Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты КХП БНФ патрулююць Курапаты <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ наладзілі патруляваньне Курапацкага лесу. Такое рашэньне прынятае пасьля нядаўняга акту вандалізму, учыненага невядомымі.


У Курапацкім лесе я сустрэў пяцёх сяброў КХП-БНФ, удзельнікаў патруляваньня.
Сярод іх прэсавы сакратар партыі Валеры Буйвал:



“Рэгулярна наглядаем за тым, каб тут вандалы зноў не натварылі свае злачынствы. Некалькі разоў на дзень, позна ўвечары сябры КХП невялікімі групамі праходзяць па тэрыторыі мэмарыялу, глядзяць, каб тут усё было ў парадку, каб не бадзяліся тут злодзеі. Будзем заўсёды рабіць гэта, каб пазьбегнуць вось гэтых драмаў, якія тут адбываліся. І будзем абараняць нашу сьвятыню ад блюзьнерства, ад сатаністаў”.

Перад тым, як ехаць у Курапацкі лес, я патэлефанаваў супрацоўніку міліцыі Менскага раёну Віталю Музычэнку. Ён сказаў, што паводле апошняга факту вандалізму, калі 12 сакавіка было зламана і пашкоджана больш за трыццаць крыжоў, распачатая крымінальная справа за хуліганства:

“Заведзеная крымінальная справа, праводзіцца расьсьледаваньне”.

Ніякай іншай інфармацыі міліцыянты не падалі. Спадар Буйвал сказаў:

“Нельга казаць, што гэта ўсё робіцца нейкімі дробнымі хуліганамі. Гэта мэтанакіраваная праца вельмі арганізаванай публікі, якая шкодзіць, зьнішчае нашы сьвятыні. І ўсё гэта ёсьць арганічная частка таго зла, якое творыцца на нашай зямлі над нашай культурай і народам. Былі заведзеныя справы, але далей за першыя крокі сьледзтва не пайшло. Бачна, што для ўладаў выгадна, каб адбывалася такая сытуацыя”.

Каб аднавіць крыжы КХП-БНФ аб’явіла талаку 15 сакавіка. Паводле спадара Буйвала, у ёй узялі ўдзел больш за 40 чалавек, сталых і маладых. Ад 10-ці да 16-ці гадзінаў за ўдзельнікамі талакі наглядала міліцыя.

“З Божай ласкі нам удалася адрэстаўраваць усе пашкоджаныя і паламаныя крыжы, і аднавіць цэльную кампазыцыю нашага мэмарыялу. Людзі вельмі добра працавалі, нягледзячы на тое, што ўлады зрабілі ўсё, каб запалохаць людзей, зрабіць немагчымымі ўмовы для працы. Тут стаяла столькі міліцыі, ДАІ перакрыла ўсе пад’езды да Курапатаў, але наша машына з матэрыяламі і інструмэнтамі ўсё ж прарвалася на тэрыторыю”.


Былы вязень ГУЛАГу сябра сойму і ўправы КХП-БНФ Пятро Шашкель таксама браў удзел у талацэ і патруляваньні. Ён лічыць, што і ўлады павінны спрычыніцца да аховы мэмарыялу:

“Для ўсіх нас беларусаў гэта сьвятое месца. Для мяне, можа, больш балючае, бо я сам быў рэпрэсаваны ў малалетнім узросьце. Гэта бальшавіцкая навала тычыцца ўсёй нашай сям’і. Толькі дзякуючы апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня адбылася рэабілітацыя ахвяраў палітычных рэпрэсій.

Акты вандалізму адбываюцца, практычна, штогод. Калі рэжым ужо правёў дарогу па касьцях людзей, было пакладзена гэта дзікунства. Як мы абаранялі гэтыя крыжы, засыпалі нашых людзей пяском бульдозэры, білі, тапталі ў гразь”.

Карэспандэнт: Вы толькі што павязалі бел-чыровна-белую стужачку на крыж “Пакутнікам Беларусі”...

Шашкель: “Кожны раз, калі прыходзім, павязваем ці ручнікі, ці стужкі, запальваем зьнічкі. Але праз дзень-два гэта ўсё зьнікае”.

Загадчык управы КХП-БНФ Уладзімер Юхо часта наведвае Курапацкі лес. Ён кажа, што патруляваньне можа засьцерагчы ад вандалаў:

“Калі ўзяць апошнія падзеі, сюды, на галоўную алею, яны баяліся прыйсьці, бо бачна і з дарогі, і людзі тут бываюць часьцей. А вось збоку ужо, ад поля гэтыя крыжы, што больш за трыццаць паламалі, яны зрабілі гэта, бо там ня так бачна.

Там, на курапацкай Галгофе, ад віленскіх беларусаў два крыжы – адзін праваслаўны, другі каталіцкі. І ў мінулым годзе мы паставілі шасьціканцовы, беларускі крыж. Ён новы быў. І якраз, калі гэта адбылося, дык гэты крыж так ўжо вывернулі, яго зламаць не маглі. Мы, калі рамантавалі гэтыя крыжы, дык паставілі й яго на месца. Гэта новае нешта. Выбралі якраз гэты крыж беларускі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG