Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзел. Блог Аляксея Янукевіча

Sorry! No content for 12 жнівень. See content from before

пятніца 10 жнівень 2012

Нам ёсьць што сказаць

У мінулую суботу адбыўся пазачарговы зьезд Партыі БНФ. Асноўнай мэтай яго правядзеньня было вылучэньне кандыдатаў ад партыі для ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Агулам мы вылучылі 38 кандыдатаў, якія будуць праводзіць агітацыю ў Менску і ва ўсіх абласьцях Беларусі. Але парадак дня ня быў вычарпаны адным толькі вылучэньнем.

Зьезд прыняў заяву салідарнасьці з Алесем Бяляцкім, які быў арыштаваны год таму, 4 жніўня, ды іншымі палітвязьнямі. Была дадзеная прамежкавая палітычная ацэнка ўмовам парлямэнцкіх выбараў.

Баў зацьверджаны таксама канчатковы варыянт плятформы, якую партыйныя кандыдаты будуць выкарыстоўваць у сваёй агітацыйнай дзейнасьці. Гэты тэкст утрымлівае нашы ацэнкі цяперашняй сытуацыі, называе пагрозы, якія стаяць сёньня перад краінай і нацыяй. Але самае галоўнае – ён утрымлівае ясны пералік дзеяньняў, якія Партыя БНФ лічыць неабходнымі ў эканоміцы, сацыяльнай, грамадзка-палітычнай сфэры і міжнароднай палітыцы, дзеля прадухіленьня пагрозаў самому існаваньню беларускай дзяржавы і беларускай нацыі.

Мы выдатна разумеем, што пры існуючай сыстэме арганізацыі і правядзеньня выбараў змаганьне за галасы людзей пазбаўленае сэнсу. Але вельмі важна змагацца за тое, каб перамагчы ў думках нашых суайчыньнікаў.

Яшчэ нават сёньня некаторыя дзеячы дэмакратычных арганізацыяў працягваюць паўтараць, што кожны незадаволены цяперашняй уладай аўтаматычна становіцца прыхільнікам апазыцыі. Але 2011 год вельмі ясна паказаў, што гэта ня так. На тле эканамічных праблемаў і паніжэньня ўзроўню жыцьця адбыўся значны рост незадаволенасьці станам рэчаў у краіне, аднак гэта абсалютна не пацягнула за сабой заўважнага росту падтрымкі дэмакратычных партыяў ды рухаў. І пакуль такі стан рэчаў, калі большасьць не давярае ані ўладзе, ані апазыцыі, будзе працягвацца, ніякіх пераменаў у Беларусі ня будзе.

Сёньня значэньне мае давер кожнага канкрэтнага беларуса да канкрэтнай дэмакратычнай арганізацыі. Натуральна, што магчымасьцяў здабываць гэты давер і падтрымку людзей у нас няшмат. І тым больш недаравальна было б марнаваць такія каштоўныя магчымасьці выбарчай кампаніі на байкот.

Калі ў нас зьяўляецца магчымасьць зьвярнуцца да беларусаў, мы мусім паказаць, што нам сапраўды ёсьць што ім сказаць, апроч таго, што нам не даюць слова. Таму агучваньне, данясеньне да людзей нашых праграмных каштоўнасьцяў і канкрэтных ідэяў мы лічым найважнейшым элемэнтам нашай працы ў гэтай выбарчай кампаніі.

Натуральна, што ўладныя стратэгі вельмі добра гэта разумеюць і ставяць сабе адваротныя задачы. У сытуацыі, калі выбары самыя па сабе мала цікавяць беларусаў, улады задавальняе, каб дэмакратычныя кандыдаты і актывісты толькі і гаварылі пра тое, што выбараў няма. Напэўна, гэта і было асноўнай мэтай пры фармаваньні ўчастковых выбарчых камісіяў, якое адбылося на пачатку гэтага тыдня. Тое, што з сотняў вылучаных партыяй БНФ ды іншымі дэмакратычнымі арганізацыямі былі ўключаныя лічаныя адзінкі, патрабуе адпаведнай ацэнкі і данясеньня гэтай ацэнкі да людзей. Але гэта не павінна паўплываць на асноўную мэту – паказаць людзям, што мы здольныя размаўляць на тэмы, якія цікавяць іх больш, чым выбары. І пераканаць іх, што толькі абарона сапраўдных нацыянальных інтарэсаў можа забясьпечыць дабрабыт і парадак на беларускай зямлі.

Перамагчы абыякавасьць

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
Ад самага пачатку кампаніі, яшчэ задоўга да абвяшчэньня выбараў, асноўнай яе рысай ва ўсёй краіне была абыякавасьць. Не адчувалася хоць мінімальнай цікаўнасьці або надзеі на перамены ў грамадзтве. Не адчувалася моцнай матывацыі сярод дэмакратычных актывістаў, незалежна ад іх партыйнай ці ідэалягічнай прыналежнасьці. На тле гэтага летаргічнага сну асабліва ярка і асабліва недарэчна вылучаліся толькі спрэчкі пра тактыку, якія часам перарасталі ва ўспышкі варожасьці і абразаў.

Ды нават і самыя дзяржаўныя органы, што займаюцца беспасрэднай арганізацыяй выбарчага працэсу, ад Цэнтральнай выбарчай камісіі да раённых выканкамаў, не дэманстравалі агню ў вачох і належнага энтузіязму, рабілі сваю працу дзяжурна і будзённа. Нібыта ўсім сваім выглядам хацелі паслаць і шырокаму грамадзтву, і дэмакратам ясны сыгнал: «Мы тут сваімі справамі займаемся, у нас усё наладжана, працэс пад поўным кантролем. Не зьвяртайце ўвагі, нічога цікавага не адбываецца. Жывіце як жылі».

Перакананы, што такая дэманстратыўная абыякавасьць уладаў — ня толькі прадуманая стратэгія і гульня на публіку. У сваёй упэўненасьці, што могуць лёгка забясьпечыць патрэбны вынік, улады сапраўды глядзяць на парлямэнцкія выбары як на раздражняльную фармальнасьць. І, адпаведна, хочуць правесьці іх зь мінімальнымі выдаткамі сілаў ды эмоцыяў. Дробная дэталь, якая, аднак, ярка адлюстроўвае такое абыякавае стаўленьне, — пасьведчаньні сябраў ініцыятыўнай групы. На папярэдніх выбарах іх друкавалі на шчыльнай паперы ці кардоне ў друкарні. Цяпер жа — прынамсі, у выбарчай камісіі на маёй Аўтазаводзкай акрузе — нам выдалі аддрукаваныя капірам на звычайнай офіснай паперы і парэзаныя «на вока» нажніцамі аркушы. Сінія круглыя пячаткі стаяць, але на дакумэнты гэтыя паперы выглядаюць зь цяжкасьцю. Так і з самімі выбарамі — фармальна, на паперы, ўсё выконваецца, але форма настолькі здэградавала, што ўжо не хавае адсутнасьць зьместу.

Разам з тым тут прысутнічае і ясны разьлік. Няма сумневу, што рэжымныя стратэгі хацелі б захаваць той стан анабіёзу ды ўнутраных хістаньняў, у якім яшчэ паўгода таму знаходзіліся дэмакратычныя сілы, як мага даўжэй. Ідэя самаўхіленьня ад дзейнасьці, памылкова названая «байкотам», цудоўна ўкладаецца ў такі плян.

Апошнім часам, як ні дзіўна, і ўлада, і частка апазыцыі граюць фактычна ва ўнісон, пераконваючы беларусаў адмовіцца ад удзелу ў палітыцы. Рэжым схіляе грамадзянаў да ўдзелу ў выбарах — але не да ўдзелу ў палітыцы. Прыхільнікі байкоту з шэрагаў апазыцыі — фактычна заклікаюць прызнаць той факт, што беларусы нічога ня могуць вырашаць на беларускай зямлі і адзінае выйсьце для іх — зьмірыцца ці шукаць іншае месца для жыцьця, чым такая непрывабная беларуская дзяржава. І першым, і другім вельмі хочацца пераканаць НАС УСІХ, што ад настрояў і думак беларусаў нічога не залежыць. Але для мяне, як і для Партыі БНФ, неаспрэчнай ісьцінай зьяўляецца сьцьверджаньне: беларусы і толькі беларусы маюць права вырашаць лёс гэтай зямлі. І мы вылучаем партыйных кандыдатаў перадусім дзеля маніфэстацыі сапраўдных нацыянальных інтарэсаў.

Увесь мінулы тыдзень мне давялося вельмі шмат размаўляць як з актывістамі Партыі БНФ у розных гарадох Беларусі, так і з далёкімі ад палітыкі жыхарамі маёй Чыжоўкі. І вельмі выразна адчуваецца, што жывы кантакт паміж грамадзтвам і прадстаўнікамі Партыі вельмі запатрабаваны з абодвух бакоў. Бачна, як людзі пачынаюць абуджацца, а партыйныя структуры атрымліваюць моцны імпульс для сваёй дзейнасьці. Відавочна, у сёньняшняй Беларусі такое па-за выбарчай кампаніяй немагчыма. Немагчымы гэты наўпроставы абмен думкамі, поглядамі, ацэнкамі сытуацыі. Таму што бяз статусу ўдзельніка выбарчай кампаніі адкрыта распаўсюджваць свае ідэі, свае матэрыялы на вуліцах магчыма 2–3 хвіліны максымум.

Нават цьвёрдыя прыхільнікі байкоту з ідэалягічна блізкай партыі, падтрымаўшы адпаведную пазыцыю свайго лідэра Паўла Севярынца паўгода таму і паспрабаваўшы яе рэалізаваць, нядаўна прыйшлі да высновы, што трэба вылучаць сваіх кандыдатаў і празь іх даносіць сваю пазыцыю да людзей. То бок схіліліся да той тактыкі, якую Партыя БНФ абвясьціла яшчэ 23 студзеня гэтага году. Гэта сапраўды ўсьцешвае. Здаровы розум, хаця б некалі, перамагае эмоцыі.

Але сапраўдны выклік гэтай кампаніі — перамагчы абыякавасьць. Ня толькі і ня столькі некаторых дэмакратычных актывістаў, колькі грамадзтва. І гэтая перамога будзе паўнавартаснай толькі ў тым выпадку, калі мы працягнем сваю працу і пасьля 23 верасьня. Вокны магчымасьцяў зачыняцца, надыдзе чарговая хваля расчараваньня. Гэта непазьбежна. Але мы павінны адкінуць эмоцыі і працаваць далей з тымі і дзеля тых, каго нашыя ідэі, нашыя погляды і каштоўнасьці здолеюць «зачапіць» за той час, пакуль агітацыя магчымая. І тады ў беларускім грамадзтве будзе менш месца абыякавасьці, а мы будзем бліжэй да нашых мэтаў. Бо толькі неабыякавае грамадзтва можа дамагчыся пераменаў.

Загрузіць яшчэ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG