Міхэілу Саакашвілі агучылі новы вырак: 9 гадоў пазбаўленьня волі. Экс-прэзыдэнта Грузіі прызналі вінаватым у растраце бюджэтных сродкаў у буйным памеры.
Як піша сайт «Эхо Кавказа», рашэньне абвясьціў судзьдзя Тбіліскага гарадзкога суда Бадры Кочламазашвілі. Былога начальніка Спэцыяльнай службы аховы Тэймураза Джанашыя суд прызнаў вінаватым у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі і аштрафаваў.
Саакашвілі і Джанашыя раней ня раз зьняпараўджвалі абвінавачаньні, заяўляючы, што працэс мае палітычны характар.
У пракуратуры сьцьвярджалі, што з 1 траўня 2009 году па 25 лютага 2013 году на даручэньне і пры арганізацыі Міхэіла Саакашвілі для яго асабістых мэтаў зь дзяржаўнага бюджэту нямэтавым чынам былі выдаткаваныя 9 млн лары (у тыя гады каля 5,4 млн даляраў).
Цяпер Саакашвілі ўжо адбывае шасьцігадовы тэрмін. Прысуды яму раней вынесьлі ў дзьвюх іншых справах — аб памілаваньні забойцаў Сандро Гіргуліяні і аб пабіцьці дэпутата Валеры Гелашвілі.
Новы тэрмін пазбаўленьня волі будзе адлічвацца з моманту затрыманьня Міхэіла Саакашвілі — 1 кастрычніка 2021 году. Такім чынам, згодна з прысудам, на волю ён зможа выйсьці толькі 1 кастрычніка 2030 году. У той жа час супраць яго працягваюцца судовыя працэсы ў справах аб падзеях 7 лістапада 2007 году і аб незаконным перасячэньні мяжы.