У Асобным навучальным цэнтры № 72 ў Печах працягваецца праверка па факце сьмерці салдата Аляксандра Коржыча і прымаюцца захады ў «недапушчэньні здарэньняў», паведамляе Міністэрства абароны Беларусі.
За «непрыняцьце мераў па прадухіленьні пагібелі вайскоўца» быў звольнены шэраг вайскоўцаў, у тым ліку камандзір часткі, дзе служыў Аляксандар Коржыч. Сьледчыя распачалі крымінальныя справы ў дачыненьні 10 вайскоўцаў, у тым ліку двух афіцэраў.
Мінабароны ўдакладняе: у сувязі са справай звольненыя начальнік 3-й школы падрыхтоўкі спэцыялістаў, начальнік штабу — першы намесьнік начальніка школы, камандзір вучэбнай роты, старшыны мэдычнай і вучэбнай ротаў, начальнік штабу — першы намесьнік начальніка 72 АНЦ і начальнік мэдычнай службы цэнтру.
Як паміраюць у беларускім войску. Толькі ў Барысаве сёлета зафіксавалі чатыры сьмерці
Паводле СК, цела Коржыча каля 17-й гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю склепа, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».
Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча ў тым, што хлопец учыніў суіцыд.
Цяпер сытуацыя вакол гібелі салдата на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі, але вэрсіі суіцыду па-ранейшаму разглядаюцца.
Беларусы сабралі больш за 10 тысяч подпісаў за адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова, але Мінабароны ў адказ на звароты паскардзілася на спам і заблякавала сайт збору подпісаў, а таксама заяўляла пра наўмысную «інфармацыйную кампанію» супраць сябе і апраўдвалася зьмяншэньнем колькасьці злачынстваў і суіцыдаў у войску паводле афіцыйнай статыстыкі.
Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?
***