Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзел. Блог Аляксея Янукевіча

Sorry! No content for 27 жнівень. See content from before

пятніца 24 жнівень 2012

Вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, што адбылася на гэтым тыдні, некаторых зьдзівілі, некаторых расчаравалі, некаторым далі чарговую нагоду пакпіць са сваіх калегаў. Але ніякай радасьці нават у тых, што атрымаў статус кандыдата, назіраць не давялося. Званкі-віншаваньні з рэгістрацыяй я сустракаў са зьдзіўленьнем. Рэгістрацыя, вядома — лепшая опцыя, чым адмова. Але ў цяперашняй сытуацыі яе нельга лічыць ані дасягненьнем, ані каштоўным шанцам на будучыню. Проста вызначэньне фармату працы па бліжэйшы месяц.

Тых, хто мог бы атрымаць пазытыўныя эмоцыі і дадатковую матывацыю ў выніку рэгістрацыі, выбарчыя камісіі якраз і пакінулі па-за бортам кампаніі. Не зарэгістравалі вялікую колькасьць з тых, хто ад самага пачатку ставіў сабе на мэце змагацца за галасы выбаршчыкаў, хто імкнуўся да электаральнай перамогі на выбарчых участках. Насуперак самым падставовым пастулятам тэорыі байкоту-2012 аб тым, што уладам вельмі патрэбныя прадстаўнікі апазыцыі ў бюлетэнях, якія б у дадатак заклікалі сваіх прыхільнікаў прыйсьці на выбарчыя ўчасткі, улады пазбавіліся менавіта тых лідэраў і актывістаў дэмакратычнага руху, што плянавалі заставацца ў кампаніі да этапу галасаваньня і, адпаведна, актыўна заклікалі б людзей прыходзіць і галасаваць за іх. І, наадварот, у пераважнай большасьці былі зарэгістраваныя кандыдаты ад Партыі БНФ і ад АГП, якія з высокай верагоднасьцю будуць зьнятыя партыйным рашэньнем.

Аб чым могуць сьведчыць такія дзеяньні ўладаў? Па-першае, яны імкнуцца захаваць людзей пасіўнымі і абыякавымі. Напэўна, гэта самая галоўная мэта. Па-другое, яны хочуць зьняць напругу з кіраўніцтва ўчастковых камісіяў, а таксама з усёй выбарчай вэртыкалі. Відавочна, што на некаторых акругах, дзе дэмакратычныя палітыкі плянавалі ісьці да канца, асабліва ў Менску, улады хоць і забясьпечылі б патрэбны сабе вынік, але зрабіць гэта «элегантна», ціха і прыгожа было б немагчыма. Па-трэцяе, менавіта цяпер ва ўладаў пачынае намалёўвацца, як адзін з магчымых, варыянт допуску міжнародных назіральнікаў на асобных акругах да падліку галасоў. Таму што ў бюлетэнях сапраўды ня будзе канкурэнтаў праўладным кандыдатам — адных не зарэгістравалі, іншыя зьняліся самыя. Я асабіста лічу такі варыянт кантраляванай свабоды для міжнародных назіральнікаў вельмі малаверагодным, бо ўладныя паліттэхнолягі аддаюць перавагу простым і правераным крокам у 99% выпадкаў. Але дадатковую прастору для палітычнага манэўру яны сабе зарэзэрвавалі.

Ёсьць яшчэ адна мэта ўладаў менавіта ў такім падыходзе да рэгістрацыі кандыдатаў. На маю думку, яны імкнуцца або рэальна пашырыць разрыў паміж дэмакратычнымі актывістамі і народам, або хаця б атрымаць дадатковыя аргумэнты на карысьць стварэньня ўражаньня такой адарванасьці. Мне невядомы ніводзін праўладны кандыдат, за вылучэньне якога не былі б сабраныя подпісы людзей. У сытуацыі, калі зарэгістраваныя прадстаўнікі дэмакратычных сілаў у пераважнай большасьці вылучаныя сваімі партыямі, агітацыйная дзяржаўная машына можа (і, я перакананы, будзе) вельмі актыўна раскручваць тэзу аб тым, што апазыцыянэры ня маюць ніякай падтрымкі людзей, што не сабралі нават па тысячы подпісаў за сваё вылучэньне, у адрозьненьне ад сапраўдных прадстаўнікоў народу, якія выступаюць у падтрымку палітычнага і сацыяльна-эканамічнага курсу кіраўніцтва краіны.

У гэтых умовах нам належыць канцэнтравацца ў сваіх зваротах да людзей на самым важным — неабходнасьці абароны нацыянальных інтарэсаў, адстойваньня сапраўднай незалежнасьці, ратаваньня нацыі і дзяржавы ад зьнікненьня. Толькі пры такой пастаноўцы пытаньня мы можам ня толькі прыцягнуць на свой бок новых прыхільнікаў, але і абмінуць тыя прапагандысцкія пасткі, у якія нас імкнуцца скіраваць дзяржаўныя ідэолягі.
На гэтым тыдні ў штаб-кватэры Партыі БНФ адбыўся круглы стол з удзелам патэнцыйных кандыдатаў, якіх вылучаюць або падтрымліваюць дэмакратычныя арганізацыі самага шырокага палітычнага спэктру і рознага бачаньня тактыкі на гэтую кампанію, — Партыя БНФ, Рух «За Свабоду», «Гавары праўду», Справядлівы Сьвет, БСДП. Аднак пры ўсёй адрознасьці на бягучым этапе названыя партыі і рухі абагульняе ня толькі ацэнка ўмоваў, у якіх адбываецца гэтая выбарчая кампанія, але і скіраванасьць на пашырэньне кола прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў праз прадстаўленьне пазытыўнай альтэрнатывы ў выглядзе сваіх партыйных праграмаў або грамадзкіх кампаніяў.

На мэце мелася сабраць разам тых, хто ўжо ўключыўся ў кампанію, каб падсумаваць досьвед размоваў зь людзьмі і падвесьці прамежкавыя вынікі. Сярод іншых, да абмеркаваньня былі прапанаваныя такія пытаньні: “Як ставяцца людзі на Вашай акрузе да выбараў і да Вашай актыўнасьці?” ды “Што чакаюць ад дзяржавы, ад палітыкі жыхары Вашай акругі?”

Натуральна, адказы на такія пытаньні заўсёды маюць суб’ектыўны характар — але значнасьць беспасрэднага кантакту з выбаршчыкамі для палітыка ня меншая за дадзеныя сацыялягічных апытаньняў. Што тычыцца мяне асабіста — праз тое, што вызначаны на збор подпісаў час амаль цалкам супаў з вылучэньнем дэлегатаў на пазачарговы Зьезд Партыі БНФ і большую частку гэтага месяцу я правёў у паездках на рэгіянальныя сходы па вылучэньні дэлегатаў, мой асабісты досьвед перадвыбарчай камунікацыі з жыхарамі Чыжоўкі і Аўтазаводу на этапе збору подпісаў абмежаваўся 10 днямі. Натуральна, гэтая акалічнасьць накладае яшчэ большы адбітак суб’ектыўнасьці на зробленыя мной высновы. Аднак у любым выпадку, гэтыя высновы ёсьць вынікам размоваў з некалькімі сотнямі чалавек.

У самы першы дзень збору подпісаў мы з маёй камандай вырашылі зрабіць экспэрымэнт. Адна частка нашых людзей пачынала размову зь людзьмі словамі аб тым, што зьбіраюць подпісы за вылучэньне кандыдата ад Партыі БНФ кандыдатам у дэпутаты. Другая пачынала з інфармацыі аб тым, што Партыя БНФ праводзіць кампанію супраць продажу беларускіх прадпрыемстваў расейскім алігархам. Заклікала далучыцца да кампаніі, і толькі ў працэсе размовы пераходзіла да тэмы выбараў. Розьніца ў рэакцыі людзей была відавочная. Калі яны ў першай фразе чулі слова “выбары”, працягнуць размову далей было значна больш складана. Нярэдкай рэакцыяй было раздражненьне. І наадварот, тэма прыватызацыі і ролі Расеі ў гэтым працэсе “чапляе” людзей значна мацней.

Гэты досьвед вельмі добра дэманструе, што людзі не асабліва давяраюць выбарам і яшчэ меней — любым абяцаньням кандыдатаў, але зь цікаўнасьцю гатовыя абмяркоўваць тэмы, якія яны лічаць важнымі для сябе.

Пры гэтым, вялікая частка тых, хто выказваўся аб сваім намеры не ісьці на выбары, абгрунтоўвалі сваю пазыцыю не імкненьнем выказаць пратэст або стварыць праблемы дзеючай сыстэме (хоць былі і такія адзінкавыя выпадкі), але адсутнасьцю сваіх інтарэсаў ва ўсім гэтым працэсе. А значыць, калі яны ня пойдуць на выбары — гэта ня будзе байкотам, ня будзе палітычнай пазыцыяй. Для такіх людзей і выбары, і кандыдаты, і байкот застаецца абстракцыяй, паралельнай рэчаіснасьцю. Такі стан рэчаў цалкам задавальняе і спадарыню Ярмошыну, і ўсю сыстэму, якой яна служыць.

Што тычыцца чаканьняў ад дзяржавы, ад палітыкі наогул, дык тут, паводле маіх уражаньняў, можна вылучаць дзьве асноўныя групы.

Першая — у асноўным мужчыны ва ўзросьце 25-40 гадоў — хоча свабоды. Хоча вызваленьня ад татальнага дзяржаўнага кантролю, ад свавольства чыноўнікаў, ад беззаконьня. Гэтыя людзі ўпэўненыя ў сабе і хочуць аднаго — каб ім не перашкаджалі ўладкоўваць жыцьцё так, як яны хочуць, самім зарабляць сабе на жыцьцё і клапаціцца пра сваю сям'ю самастойна.

Другая група — пераважная ў сваёй большасьці — чакае парадку і стабільнасьці. Шмат хто зь іх ужо не давярае цяперашняй уладзе, бо ня верыць у яе здольнасьць забясьпечыць стабільнасьць сёньня і даць упэўненасьць у стабільнасьці заўтра. Але парадак у разуменьні большасьці застаецца каштоўным дасягненьнем існуючай улады.

“Рэвалюцыя”, нягледзячы на шматгадовыя высілкі камуністычнай прапаганды, застаецца для кансэрватыўных беларусаў выразна адмоўным словам. І калі нас сапраўды цікавіць падтрымка беларускага народу, мы мусім пра гэта памятаць.

Сапраўдны выклік для дэмакратычных сілаў палягае ў тым, каб пераканаць беларусаў, што насамрэч карэнныя інтарэсы і першай і другой групаў супадаюць: устойлівае і доўгатэрміновае разьвіцьцё краіны не магчымае без сур’ёзных рэформаў, бо рэсурс “праяданьня” савецкай спадчыны, на якім грунтуецца сёньняшняя сыстэма, ужо практычна вычарпаны. Стабільнасьць не магчымая без разьвіцьця! А значыць — усім беларусам, незалежна ад іх палітычных поглядаў, трэба прыняць непазьбежнасьць рэформаў. Інакш за нас рэфармаваньне Беларусі будзе ажыцьцяўляцца іншымі нацыямі ў адпаведнасьці з чужымі нам інтарэсамі.

Загрузіць яшчэ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG