Дата дня:
21 лістапада 1920 году ў Слуцку разгарнулася антыбальшавіцкае паўстаньне. У гэты дзень Рада Случчыны выдала дэклярацыю, у якой заклікала сялянства «на барацьбу за незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах».
А што вы ведаеце пра гэтую старонку беларускае гісторыі? Праверце свае веды ў тэсьце Свабоды.
Таксама ў гэты дзень:
1368 год — адбылася Тросьненская бітва паміж войскам ВКЛ і вартавым атрадам Маскоўскага княства. Назву бітва атрымала ад назвы ракі Тросны, што непадалёк ад Масквы. Перамога адкрыла вялікаму князю Альгерду шлях на Маскву, але трохдзённая аблога аказалася беспасьпяховай — за год да гэтага быў пабудаваны маскоўскі Крэмль.
1910 год - адбылося асьвячэньне касьцёлу Сьвятых Сымона і Алены (Чырвонага касьцёлу) на цяперашняй плошчы Незалежнасьці ў Менску.
1926 год — у Менску завяршыла сваю працу акадэмічная канфэрэнцыя рэформы беларускага правапісу. Гэта быў сапраўдны пік савецкай беларусізацыі. На яе прыехала шмат замежных навукоўцаў. А вось Браніслаў Тарашкевіч, аўтар першай беларускай граматыкі, прыехаць зь Вільні ня змог — яго не пусьцілі польскія ўлады.
У гэтым жа 1926 годзе быў адкрыты другі Беларускі дзяржаўны тэатар (БДТ-2) — цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Якуба Коласа ў Віцебску.
2013 год — у Кіеве пачаўся шматтысячны мітынг, які прывёў да зьмены ўлады і ўвайшоў у гісторыю як Эўрамайдан.
У гэты дзень нарадзіліся:
1874 — Уінстан Чэрчыль, брытанскі палітычны дзяяч.
1910 — Міхаіл Суднік, беларускі мовазнаўца.
1921 — Янка Юхнавец, беларускі паэт, пісьменьнік, драматург, мастак, скульптар.
1925 — Сямён Герус, беларускі графік.
1936 — Марыя Захарэвіч, беларуская акторка тэатру і кіно.
1957 — Мірон Хадакоўскі, гайнаўскі архіяпіскап, брыгадны генэрал і праваслаўны ардынар польскага войска.
У памяці:
1790 — памёр Караль Станіслаў Радзівіл, вядомы пад мянушкай «Пане Каханку» — ваявода віленскі, стараста львоўскі, мечнік вялікалітоўскі.
Пане Каханку быў найбольш заможным магнатам Рэчы Паспалітай другой паловы XVIII стагодзьдзя і адным з найбагацейшых прадстаўнікоў арыстакратыі ў Эўропе. Князь жыў у Нясьвіжы, вакол яго асобы вілося шмат легендаў.
Куды варта пайсьці сёньня
Курсы «Мова нанова»
Тэма заняткаў: «Замкі ВКЛ». Госьць заняткаў – Алесь Варыкіш, стваральнік першага ў Беларусі парку мініятураў замкаў Вялікага Княства Літоўскага.
Музычны госьць – гурт «Ў нескладовае».
Месца правядзеньня: Менск, ГЦ «Цівалі», вул.Прытыцкага, 29 (мэтро «Спартовая»), аўдыторыя №366 (трэці паверх, лявей наперад калідорам ад эскалятару). Пачатак а 18:30. Уваход вольны.
Тэатар
Рэлігійны монаспэктакль «Маленькі анёлак»
У спэктаклі для дзяцей паводле вершаў францускай пісьменьніцы Кармэн Барнос дэ Гаштольд анёлак перадае просьбы розных жывых істотаў да Бога.
Месца правядзеньня: Менск, Тэатральная заля культурнага цэнтру Чырвонага касьцёлу, вул.Савецкая, 15 (мэтро «Плошча Незалежнасьці»). Пачатак а 15:00. Квіток каштуе 3.50 руб.
Прэм’ера спэктаклю «Матухна Кураж i яе дзецi»
П’еса пра вайну, якая вядзе да нацыянальнай катастрофы, была напісана Бэртальтам Брэхтам напярэдадні Другой усясьветнай вайны, але дагэтуль ня страчвае актуальнасьці.
Адной з галоўных дзейных асобаў стане жывая аўтарская музыка ў выкананьні гуртоў «ili-ili» і «NAKA».
Месца правядзеньня: КЗ «Менск», вул. Кастрычніцкая, 5 (мэтро «Першамайская»). Пачатак а 19:00. Кошт квіткоў вагаецца ад 12.50 да 32.50 рублёў.
Спэктакль «А ці будзе заўтра...»
Спэктакль ідзе па-расейску ў межах Тыдня сучаснай беларускай драматургіі. Пастаноўка пазыцыянуецца як «7 дзён без антракту» і распавядае пра юнака, які вырашыў зьдзейсьніць самагубства.
Месца правядзеньня: Менск, Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі, вул. Крапоткіна, 44. Пачатак а 19:00. Квіткі каштуюць ад 8 да 10 рублёў.
Монаспэктакль «Не праклінай, што я люблю»
Паэтычны спэктакль паводле вершаванага рамана Ніла Гілевіча «Родныя дзеці», які суправаджаецца музыкай цымбалаў. Ролю выконвае Мікалай Лявончык.
Месца правядзеньня: Менск, Тэатральная заля культурнага цэнтру Чырвонага касьцёлу, вул.Савецкая, 15 (мэтро «Плошча Незалежнасьці»). Пачатак а 19:00.
Выставы
Czech Press Photo
На выставе прадстаўленыя здымкі, якія ўдзельнічалі ў конкурсе Czech Press Photo на працягу 21 году. Выбарка зь 50 фота розных фатографаў-журналістаў дэманструе асяродзьдзе і разьвіцьцё журналісцкай фатаграфіі, якая стварае вобраз Чэхіі.
Месца правядзеньня: Менск, Нацыянальны цэнтар сучасных мастацтваў, вул. Някрасава, 3.