Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымае вяртаньне Беларусі ў ПАРЭ?


Кіраўнік расейскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Канстанцін Касачоў заявіў, што ПАРЭ варта разгледзець пытаньне аб вяртаньні Беларусі статусу “адмыслова запрошанай”. Наколькі рэальная чарговая расейская ініцыятыва, ці можа яе падтрымаць большасьць дэпутатаў? Ці можа такі крок дапамагчы, як сьцьвярджае Касачоў, дэмакратызацыі Беларусі? На гэтыя пытаньні адказваюць аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі і экспэрт у міжнародных справах Андрэй Фёдараў.

Цыганкоў: Кіраўнік расейскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Канстанцін Касачоў заявіў, што ПАРЭ варта разгледзець пытаньне аб вяртаньні Беларусі статусу “адмыслова запрошанай”. Паводле Касачова, “на цяперашні момант усё большая колькасьць дэпутатаў пачынае схіляцца да той пазыцыі, якую заўсёды абараняла Расея, якая заўсёды выступала супраць ізаляцыі Беларусі”. Ці можа ў цяперашняй палітычнай сытуацыі ПАРЭ разгледзець гэтае пытаньне?

“Расея хацела б мець кагосьці ў Радзе Эўропы, у параўнаньні з кім яна выглядала б лепей”

Фёдараў
: На мой погляд, гэта заўчасная прапанова. Яна, магчыма, і можа быць унесеная на разгляд, але я ня веру ў тое, што яна можа быць вырашана станоўча. Бо тыя падзеі, што адбыліся ў Беларусі ў канцы сакавіка, паказалі дэпутатам ПАРЭ, што становішча тут ніяк не выпраўляецца. Тое, што Расея гэта прапаноўвае, гэта зразумела, бо ёй хацелася б мець кагосьці ў Радзе Эўропы, у параўнаньні з кім яна выглядала б лепей. Але мне здаецца, што час яшчэ не дасьпеў.

Тым больш што спадар Паргурыдэс падрыхтаваў свой даклад наконт судовай сыстэмы ў Беларусі, і я моцна сумняваюся, што ён будзе станоўча ацэньваць сытуацыю ў Беларусі. Так што гэта таксама паспрыяе неразгляду пытаньня ад статусе.

Цыганкоў: Нагадаем, Беларусь была пазбаўленая статусу “адмыслова запрошанай” пасьля рэфэрэндуму 1996 году, калі быў разагнаны Вярхоўны Савет і створаная Палата прадстаўнікоў. Ці ёсьць цяпер нейкія фармальныя палітычныя падставы для вяртаньня афіцыйнага Менску ў Парлямэнцкую асамблею? Ці меркаваньне Касачова – чарговыя расейскія “добрыя намеры”, якімі, нягледзячы на сытуацыю, заўсёды хочуць зрабіць нешта прыемнае для афіцыйнага Менску?

Быкоўскі
: Касачоў штогод выступае з такой прапановай, але пакуль не было крокаў, якія давалі фармальныя падставы лічыць, што беларускі рэжым зьмяніўся і ПАРЭ можа прыняць рашэньне аднавіць статус “адмыслова запрошанага”. Але тэарэтычна я б гэтага пытаньня канчаткова не здымаў, бо ўжо ёсьць прэцэдэнт з Парлямэнцкай асамблеяй АБСЭ, калі было прынятае рашэньне вярнуць беларускую дэлегацыю. Іншае пытаньне, што на фоне сакавіцкіх падзеяў, на фоне разгону дэманстрацыі індывідуальных прадпрымальнікаў, напэўна, няма цяпер паставаў для прыняцьця такога рашэньня.

Фёдараў: Ёсьць пэўныя адрозьненьні паміж Парлямэнцкай асамблеяй АБСЭ і Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы. Беларусь зьяўляецца сябрам АБСЭ, і фармальна не было ніякіх падставаў, каб яе назаўсёды пазбаўляць месца ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

“Беларускія дэпутаты ў АБСЭ нічога не вырашаюць і робяць выгляд”

Цыганкоў: Як вы ставіцеся да той аргумэнтацыі, якую прыводзіць спадар Касачоў? Маўляў, калі беларускіх дэпутатаў пусьціць у ПАРЭ, гэта будзе спрыяць дэмакратызацыі – яны будуць, маўляў, цывілізавацца ў гэтых сьценах... Ці пагадзіліся б вы з гэтай лёгікай?

Фёдараў: Цалкам не. Каб з гэтым пагадзіцца, то трэба прыняць, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – гэта дзеці, якія нічога не разумеюць і іх трэба толькі прасьвятляць. У сапраўднасьці гэта зусім ня так – усё яны выдатна разумеюць, да таго ж нічога яны не вырашаюць. Таму яны будуць паводзіць сабе таксама, як беларускія прадстаўнікі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Быкоўскі: Я цалкам пагаджуся з аргумэнтацыяй спадара Фёдарава. Іншая рэч, што гэтая аргумэнтацыя Касачова вельмі добра ўкладаецца ў тактыку залучэньня ў дыялёг цяжкага партнэра, зь якой калісьці выступалі і немцы, і скандынаўскія сацыял-дэмакраты. Але гэтая тактыка ўжывалася да СССР, лідэры якога былі далёкія ад праблематыкі міжнародных адносінаў, і гэтае “залучэньне” нешта мяняла.

Што да сёньняшняй беларускай сытуацыі, то ўсё ж такі нейкі маніторынг эўрапейскіх падзеяў беларускі рэжым робіць. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ці Савету Рэспублікі ў нейкай ступені сочаць за сытуацыяй у Эўропе, разумеюць пытаньні, якія ставіць эўрапейскі бок. Іншая справа, што яны адказваюць на гэтыя прапановы так, як трэба кіроўчаму рэжыму, робяць выгляд, што ў нас няма палітзьняволеных і гэтак далей. Таму, на мой погляд, аргумэнтацыя Касачова ня можа даць плёну ці неяк зьмяніць сытуацыю – напэўна, гэта проста дзяжурныя фразы, якія мусіла сказаць расейская дэлегацыя, што традыцыйна выступае адвакатам афіцыйнага Менску.

Цыганкоў: У інтэрвію “Свабодзе” Анатоль Лябедзька сказаў, што да пытаньня статусу Беларусі ў ПАРЭ ў прынцыпе можна было б вярнуцца пасьля парлямэнцкіх выбараў. Пры розных варыянтах разьвіцьця падзеяў на гэтых выбараў ці бачыце мы магчымасьць вяртаньня ПАРЭ да гэтага пытаньня?

Фёдараў: Калі сапраўды беларускія ўлады пойдуць на тое, каб “прапусьціць” нейкую колькасьць прадстаўнікоў апазыцыі ў Палату прадстаўнікоў, то не выключаю, што Асамблеі будзе цяжэй адмаўляць беларускім уладам у вяртаньні статусу. Але гэта можна будзе ацаніць толькі пасьля выбараў, а да таго часу пройдзе ўжо і гэтая сэсія, і чэрвеньская сэсія. Таму гэтае пытаньне на разгляд тэарэтычна можа быць вынесенае толькі на верасьнёўскую сэсію. Цяпер казаць пра гэта заўчасна.

Быкоўскі: На мой погляд, вельмі малаверагодна, што пытаньне вяртаньня Беларусі статусу “адмыслова запрошанай” сур’ёзна паўстане нават пасьля парлямэнцкіх выбараў. Яно будзе зноў прапанаванае, але ня болей за тое. Бо нейкіх падставовых зьменаў гэтыя парлямэнцкія выбары хутчэй за ўсё не прынясуць, рэжым ня будзе мяняцца. Іншая пытаньне – магчыма, будзе мяняцца каньюнктура ў Эўропе, але пакуль што пра гэта няма падставаў гаварыць.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG