Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: выстава «Праўда пра Курапаты» і 20-годзьдзе «Маршу пустых рондляў»


Падзеі 22 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня.

Афіша

Выстава «Праўда пра Курапаты»

На выставе прадстаўленыя новыя матэрыялы з гісторыі Курапатаў, найперш сьведчаньні відавочцаў, сабраныя сябрамі грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў», а таксама арыгінальныя творы мастакоў і літаратараў, пададзеныя на першы этап грамадзкага творчага конкурсу «Курапаты — народны мэмарыял».

Выставу можна будзе паглядзець да 28 лютага з 11 да 19 гадзіны.
Менск, фае Палаца мастацтваў (вул. Казлова, 3).
Адкрыцьцё выставы а 17-й гадзіне.
Уваход вольны.

Адкрыцьцё выставы «Лісты зь нябёсаў»

У галерэі Беларускага саюзу мастакоў адкрыецца выстава памяці сяброў творчай суполкі «Пагоня», якая нядаўна адзначыла сваё 25-годзьдзе. На выставе будуць прадстаўленыя творы Ўладзімера Стальмашонка, Гаўрылы Вашчанкі, Аляксандра Кішчанкі, Леаніда Марчанкі. Гэтыя мастакі ня раз бралі ўдзел у мастацкіх акцыях «Пагоні».

Менск, Палац мастацтваў (вул. Казлова, 3).
Адкрыцьцё выставы а 17-й гадзіне.​

Вечар памяці герояў «Нябеснай сотні»

Камітэт салідарнасьці з Украінай правядзе памятную імпрэзу з нагоды трэцяй гадавіны расстрэлу пратэстоўцаў Эўрамайдану.

Менск, сядзіба БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3).
Пачатак а 18-й гадзіне.
Уваход вольны.

Дата дня

22 лютага 1997 году ў Менску адбыўся «Марш пустых рондляў». Каля 300 жанчын, трымаючы міскі, рондлі і лыжкі, прайшлі ад плошчы Якуба Коласа да парку Горкага зь лёзунгамі «Грошы, што ідуць на АМАП — дзецям на лекі», «Мужыкі, падыміцеся з каленяў», «Мы любім герояў, а не халуёў».

Таксама ў гэты дзень

1848 — у Парыжы пачалася рэвалюцыя, якая скінула манархію і ўсталявала Другую рэспубліку.

1989 — У Беластоку заснаваны першы гурток Беларускага аб’яднаньня студэнтаў (БАС).

У гэты дзень нарадзіліся

1732 — Джордж Вашынгтон, першы прэзыдэнт ЗША.

1788 — Артур Шапэнгаўэр, нямецкі філёзаф.

1883 — Станіслаў Булак-Балаховіч, беларускі вайсковы дзяяч.

1889 — Мікола Байкоў, беларускі мовазнаўца і пэдагог.

1899 — Уладзімер Тамашэвіч, дзяржаўны дзяяч, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

1903 — Антон Сеўчанка, беларускі фізык, акадэмік АН Беларусі, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

1918 — Васіль Мілаванаў, беларускі гісторык.

У памяці

1512 — памёр Амэрыга Вэспучы, італьянскі падарожнік і картограф.

1862 — памёр Вінцэнт Дмахоўскі, клясык беларускага жывапісу, удзельнік паўстаньня 1831 году.

1987 — памёр Эндзі Ўоргал, выбітны прадстаўнік поп-арту.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG