Як расказаў “фронтмэн” калектыву, ён жа карэспандэнт газэты “Комсомольская правда в Беларуси” Яўген Валошын, адметнасьць новага праекту ў тым, што ўсе ўдзельнікі гурту альбо прафэсійна, альбо на аматарскім узроўні займаюцца боксам. Трубач, гітарысты, ударнік – усе “махаюць кулакамі” зь веданьнем справы. Што ні кажы, а беларускамоўных баксёраў ды яшчэ на музычнай сцэне дагэтуль наўрад ці хто чуў ці бачыў.
“Jab Club” пачынае атаку
Зрэшты, свой назоў гурт таксама атрымаў з баксёрскага лексыкону. “Jab” – удар левай рукой насустрач, які ўжываецца для “склейкі”, пачатку атакі. Гэта, як кажуць, фірмовы стыль украінца Ўладзімера Клічко.
Аднак зразумела, што баксёрскі падтэкст -- не галоўная заслуга каманды. Як удакладняе Яўген Валошын, сам па сабе гэты праект міжнародны. На бубнах грае Эшлі Бол, цёмнаскуры ангельскі бубнач. Таксама, натуральна, баксёр. Бубны, дарэчы, асобна запісваліся ў Лёндане:
“Справа ў тым, што прадусар гурту – Аляксандар Семянюк (байцоўская мянушка “Панда”) жыве то ў Менску, то ў Лёндане, прасоўваючы наш праект і там, і тут. Таму бубны насамрэч запісалі ў Лёндане, астатнія інструмэнты запісалі ў Менску. На гітары ў кампазыцыі “Вуліца дым” граю я. Дапамагае Віталь Гуркоў, чэмпіён сьвету ў тайскім боксе, ён таксама музыка. На трубе грае вядомы джазавы беларускі трубач Уладзімер Семянюк. Увогуле дапамагаюць многія людзі, але абсалютна ўсе зьвязаныя з байцоўскай шоў-індустрыяй”.
Карэспандэнт: “Можна казаць, што гэта песьня для “Jab Club” дэбютная?”
“Так, у гэтым складзе дэбютная. Гэта першая кампазыцыя праекта. На падыходзе яшчэ некалькі песень, яны ўжо амаль гатовыя і хутка іх таксама можна будзе пачуць. І ўвогуле гэта першы ў такім выглядзе праект”.
Тэкст для песьні “Вуліца дым” напісаў ужо досыць вядомы малады паэт Глеб Лабадзенка. Як і Яўген Валошын, Глеб працуе ў “Комсомольской правде”. Такім чынам, Лабадзенка напісаў вершы, Валошын -- музыку, аранжыроўкай займаўся Аляксандар Семянюк.
Беларуская мова як “фішка”
Цікаўлюся ў Яўгена: ці будзе захаваная стылістыка “Вуліцы дыму” у наступных кампазыцыях, якія мусяць скласьці альбом?
Разам з тым беларуская мова – гэта тая фішка, коштам якой тут можна “выехаць” і можна падняць свой рэйтынг
Карэспандэнт: “А што з мовай? Маю на ўвазе, якая мова будзе “працоўнай”?
“Асноўная частка песень будзе на беларускай мове. Гэта сучасны беларускамоўны праект. Таму што я слухаю беларускамоўныя песьні і яны амаль усе ў такім рокавым стылі, трошкі не ў сучасным. Можа нават час гэтых песень ужо мінуў. Але ў нас ніхто не сьпявае ў модных накірунках на беларускай мове і я лічу, што мы першыя пачалі. Таму будзем экспэрымэнтаваць, сьпяваць песьні ў эўрапейскім рэчышчы. Бо гэта такая музыка, якая цяпер модная ў Эўропе. Але, канечне, будзем нейкую сваю спэцыфіку беларускую ўжываць”.
Яўген Валошын удакладняе, што “Jab Club” будуць намагацца “абеларусіць” эўрапейскую модную музыку, як колісь гэта рабілі “Песьняры”. І хоць на славу клясыкаў не замахваюцца, адзін зь “Песьняроў” Валер Дайнэка, паслухаўшы кампазыцыю, экспэрымэнт ухваліў і параіў надалей заставацца на “беларускай хвалі”.
А як астатнія ўдзельнікі гурту паставіліся да беларускамоўнага рэпэртуару? Яўген Валошын лічыць, што беларуская мова – гэта тое, што можа прынесьці калектыву сапраўдную папулярнасьць:
“Вельмі добра паставіліся, гэта выдатны ход, таму што гэта “фішка”. У гэтым стылі, напрыклад, былі ўжо расейскія, украінскія гурты, якія карысталіся немалой папулярнасьцю. А вось беларускіх не было. Разам з тым беларуская мова – гэта тая фішка, коштам якой тут можна “выехаць” і можна падняць свой рэйтынг, я лічу”.