Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забытыя ахвяры партызанскай вайны


Воўца. Карэліцкі раён
Воўца. Карэліцкі раён

Пра гэта беларускія сяляне баяліся гаварыць па вайне, неахвотна гавораць і сёньня. Расправы, якія чынілі савецкія партызаны над сем’ямі калябарантаў. Уключна зь дзецьмі. Пра адно такое забойства мне распавялі ў вёсцы Воўца, што пад Карэлічамі. Ахвярамі сталі шэсьць чалавек, зь якіх чацьвёра дзяцей. Малодшай было тры гады. Ці вядома імя камандзіра? Пра гэта ў чарговай перадачы сэрыі «Падарожжы Свабоды».

У Беларусі чым мілейшы краявід, тым большая імавернасьць, што з пастаральнай карцінкай зьвязана якая-небудзь жахлівая гісторыя. У чыстым полі ці на голай дарозе якой бядзе быць? Іншая справа — вясковыя хаты на пагорках, імклівая рачулка зь вялікім млыном на беразе, хутары, схаваныя ў лесе.

Пра трагедыю, якая адбылася ў 43-м годзе на хутары каля вёскі Воўца, я пачуў ад любчанкі Алены Новік. Недзе на другой гадзіне нашай размовы пані Алена пачала ўзгадваць сваё дзяцінства ў той Воўцы і ўспомніла, як у 43-м годзе партызаны спалілі хутар гаспадароў Блакіцкіх разам зь сям’ёй. Данесла на Блакіцкіх былая савецкая служачая Вольга, якую гаспадары ў 41-м годзе прытулілі. А падрабязнасьці той апэрацыі Алене расказвала партызанка Нінка, якая часам завітвала ў вёску і чый каханак сваімі рукамі забіваў людзей.

— Партызанка гэтая ўсё прыйдзе, яна ж бяз справы, і кажа: «Я б тую Олю ўласнымі рукамі задушыла. Гэта ж яна зьвяла чацьвёра дзяцей і мужыка з жонкай. Шасьцёра чалавек. Мой Васька расстрэльваў». А Васька быў узводны. Загад атрымаў, і ўсё. Дык, казаў, стаяў хлопец, прасіўся. «Дзядзенькі, пусьціце, я жыць хачу. Я пайду жабраваць». Ён іх паставіў за стол. Калі страляў жонку, яна трымала на руках дзяўчынку трох гадоў. У іх было тры хлопцы і адна дзяўчынка, апошняя. Дык, казаў, рука дрыжала. Баяўся, каб хаця б пацэліць. Уявіце — застрэліць шэсьць чалавек. Ды яшчэ невінаватых.

Іхніх імёнаў я ня змог знайсьці ў кнізе «Памяць». Гэтых людзей як быццам зусім не было на зямлі. Дзякуй памяці Алены Новік.

— Блакіцкі Ўладзімір, яна Блакіцкая Еўдакія. Ну, і чацьвёра дзяцей, тры хлопчыкі і адна дзяўчынка. Гэта расказвала Нінка. Якая жыла з узводным. Васькам. Васька расстрэльваў. Пасьля яго паставілі начальнікам штабу. Як застрэлілі камандзіра Кольку.

— А ў Ваські як прозьвішча было?

— Ня ведаю. Яны ж усе пад клічкамі былі. Вось быў камісар. Алёшка.

Да камісара Алёшкі мы яшчэ вернемся. А зараз паслухаем воўцаўку Марыю Ждан, якая нарадзілася ў 1948-м годзе ў сям’і млынара. Спадарыню вельмі асьцярожную ў ацэнках і даволі адкрытую ў фактах, якія ведае толькі ад маці.

— Тут раней млын стаяў. І кожны вечар у хаце было многа завозьнікаў. Я дачка млынара. І завозьнікі заўсёды спыняліся ў нас. Людзі прыяжджалі адусюль. І чарга была. Людзі па тыдні сядзелі. І кожны пра сваё расказваў. І хоць я была малы падшыванец, я чула ўсе гэтыя размовы.

— А што найбольш запомнілася? Што людзі ўспаміналі больш за ўсё?

— Як партызанілі. Што было праўда, што няпраўда? Як людзі гаварылі? Што дарэмна чалавека... Нехта помсту трымаў. Як і цяпер. Не падзялілі нешта, і адзін аднаго ўтопіць і прадасьць. Так і тады было. Як дайшлі да ўлады, вось і тварылі расправу. Як маглі.

Воўца
Воўца

Пра той хутар Марыя Ждан таксама ведае. Аказваецца, аднымі хутаранамі не абмежаваліся.

— Хутар быў спалены ў Скораве. Мая нябожчыца мама ведала ўсё. Нехта прадаў. І ўсю сям’ю спалілі. Нават у нашай вёсцы іхная сястра жыла. І тую зьнішчылі.

А вось што памятае іншая жыхарка Воўцы, 85-гадовая Яўгенія Лось, добрая бабулька з голасам, каб баяць вечаровыя казкі. Казкі толькі невясёлыя.

— Блакіцкі Ўладак. Гэта іх немцы прыехалі пастралялі ўночы. А пасьля ўсіх спалілі.

— Дык гэта зрабілі немцы ці савецкія партызаны?

— Можа, партызаны. З-за таго, што нейкая там хадзіла. Гаспадар яе ўзяў, каб дапамагала ў гаспадарцы. А яна, здаецца, нешта перадавала немцам. У Карэлічы хадзіла. Партызаны даведаліся. І так зрабілі. Там дзетак было чацьвёра. Усіх спалілі.

— Столькі сьмерцяў. Як людзі да гэтага ставіліся?

— Ну як? Пераносілі. А дзе дзецца? У жыцьці ўсяк бывае. Людзі пераносяць.

Гэтыя апэрацыі, у якіх забівалі дзяцей, як бачна, не былі рэдкасьцю ў савецкай партызанцы. Фіксавалася ўсё гэта ў дакумэнтах як суд над сям’ёй нямецкага паслугача. Цікава, за гэтыя подзьвігі давалі ўзнагароды? Які мэдаль ці ордэн, напрыклад, належаўся за забойства трохгадовай дачкі Блакіцкіх? Або той узводны Васька атрымаў толькі лішнюю порцыю партызанскай кашы? Між тым я гутару з чалавекам, які таксама быў асуджаны. Марыя Ждан не павінна была зьявіцца на сьвет у 48-м годзе. Бо ў 43-м яе сям’ю таксама павінны былі вынішчыць разам зь дзецьмі.

— У час вайны майго дзеда Мікалая, мамінага бацьку, паставілі солтысам. Усе партызаны там спыняліся. Абшывалі іх, абмывалі. Яны жылі на хутары ў лесе. Дзед як мог дапамагаў людзям. І вось знайшоўся такі чалавек. Прадаў яго. І ўжо прызначылі дзень, калі прыйдуць і выб’юць усю сям’ю. Вось як было. І дзед сабраўся і пайшоў сам. Яны і маскхалаты шылі, і бялізну мылі, і хлеб пяклі. Дапамагалі, як маглі. І ён пайшоў да камандзіра. Дзядзя Коля яго клікалі. Ён пайшоў да яго і кажа. «Калі я вінаваты, расстраляйце мяне. Праўда, я ня ведаю, у чым мая віна». І нікога не забілі і не расстралялі. Дзядзька адзін зьнік бязь вестак на фронце, другі памёр ад ранаў. А дзеда забралі па вайне на шахты. За тое, што быў солтысам. Нядоўга ён па вяртаньні пражыў.

Імя таго савецкага партызана, з-за якога сям’я магла быць расстраляная, Марыя мне не адкрыла. Не жадаючы пакрыўдзіць ягоных нашчадкаў. Высакародна.

— Як імя гэтага партызанскага камандзіра?

— Дзядзя Коля. Гэта ягоная мянушка была.

— А гэтага хроснага сына, які быў гатовы сям’ю забіць, вы ня помніце імя?

— Не. Я вам не скажу.

— Ня скажаце?

— Ня буду гаварыць. Няхай будзе гэтак. Пайшло і пайшло. Ня трэба гэта варушыць.

— А чаму?

— Яго ўжо няма ў жывых. Яго Мікалай клікалі. Ня трэба.

— Як людзі з гэтым жылі па вайне?

— Не забылася. Людзі гэтыя сябе адчувалі вольна. Многія зь іх былі пры ўладзе. Так што ў любы час магло пачацца ганеньне. Зь любой нагоды.

Кіраваў атрадам дзядзя Коля, расстрэльваў Васька, а яшчэ там быў Алёшка камісар. Лепшага імя для пэрсанажа сталінскага раману на тэму партызан і прыдумаць цяжка. Камісара Алёшку ў 60-я гады ў адной бальніцы сустрэла Алена Новік. Згодна з жанрам сталінскага раману беларуская дзяўчына павінна была кінуцца на грудзі Алёшкі-камісара. А той, прыабняўшы дзяўчо, мусіў скрозь мужчынскую сьлязу пракаўтнуць: «Як пасталела ты, Аленка!» Але ў жыцьці ўсё было ня так. Камісар Алёшка зрабіў выгляд, што не пазнаў Алену. Затое Алена даведалася ягонае сапраўднае імя.

— Камароў Міхаіл Сьпірыдонавіч. Я падышла. «Ну што, Міхаіл Сьпірыдонавіч? Папаўся да нас?» Ён глядзіць. «Пазнаў?» — «Не». — «Эх, Алёшка-камісар, і не пазнаў». Больш нічога не сказала.

Разгорнем кнігу «Памяць» — і ўбачым, што Міхаіл Сьпірыдонавіч Камароў быў камісарам атраду імя Молатава з красавіка 43-га па ліпень 44-га. Камандзірам «Дзядзем Колем» быў Анатоль Паўлавіч Ярачкін, які загінуў у студзені 44-га.

— Для партызан у 44-м годзе скончылася вайна. І яны ўсе селі ля руля. Усе. Вярнуўся калі нехта паранены, уладкавацца няможна. Тут партызаны вельмі шчыльна пабралі партфэлі. І адзін аднаго падтрымлівалі. Нашы заходнія беларусы ішлі другім гатункам. Я не магу за гэта дараваць.

P.S.

Гартаючы кнігу «Памяць», я зразумеў, наколькі асьцярожна трэба абыходзіцца з прозьвішчамі партызан. Памятаеце маё падарожжа ў Варончу? Дзе напярэдадні Першамая 1943 году расстралялі сям’ю шляхціцаў Чарноўскіх? Расстралялі на загад камандзіра атрада імя 1-га мая Золатава. Пры непасрэдным удзеле самога Золатава. Гэтае ж прозьвішча фігуруе і ў фільме Юрыя Гарулёва «Край сьветлых мрояў». Дык вось, у час тых падзеяў ніякага Золатава не было. Першы камандзір атрада, лейтэнант Віктар Золатаў, загінуў у чэрвені 1942-га. І наступныя камандзіры бралі ягонае прозьвішча ў якасьці псэўданіма. Спачатку «Золатавым» стаў Мікалай Заруднеў. А пасьля ўжо ягонай сьмерці, у верасьні 42-га, «Золатавым» назваўся Іван Якаўлевіч Чумачэнка. Вось менавіта на ягоным сумленьні замардаваная сям’я Чарноўскіх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG