Гэтая «навіна» была апублікаваная як першакрасавіцкі жарт. І гэта не сапраўдныя грошы. Калі хочаце паглядзець, як выглядаюць сапраўдныя новыя беларускія рублі, якія зьявяцца пасьля дэнамінацыі ў ліпені, то афіцыйныя выявы купюраў і манэтаў можна паглядзець тут, іх жывыя фоты — тут. Падрабязная інструкцыя па тым, як адрозьніць сапраўдны рубель ад фальшывага — тут.
Нацыянальны банк Беларусі паведаміў пра абноўленыя вэрсіі дэнамінаваных беларускіх рублёў. Неўзабаве дэталёвыя апісаньні купюраў маюць зьявіцца на сайце Нацбанку. Дэнамінацыя не адкладаецца, яна будзе праведзеная ў ліпені 2016 году. Па-ранейшаму ад 1 красавіка прапануецца адначасова пазначаць цэны ў цяперашніх тысячах і дэнамінаваных рублях.
Старыя вэрсіі рублёў будуць лічыцца несапраўднымі і ў абарот уводзіцца ня будуць. Нацбанк адмаўляецца ад манэт наміналамі 1 рубель і 2 рублі «ў сувязі са складанай зьнешнеэканамічнай сытуацыяй», манэты меншых наміналаў «будуць мець часовы абарот».
Як паведамляецца ў прэс-рэлізе, створаныя ў 2009 годзе купюры «былі выпушчаныя ў недастатковай колькасьці» і «страцілі актуальнасьць». Новыя, запэўнівае Нацбанк, распрацаваныя беларускімі дызайнэрамі і выдадзеныя ў дастатковым абʼёме на расейскім манэтным двары.
«Адміністрацыя прэзыдэнта і Нацыянальны банк Беларусі разглядзелі мноства скаргаў і заўвагаў, у тым ліку ад важных групаў грамадзянаў: вэтэранаў, моладзевага актыву, грамадзкіх абʼяднаньняў, — піша Нацбанк. — Былі ўлічаныя заўвагі адносна невыразнага нацыянальнага аспэкту, адсутнасьці нацыянальных герояў, нястрогага дызайну, а таксама граматычных памылак».
На новых грошах зьявяцца «выбітныя кіраўнікі беларускай дзяржавы»: Аляксандар Мясьнікоў, Панцеляймон Панамарэнка, Мікалай Гікала, Пятро Машэраў, Мікалай Сьлюнькоў, Анатоль Малафееў, Вячаслаў Кебіч і Аляксандар Лукашэнка. Таксама на рублях зьявяцца «выразныя нацыянальныя сымбалі»: дранікі, трактар «Беларус», хакеіст і «Менск-арэна», стэла «Менск — горад-герой», аграгарадок, парад у гонар 70-годзьдзя перамогі ў Вялікай айчыннай вайне, Дом ураду ў Менску і менская Нацыянальная бібліятэка. Таксама на грошы «вярнуліся жывёлы-сымбалі, адпаведныя наміналам».
Падчас працы над новымі рублямі разглядаліся прапановы па перайменаваньні беларускай валюты ў «талеры», але прапанова, паведамляе Нацбанк, была адхіленая як «рэакцыянісцкая» і «не зьвязаная з гісторыяй незалежнай Беларусі».