Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён ня наш чалавек быў». Радзіма Міколы Равенскага


Ад мясьціны, якая падаравала Беларусі вялікага творцу, заўжды чакаеш нечага незвычайнага. І хоцькі-няхоцькі знаходзіш гэтае незвычайнае ў самым ляпідарным краявідзе. Але ў вёсцы Капланцы, дзе нарадзіўся Мікола Равенскі, адразу хочацца фатаграфаваць усё, што бачыш. Некалі вялікае мястэчка, дзе жыла тысяча жыхароў, разьляглося на высокіх пагорках. У нізіне нясе свае хуткія воды рэчка Клява, якая дзеліць паселішча на дзьве часткі.

Сёньня на пагорках правага берага стаяць новыя дамы. І нічога не нагадвае пра сядзібу памешчыкаў Сахаравых, якая некалі тут была. У гэтых Сахаравых працавалі бацькі Равенскага.

А яшчэ ў 60-я гады тутэйшыя дзеці гулялі ў вінных паграбах. Успамінае жыхарка Капланцаў Ала Генадзеўна Мармыль.

Ала Мармыль
Ала Мармыль

— Вось тут пад зямлёй быў вялікі вінны склеп. А побач быў панскі пахавальны склеп. У вінным склепе мы пастаянна гулялі. Яго ніхто не займаў. Гулялі ў хованкі. А пра тое, як рабавалі магільны склеп, вядома з успамінаў тых, хто ўжо адышоў. Барыню муміфікавалі. А ў дваццатыя гады, казалі, салдаты яе на кол пасадзілі. Тую мумію. Зьдзекаваліся зь яе. Усё разрабавалі там.

Васьмідзесяцігадовая Аляксандра Грыбко — някрэўная сваячка Равенскага. Яе цёця была замужам за братам кампазытара. Сваёй дачцэ Алене Аляксандра Сяргееўна нічога пра свайго знакамітага сваяка не распавядала. Пра яго дачка даведалася толькі пасьля развалу Саюзу.

— Мы пражылі і ніколі пра яго ня ведалі. Ён жа зь немцамі пайшоў. А тут жа ўсе камуністы. А раз зь немцамі пайшоў — значыць, здраднік? Таму гэтая тэма была забароненая. Я лічу, што хто б ён ні быў, але ён быў кампазытарам. І многа ж напісаў. Я ў інтэрнэце слухала. Ён жа не служыў немцам, ён служыў царкве. Ён быў рэгентам.

Сама Аляксандра Грыбко глядзела на мяне спалохана. І сказала ўсё так, як трэба. Нібы перад ёй сядзеў агент МГБ.

Аляксандра Грыбко
Аляксандра Грыбко

— Ён ня наш чалавек быў... Зь немцамі... Я яго не адабрала. Паехаў зь немцамі. З Германіі перабраўся ў Бэльгію. Кіраваў народным хорам.

— А царкву памятаеце Капланскую?

— У Капланцах увогуле бязбожнікі. У суседніх Лешніцах людзі праваслаўныя, рэлігійныя. У Засьвяціцах баптысты атабарыліся. А тут дзеці, якія вырасьлі пасьля вайны, ня ведалі, што такое царква.

Аўтар рэлігійнага гімна нарадзіўся ў вёсцы бязбожнікаў? Якія сюжэты дорыць беларускі лёс!

Капланцы
Капланцы

Пляменьнік Міколы Равенскага, Аляксандар Равінскі — сын Аляксандра Равінскага, роднага брата кампазытара, — жыве ў Жодзіне. Гэтаму хударляваму і гаваркому спадару, колішняму інжынэру-энэргетыку, у наступным годзе будзе 80. Ягонага бацьку, камуніста і старшыню сельсавету, на пачатку вайны па даносе расстралялі акупанты. У акупацыю загінула і маці. Мой суразмоўца па вайне гадаваўся ў дзетдоме. А пра свайго знакамітага дзядзьку ўпершыню пачуў ад сваіх маскоўскіх цётак. Гэта значыць, сясьцёр музыканта.

Аляксандар Равінскі
Аляксандар Равінскі

— Ад сваіх цётак я і даведаўся, што быў такі кампазытар. Цёткі ўсё абураліся. «Трэба ж, якое блюзьнерства — узнагародзіць кампазытара патэфонам!» Вось табе патэфон, і ня рыпайся. А патэфонам яго ўзнагародзіў Клімент Яфрэмавіч Варашылаў. Мне запомнілася, як цёткі абураліся — што як можна не паважаць працу творчых людзей.

Патэфон — ня самы горшы падарунак напрыканцы 30-х гадоў. Савецкая ўлада раздавала і інакшыя падарункі. У Міколы Равенскага быў яшчэ брат Антон. Працаваў дырэктарам школы ў Карзюках, што пад Менскам. Яго рэпрэсавалі ў 37-м годзе. Вось што пра яго піша наша «Картатэка Сталіна». Кідаецца ў вочы, што расстрэл адбыўся раней за «суд»:

«РАВІНСКІ Антон Якаўлевіч, нар. 1877 у в. Капланцы Менскай вобл., беларус, зь сялян, пачатк. адукацыя, загадчык пачатковай школы ў в. Карзюкі Менскага р-ну, в. Карзюкі. Арыштаваны 37.11.20. Асуджаны 37.12.02 „тройкай“ за а/с агітацыю паводле арт. 72 КК БССР да ВМП. Расстраляны ў Менскай турме 37.11.27.»

Удава Антона Равінскага і распавяла Аляксандру, куды па вайне дзеўся ягоны знакаміты дзядзька.

— У 60-м годзе я пазнаёміўся з удавой Антона. Цёця Вера. Прыгожая жанчына, але пасьля таго, як мужа рэпрэсавалі, жыцьцё яе патрапала. Стала самагон гнаць, папіваць стала. Яна мне і распавяла, што ён у акупацыю быў рэгентам у Чэрвені.

Раман Яраш
Раман Яраш

У Капланцаўскай школе ангельскую мову выкладае Раман Яраш. Музыка і бард. Ён мне паказаў школьны музэй, дзе ёсьць экспазыцыя, прысьвечаная аўтару гімну «Магутны Божа». Асабістыя рэчы кампазытара падаравала музэю ў 90-я гады ягоная дачка Вольга.

Акуляры, запальнічка з гравіроўкай «Ministry of Finance» і муштук з надпісам «Мастацтва Дзмітрыя Дашкевіча».

— На добры лад, варта штогод рабіць урок, прысьвечаны кампазытару. Напрыклад, 1 верасьня. Трэба, каб школа насіла ягонае імя. Але робім мерапрыемствы. Летась пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі» ў актавай залі рабілі канцэрт, прысьвечаны Равенскаму. На 129-годзьдзе рабілі канцэрт у музычнай школе ў Бярэзані. Назвалі «Вялікія сонцы і сэрцы малыя».

Сёньня пра памяць кампазытара ў Капланцах ёсьць каму клапаціцца. Прычым клапаціцца не фармальна. А з дапамогай музыкі і слова. Каб сёньняшнія дзеці Капланцаў і навакольля ведалі ня толькі імя свайго вялікага земляка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG