Імпрэза ў Менску праводзілася з удзелам Эўрапейскага радыё. У залі гучала арфа – валійскі нацыянальны музычны інструмэнт. Прысутных прывітаў часовы павераны ў справах Вялікай Брытаніі Найджэл Гулд-Дэвіс, які, дарэчы нарадзіўся ў Дзень Уэльсу -- 1 сакавіка. Пад час імпрэзы валіец Гарэт Попкінс апавёў прысутным пра Ўэльс і ягоную культуру:
“Мы ўсяго 5% насельніцтва Вялікай Брытаніі, 10% тэрыторыі. Гэта маленькая краіна, але ўсё ж яна зьяўляецца краінай са сваёй уласнай старажытнай кельцкай мовай, якая зусім не падобная на ангельскую. Мову ведаюць усяго 20% насельніцтва. Але сярод моладзі з-за працы школ ужо 30-40% ведаюць мову. Як гэта будзе пакуль няясна. Як гэта будзе таксама з нашым новым валійскім парлямэнтам – усё гэта разьвіваецца, усё гэта адкрытыя пытаньні”.
Спадар Попкінс перайшоў на беларускую мову:
“Дзякую вам за ўвагу. Я ўпершыню ў Менску. Мае ўражаньні самыя добрыя. Я спадзяюся пагутарыць з вамі пра Беларусь”.
Гарэт Попкінс
Удзельнік імпрэзы старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў разважае пра Беларусь і Ўэльс:
“Справа ў тым, што там і ў нас захавальнікамі мовы зьяўляюцца жанчыны. І ў Валіі як стварылася партыя валійскіх нацыяналістак, так і пайшла мова ўверх. Яны нават такую клятву давалі: за каго замуж ня выйду, ня важна хто муж, а дзеці будуць гаварыць па-валійску. Так што нашым беларускам трэба браць прыклад. Хаця, канечне, сытуацыя з мовай у нас намнога лепей, тут не параўнаць”.
Пад час імпрэзы можна было паслухаць беларускія гурты, якія прэзэнтавалі валійскую музыку, а потым й беларускую. Таксама можна была паспрабаваць валійскія стравы – ялавічыну ў піве, валійскі рарэбіт ці бардаўскую рыбу.
Дзень Ўэльсу ў Беларусі адзначаецца ўпершыню. Прадстаўніца брытанскай амбасады Кася Бяспалава сказала, што асноўная мэта імпрэзы пазнаёміць прысутных з валійскімі традыцыямі:
“Мы палічылі, што Ўэльс і Беларусь маюць агульныя рэчы – гістарычныя і моўныя паралелі. Валійская мова разьвівалася крыху ў складаных умовах, як і беларуская. Нягледзячы на тое, што статус валійскай і беларускай моваў розны, яны маюць нешта агульнае, бо разьвівае цяпер мову моладзь. Агульныя ноткі можна заўважыць у кельцкай і беларускай музыцы”.