Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцы роднай мовы


Не магу ўжо прыгадаць прозьвішча гэтай сям’і з маіх Ляхоў на Падляшшы, а званіць каму-небудзь у вёску і дапытвацца — лянуюся. Як амаль усе прозьвішчы ў Ляхах, яно напэўна канчалася на -uk...


Было

У вёсцы ў 1960-тыя жыло каля трыццаці гаспадароў, а прозьвішчы былі прыкладна такія: Maksimjuk, Dmitruk, Tichoniuk, Stepaniuk, Pavlučuk, Benedyčuk і г.д. Сёньня ўжо некаторыя хаты ў вёсцы пустуюць. Пустуе і хата тае сям’і, што мне цяпер прыгадалася. Адзін зь дзядзькоў з тае сям’і даволі рана перабраўся ў Беласток. У 1960-тыя ён прыяжджаў з гораду з сваімі дзяцьмі да бацькоў на час летняга водпуску.

Ягоныя дзеці — добра разрослая дзеўка і яе маладзейшы брат — гаварылі між сабою па-польску і да нас, тубыльчай žemervy (падляскі адпаведнік падшыванцаў), таксама „пшэкалі”. Мы, хлопцы шасьці-васьмі гадоў, вучылі на вуліцы нашага гарадзкога аднагодка мове ягоных дзядоў і няраз моцна і бязьлітасна яго білі, калі ён не паказваў пажаданых посьпехаў. Біць ягоную пульхнаватую трынаццацігадовую сястру мы не асьмеліліся — таму што яна магла добра-такі ўгрэць па мухаедах кожнаму з нас паасобку і ўсім разам. Затое старэйшыя хлопцы, якія дараўноўвалі ёй фізычнай сілай, няраз доўга і да зьнямогі мацалі яе на вечаровых пасядзёнках. Яна чырванела і пішчэла, але на пасядзёнкі прыходзіла пастаянна. І кінуць гаварыць па-польску ня кінула. Сёньня мне цынічна думаецца, што якраз таму і ня кінула, бо старэйшых хлопцаў падкручвала яе пальшчызна...

(У сем або восем гадоў чалавек ставіцца вельмі неталерантна да сьвету, калі заўважае ў ім нейкую недасканаласьць або нешта нязвычнае. А што ўжо казаць, калі нехта ня так гаворыць... Наша шасьцігадовая дачка [другі год у чэскім дзіцячым садзіку] папраўляе ня толькі маю чэскую мову, якой я вучыўся похапкам у праскіх гасподах, але і вымаўленьне свае мамы, якая набывала яго год часу — пяць разоў на тыдзень па пяць гадзін штодня — у Карлавым Унівэрсытэце.)

Да ўжо ўпомненай сям’і ў Ляхах на вакацыі ў больш-менш той самы час у 1960-тых наведваўся наш равесьнік з Васькоў. Ваські — вёска з тае самае Нараўскае гміны, што і Ляхі, але — „з-пад лесу”. Там ужо трохі дзекаюць/цекаюць. Калі ў нас у Ляхах гавораць choditi/robiti, дык там — chodzici/robici. Але перад e ў Васьках ня дзекаюць/цекаюць, а гавораць „нармальна”, як і ў Ляхах — deń, teper. Вось такі пераходны, ліцьвінска-падляскі моўны варыянт.... Гэты васькоўскі хлопец хутка падладзіўся пад нашу мову, Standard Podlachian, і мы яго не чапалі. Але аднойчы ён прадэманстраваў нам, як сварацца ягоныя дзед з бабай. У яго несумненна былі нейкія акторскія здольнасьці, таму што мы, чуючы ягонае дзеканьне/цеканьне ў аўтэнтычна падслуханай перапалцы дзеда з бабай, ледзь жыватоў не панадрывалі ад рогату. І потым штодня прымушалі яго дэманстраваць гэтую сцэнку у кустах за вёскай, у месцы, якое называлася Брудок... Калі ён адмаўляўся, адчуваючы, відаць, што нягожа так насьміхацца над дзядамі, мы яго білі, як пры іншых нагодах і за іншае ягонага сваяка зь Беластоку...

Ёсьць

Але мы не засталіся вось такімі „падляскімі фундамэнталістамі” на ўсё жыцьцё. Калі перанесьліся ў гарады, сталі публічна „пшэкаць”, як і ўсё вакол нас. Мне сёньня няёмка прыгадваць тыя нешматлікія сустрэчы зь ляхоўскімі равесьнікамі на вуліцы ў Беластоку, калі я загаворваў да іх па-нашаму, а яны мне адказвалі па-польску, зьбянтэжана разглядаючыся на бакі і шукаючы зачэпкі, каб як найхутчэй ад мяне адвязацца.

Ды чорт зь імі, з маімі равесьнікамі-аднавяскоўцамі. Вялікіх школаў яны не паканчалі, а ўсяго толькі прафвучылішчы, каб схапіць нейкую працу ў фабрыцы і зачапіцца ў горадзе, стаць такімі, як усе.

Але ў пачатку 1980-тых, калі я стаў арганізоўваць Беларускае аб’яднаньне студэнтаў (БАС) у Варшаве, з падобнай сытуацыяй я сутыкнуўся і сярод сваіх унівэрсытэцкіх знаёмых і землякоў з Падляшша. Яны саромеліся гаварыць публічна па-свойму ў Варшаве... Памятаю, што я і яшчэ некалькі БАС-аўскіх актывістаў, зачэпленыя за жывое такім бракам беларускага духу, прыдумалі жорсткую тактыку — заходзілі ў студэнцкі інтэрнат да кагосьці, пра каго мы ведалі, што ён „наш”, і пачыналі да яго пры паляках гаварыць па-свойму. Шмат хто з тых студэнтаў, пэўна, узьненавідзеў мяне за тое колішняе „выкрыцьцё” перад палякамі. Хаця здараліся і такія, што годна стрывалі такое выпрабаваньне і потым далучыліся да БАС-у.

Невялікая частка колішніх пачынальнікаў БАС-у першай палове 1980-тых пастанавіла пераакрэсліць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць зь беларускай на ўкраінскую. Гэтая беларуска-ўкраінская мітусьня ў студэнцкім руху трывала некалькі гадоў і перанеслася нават на палітычныя кампаніі на Беласточчыне пасьля падзеньня камунізму ў 1989 г. Але найбольшую шкоду „ўкраінскі закалот” зрабіў якраз нашай падляскай мове. Украінскія студэнцкія актывісты ня сталі дурыць сабе галавы падляскімі гаворкамі, а завучылі ўкраінскі літаратурны стандарт. І хоць ён бліжэйшы па сваіх фанэтычна-марфалягічных парамэтрах да гэтых гаворак, чым беларуская літаратурная мова, але не настолькі блізкі, каб хоць як-кольвечы затрымаць працэс моўнай асыміляцыі падляшоў. А падляшы зь беларускай нацыянальнай сьвядомасьцю былі настолькі напалоханыя гэтай „украінізацыйнай кампаніяй” на Беласточчыне, што і не заікаліся гадоў дваццаць, каб нешта зрабіць з падляскай мовай. Напрыклад, каб пачаць пісаць на ёй у „Ніве”... Я быў заікнуўся толькі ў 2005-тым...

Будзе?

Перапіс насельніцтва ў Польшчы ў 2002 годзе давёў, што прыблізна 75 працэнтаў перапісаных беларусаў на Беласточчыне — гэта падляшы, якія гавораць choditi/chodyty, a не ходзіці/хадзіці. Здаецца, ігнараваць гэтага факту ўжо далей немагчыма. Але гэты факт надалей ігнаруецца. Бальшыня выдавецкіх і культурных намаганьняў, у якіх беластоцкія беларусы ўжываюць толькі беларускую літаратурную мову, робіцца ўпустую. Тыя, што падвучыліся крыху беларускай літаратурнай мовы ў пачатковай школе або ў ліцэі ў Гайнаўцы ці Бельску, магчыма, яшчэ возьмуць у руку кніжку або газэту па-беларуску. Але гэта ўсяго дробны працэнт ад тых, што яшчэ ведаюць падляскую гаворку і маглі б яе слухаць у радыё або чытаць на паперы — але ня маюць ніякай магчымасьці дзеля гэтага. Пераважную бальшыню беларусаў Беласточчыны ніякім чынам не бароняць ад асыміляцыі іх тытулярныя абаронцы, што працуюць у беларускамоўных выданьнях і радыёпраграмах у Беластоку.

Я не хачу нікога пэрсанальна абвінавачваць ці папракаць. Сам вінаваты, відаць, найбольш, бо як журналіст і перакладчык даклаў кучу намаганьняў, каб падтрымаць літаратурны варыянт беларускай мовы на Беласточчыне, нічога ня робячы для свае хатняе — роднае — мовы... Але ўжо некалькіх гадоў, як ува мне нешта „перамянілася” — не пакідаючы перакладаў на беларускую ды зь беларускай на польскую, я стаў патрохі „раскалупваць” падляскую і нарошчваць „корпус тэкстаў” на ёй. Першыя спробы ў гэтым накірунку на наступным тыдні зьявяцца ў сеціве ў выглядзе асобнага падляскага сайту. Я ня маю вялікіх ілюзій наконт падляскай мовы і ня думаю, што польскія беларусы стануць ёй карыстацца ў публічным жыцьці. Ужо 40 гадоў таму яны карысталіся ёю выключна на вёсцы; сёньня ж уся істотная камунікацыя перанеслася ў гарады. Вёска ўжо памерла і не адродзіцца. Застаецца толькі пэўны спадзеў на Інтэрнэт, дзе фактычна ніхто НЯ БАЧЫЦЬ, хто гаворыць па-свойму і зь якога месца. Інтэрнэт дае нейкі шанец пазбыцца сораму і загаварыць як тата з мамай...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG