Пра гэта Свабодзе сказала лідэр руху Вольга Кавалькова:
«Нягледзячы на тое, што Вярхоўны суд Беларусі, куды мы скардзіліся, пакінуў у сіле рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі, нашу дзейнасьць гэта ня спыніць. Мы яшчэ раз правядзем агульны сход і зноў будзем падаваць дакумэнты на рэгістрацыю».
Актывісты сацыяльна-хрысьціянскага руху двойчы (напрыканцы 2015 году і ўвесну сёлета) спрабавалі зарэгістравацца як дабрачыннае асьветніцкае грамадзкае абʼяднаньне. І абодва разы Мінʼюст — адзіная, згодна зь дзейным заканадаўствам, установа ў Беларусі, якая мае права прымаць такія рашэньні, — дазволу на рэгістрацыю не даваў.
Вольга Кавалькова падкрэсьліла, што рух працягвае дзейнасьць прынамсі ў трох кірунках: агітацыя за беларускамоўнае навучаньне дзетак у дзіцячых садках, паляпшэньне ўмоваў утрыманьня ў турмах і ізалятарах, дыскусія вакол пэнсійнай рэформы.
Актывісты сацыяльна-хрысьціянскага руху зьбіраюць подпісы грамадзян Беларусі, сустракаюцца з дэпутатамі і праводзяць агітацыйныя кампаніі.