Над розовым морем вставала луна,
Во льду зеленела бутылка вина.
Знакамітыя радкі зь песьні Аляксандра Вярцінскага. Як думаеце, якая сувязь у гэтых радкоў зь беларускай вёскай Студзёнкі? Вёскай, якая месьціцца паміж мястэчкам Гарадзеяй і чыгункай? Дзе ёсьць маляўнічыя старыя сажалкі, дзе прабягае рэчка Уша і дзе зусім няма ружовага мора?
Я іду ўсьлед за работнікам гарадзейскага цукровага камбінату Аляксандрам Абрамовічам. І захоплена яго слухаю.
— Бацька расейскага паэта Георгія Іванава, Уладзімір Іванаў, у 1899 годзе ў рыскага прадпрымальніка Шэпэлера купіў гэты маёнтак. І жыў тут. У 1906-м тут здарыўся пажар. Жонка паэта Ірына Адоеўцава ў сваёй кнізе «На берагах Сены» распавядае і пра нашы Студзёнкі, і пра той пажар. А я знайшоў у архіве, (знарок у Мінск езьдзіў) справу аб продажы маёнтку Студзёнкі Ўладзіміра Іванава за даўгі. Бацька паэта ўчыніў самагубства ў 1907 годзе, застрахаваўшы сваё жыцьцё. Каб дзецям нешта засталося. Я хацеў бы, каб каму з дасьледчыкаў трапіла на вочы вось гэта. Адоеўцава піша пра Студзёнкі наступнае: «Поэт Мицкевич, посетивший их когда-то, посвятил им стихи. „Ева потеряла рай. И нашла его снова в Студёнках“». Вельмі добра было б даведацца, ці сапраўды ў Міцкевіча ёсьць такое?
Жыў сабе звычайны чалавек, працаваў на заводзе, але аднойчы знайшоў старую, яшчэ 19-га стагодзьдзя мапу сваёй вёскі. І гэта абудзіла ў чалавеку прагу даведацца пра вёску нешта большае. Так Аляксандар Абрамовіч стаў краязнаўцам і калекцыянэрам рэдкіх дакумэнтаў.
— Гэтая мапа складзеная ў 1911 годзе. Пасьля пажару. Калі Іванаў прадаў маёнтак памешчыку Міхаілу Іскрыцкаму.
Гуляць з краязнаўцам па любой вёсцы ня проста цікава, а неверагодна цікава. Бо самы банальны краявід адразу ж напаўняецца таямніцай. Вось, напрыклад, я бачу дарогу, якая ўпіраецца ў чыгунку. Абапал дарогі пустыр. Усё. Нічога цікавага. А мой суразмоўца бачыць старыя могілкі, якія даўно зьнесьлі. Бачыць месца, дзе была капліца-пахавальня мясцовых шляхціцаў Каліноўскіх. Бачыць надмагільны камень Віктара Каліноўскага. Ды яшчэ шмат чаго бачыць.
— Вось на гэтым пагорку былі могілкі. І ў 60-я гады мінулага стагодзьдзя гэтыя могілкі зьнесьлі. А тут была капліца. Верагодна, шляхціцаў Каліноўскіх. І калі пачалі зносіць, людзі зьвярнуліся да ўладаў. Што ж вы робіце? Людзі ўспомнілі, што ў часы вайны тут было расстраляна 12 ваеннапалонных. Прыехала міліцыя, тэрыторыю ачапілі. Сабралі трохі касьцей і пахавалі ў брацкай магіле. А потым гэтую зямлю бралі падсыпаць дарогу. І косьці валяліся па дарозе.
Пра тое, што некалі на беразе сажалкі была шляхецкая сядзіба, сёньня нагадваюць толькі зарасьці бэзу. А на месцы былога маёнтку жыве жанчына з унікальным лёсам. 74-гадовая Вольга Мысьліцкая нарадзілася і доўгі час жыла на хутары. Яе сямʼя ніколі не ўступала ў калгас. Як бы бедна ні было.
— У майго дзеда было дзесяць гектараў зямлі. Памятаю, як сяджу і дрыжу, калі прыедзе «бобік». Поўны «бобік» сельсаветаўскіх начальнікаў. У памяці засталося, як хромавыя боты — рып, рып. І пісталет збоку вісіць. Першы раз прыехалі і апісалі ўсё. Карову апісалі, авечкі, баран быў, коні былі, вульлі. Апісалі нават шафу, апісалі падушкі. Апісалі ўсё і паехалі.
Як ня вяжуцца вобразы старога маёнтку і гэтыя гісторыі — як людзей, яшчэ нядаўна вольных гаспадароў, заганялі ў калгаснае стойла. Апісаную маёмасьць даводзілася хаваць па блізкіх і далёкіх суседзях. А перад чыноўнікамі разыгрываць спэктакль.
— Пытаюцца: «Гаспадар, а дзе гэта ўсё?» Мы ўсе калоцімся. Тата кажа: «Вунь, шкурачка вісіць над печкай. То авечка. Астатніх сам зьеў». — «А дзе шафа?» — «А я прывёў каня з каровай. Яны як сталі яе есьці, толькі трэскі паляцелі». — «Пайшлі адсюль. Ён варʼят!» Сказалі «дурны» і адчапіліся.
Мэтады, якімі карысталіся савецкія органы, былі абсалютна акупанцкія. Болей забраць, страшней напалохаць, у крайнім выпадку дэпартаваць. Бацька Вольгі памёр у 42 гады, ня вытрымаўшы новых парадкаў.
Аляксандар Абрамовіч зьбірае ў ваколіцах Гарадзеі дакумэнты, фатаздымкі, расьпіскі. Цяжка паверыць, што гэтыя пажоўклыя, спарахнелыя паперкі зь пячаткамі і росьпісамі калісьці адыгрывалі лёсавызначальныя ролі.
— Вось пропуск І сусьветнай вайны. Што селянін Менскай губэрні прызнаецца «благонадёжным» і можа зь лязарэту ехаць на месца жыхарства. Петраград, 1916 год. А вось паперкі польскага часу. Запрашэньні на танцулькі.
А вось паперка безь пячаткі. Пісьмовая просьба ад афіцэра НКВД. Гэтая абрэвіятура за гады толькі набрала яшчэ большай злавеснасьці. І за кожнай паперкай чыясьці крыўда ці драма. Ці, наадварот, радасьць.
Вось той дакумэнт, за знаходку якога Абрамовічу не аднойчы скажам дзякуй. Школьны атэстат Аляксандра Надсана. Вучня «школы повшэхнэй» за 1935–36 навучальны год. Вучыўся будучы сьвятар някепска. На «добжэ» і «бардзо добжэ».
— Гэты атэстат я знайшоў на гарышчы гарадзейскай хаты, дзе жыў Надсан і дзе была школа. За польскім часам кожны год выдавалі такое пасьведчаньне. Гэтая папера вельмі брудная была, ужо развальвалася. Аляксандар Надсан яшчэ перад сьмерцю прызнаў сваю хату. Па здымку.
У мястэчку Гарадзеі я дзякуючы Абрамовічу пазнаёміўся з унікальнай жанчынай. Унікальнай ва ўсіх сэнсах. Яніна Ялтыкова — дачка закатаванага польскімі ўладамі дзеяча КПЗБ Аляксандра Скачко, былога чырвонаармейскага лётчыка. Пані Яніне налета спаўняецца 90 гадоў. Але сваім жыцьцялюбствам яна можа падзяліцца не з адною сотняю сваіх значна маладзейшых суграмадзян. Пані Яніна займаецца сурʼёзным бізнэсам. Яна трымае салён вясельных сукенак. І ня толькі вясельных. Я толькі ступіў на парог яе дому, як тут жа быў узяты ў абарот як патэнцыйны кліент. Бо маю дзьвюх дачок!
— Вось такія сукенкі бралі для школьнага балю, вось для маленькіх. Да мяне зь Менску прыяжджаюць. Бо ў вас там невядома як дорага. Усе да мяне едуць. Я гэтым зь дзяцінства займаюся. У мяне і мама шыла. Мянчанкі хочуць сукенкі строгія. А ў мяне зь лілеямі. Лілея — гэта сьвятая кветка. У нас касьцёл Сьвятога Язэпа. Там ікона ёсьць зь вялікай лілеяй. У Менску плацьці па сем мільёнаў. А ў мяне па два мільёны. Бачыце, якія лілеі раблю? Элегантна!
Вось што такое сапраўдны местачковы гешэфт. «Местачковы» ў высокім сэнсе гэтага слова. Далібог, вельмі хочацца стаць кліентам такой мадысткі. Але я завітаў да пані Ялтыковай не па сукенку.
— Вы знаеце, хто такі Бочка? Гэта мой аднаклясьнік! Сымпатыя была! Мы зь ім пры Польшчы скончылі па шэсьць клясаў. Які ён тады прыгожы быў! Як мы вытанцоўвалі зь ім мазуркі!
Пры ўспаміне пра Аляксандра Бочку і без таго ясныя вочы пані Яніны проста загарэліся юным бляскам! Відаць, Надсан любіў і ўмеў танцаваць мазурку. Калі праз 70 гадоў пажылая мадам маладзее на вачах.
— Ён такі быў! Апошні раз ён сюды прыяжджаў на магілу маці паставіць помнік. Агароджу прыгожую, усё па матцы зрабіў. Шура — гэта быў... О! Як цяпер памятаю. Палянэзы. Як толькі якія танцы, мы зь ім на пару. Ой! Ой!..
Дом, дзе ў трыццатыя гады ў адной палове вучыліся дзеці, а ў другой жыў настаўнік Бочка, стаіць каля самага чыгуначнага пераезду. Аляксандар не перастае зьдзіўляць мяне вынікамі сваіх пошукаў. Аднаклясьнікаў Надсана ён адшукаў за акіянам.
— Я зьвязаўся па скайпе з Ганнай Юльянаўнай Новік, якая ў Амэрыцы жыве. Яна напісала, што баяліся Бочкі. Гэта значыць, настаўніка матэматыкі, бацькі Надсана. Думалі, што ён вельмі строгі. Вось такі ў іх быў нескладаны вершык. «Дано, што Бочка лезе праз вакно. Дапусьцім, мы яго ня пусьцім. І трэба даказаць, як яго паймаць».
Дзякуючы руплівасьці Аляксандра Абрамовіча і неабыякавасьці мэцэната Паўла Бераговіча стары дом выкуплены. Цяпер ён у добрых руках. Колішняя школа яшчэ ажыве беларускімі галасамі.