы сваёй ініцыятыўнай групы.
Пра гэта ён паведаміў “Свабодзе” па тэлефоне з Мядзелю:
“Я па-ранейшаму знаходжуся ў міліцыі. Мяне затрымалі, калі я ехаў на ўласнай машыне ў Вялейку, дзе знаходзіцца акруговая выбарчая камісія. Міліцыянты сказалі, што машына нібыта знаходзіцца ва ўгоне і патрэбна ўсё высьветліць”.
Спадар Вінаградаў сказаў, што заўтра ён прыедзе у Цэнтарвыбаркам, каб падаць скаргу і патлумачыць, чаму ён не змог своечасова зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу.
Тэрмін прыёму дакумэнтаў для рэгістрацыі ініцыятыўных груп ад патэнцыйных прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты скончыўся сёньня ўвечары.
Спадар Вінаградаў сказаў па тэлефоне: “Я ўпэўнены, што мяне затрымалі наўмысна. Справа ў тым, што я вёз у акруговую камісію сьпіс сваёй ініцыятыўнай групы. Я мусіў здаць яго да 19 гадзіны. А мяне затрымалі, каб я спазьніўся”.
На пытаньне, чаму ён адклаў падачу дакумэнтаў на самы апошні дзень, Зьміцер Вінаградаў адказаў:
“Я своечасова ўсё зрабіў. Але на аднаго сябра маёй групы зрабілі моцны ціск, і ён адмовіўся ад працы ў групе. Таму я вымушаны быў зрабіць новы сьпіс”.
СМАРГОНЬ
У Смаргоні за тры апошнія дні супраць актывісткі БСДП Ірыны Вештарт учынена некалькі правакацыяў.
Невядомыя вымазалі чорнай фарбай дзьверы кватэры гэтай актывісткі, зламалі замок у дзьвярах і выбілі шыбу. Міліцыя дагэтуль нікога не затрымала. Ірына Вештарт лічыць, што гэта зроблена мэтанакіравана, каб адпудзіць яе ад удзелу ў выбарчай кампаніі.
“Я ня ведаю — магчыма, яны меркавалі, што калі размалююць дзьверы, сапсуюць замок, павыбіваюць шкло, то я 25-га забяру сьпіс сваёй ініцыятыўнай групы і сыду з выбараў. Я і міліцыянтам, якія прыяжджалі, заявіла: гэта шантаж. І раю зламысьнікам, хай пакінуць гэта рабіць, бо я цяпер адназначна працягну кампанію”.
Спадарыня Вештарт ужо ў пэнсійным веку, жыве адна. Тройчы яна была дэпутатам мясцовага Савету, балятавалася ў Вярхоўны Савет Беларусі.
КОБРЫН
У Кобрыне на Берасьцейшчыне вылучэнец Аб’яднаных дэмсілаў на кандыдата ў парлямэнт Аляксандар Мех атрымаў сёньня адказ зь міліцыі на сваю заяву аб пагрозе, якая прагучала праз тэлефон яшчэ 6 чэрвеня. Са словаў заяўніка, невядомы яму чалавек патрабаваў адмовіцца ад удзелу ў выбарах і пагражаў, што будзе звольнена з працы жонка Аляксандра. Яму слова:
“Я прасіў сьледчыя органы высьветліць, хто пагражаў і чаму. І вось што яны мне адказалі: “Праверка выявіла, што на ваш мабільны тэлефанаваў Рыгор Філіновіч. Але ў адносінах да яго вырашана аб спыненьні адміністрацыйнай справы за адсутнасьцю ў яго дзеяньнях складу правапарушэньня”.
Рыгор Філіновіч, як кажа Аляксандар Мех, — гэта памочнік дзейнага дэпутата Нацыянальнага сходу Віктара Кучынскага. Апошні заявіў, што ў шосты раз будзе балятавацца ў Нацыянальны сход па Кобрынскай выбарчай акрузе № 12.
БАБРУЙСК
Сёньня ў Бабруйску прэтэндэнт на ўдзел у выбарах Алесь Чыгір атрымаў позву ў суд. Прычыны гэтага высьвятляў журналіст Андрэй Белагубаў.
“Алесь Чыгір кажа: ён выклікаецца ў суд як асоба, якая падазраецца ў зьдзяйсьненьні адміністрацыйнага правапарушэньня. Палітык лічыць, што ягоны ўдзел у выбарчай кампаніі і ўзнаўленьне спыненай судом 30 траўня справы — ня проста супадзеньне.
21 ліпеня Алесь Чыгір зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу, і тым жа днём яго каманда пачала зьбіраць подпісы жыхароў Бабруйскай сельскай выбарчай акругі. Тое, што бабруйскі суд узнаўляе разгляд справы, палітык зьвязвае з пачаткам сваёй выбарчай кампаніі:
“Безумоўна, гэта абсалютна зьвязаныя рэчы, бо мяне затрымлівалі напярэдадні выбарчай кампаніі з такім разьлікам, каб мяне падчас кампаніі можна было затрымаць, ня даць магчымасьці сустракацца зь людзьмі, зьбіраць подпісы, то бок праводзіць паўнавартасную выбарчую кампанію. Мне пра вынік цяжка казаць. Хутчэй за ўсё, дадуць суткі адміністрацыйнага арышту”.
Алесь Чыгір кажа, што позву яму дадому прынесьлі двое міліцыянтаў. 29 траўня Алесь Чыгір з жонкай ды дачкой Алісай позна ўвечары вярталіся ад сваякоў дадому таксоўкай. Пасьля таго як з таксістам разьлічыліся, Алесь папрасіў у яго чэк на аплату; той адразу пачаў канфліктаваць. Калі жонка Чыгіра з дачкой выйшлі з машыны, таксіст адразу ж паехаў, ня даўшы выйсьці самому Алесю. Кіроўца спыніўся толькі каля міліцэйскага патруля, які даставіў палітыка ў пастарунак. У пастарунку, паводле спадара Чыгіра, яго моцна зьбілі. У матэрыялах справы, перададзеных у суд, таксіст не фігуруе.
Пасьля затрыманьня міліцыянты зьвінавацілі Алеся Чыгіра ў дробным хуліганстве й непадпарадкаваньні іх патрабаваньням. 30 траўня судзьдзя Натальля Чарапуха пастанавіла адміністрацыйную справу супраць палітыка адправіць на дасьледаваньне, а самога яго вызваліць з-пад варты ў залі суду.
ВІЦЕБСК
Яшчэ адно паведамленьне сёньня “Свабода” атрымала зь Віцебску ад Тацяны Севярынец. Толькі з другой спробы ёй удалося зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу для збору подпісаў у Віцебскай-Горкаўскай акрузе № 17.
“Я памятаю выбарчую кампанію 2004 году, калі мы з сынам, Паўлам Севярынцам, удваіх сабралі тысячу подпісаў. Цяпер Паша — сябра маёй ініцыятыўнай групы. Колькі дазволіць яму час, то ён будзе дапамагаць мне. А ў іншы час — іншым прэтэндэнтам ад АДС у Беларусі”.
Павал Севярынец, як удакладніла маці, ня мае права вылучацца ў кандыдаты, бо цяперашняя ўлада пазбавіла яго такога права ажно на пяць гадоў.