Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Жамчужнага перавялі ў іншую калёнію пасьля ўмяшаньня «Плятформы», — Бандарэнка


Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота
Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота

Міхаіл Жамчужны, якога шмат хто зь беларускіх праваабаронцаў лічыць палітвязьнем, раптоўна пераведзены з калёніі ў Ваўкавыску ў калёнію № 9 у Горках. Гэта стала вядома праваабарончаму цэнтру «Вясна» пасьля таго, як 13 ліпеня з Жамчужным ня змог сустрэцца ў ваўкавыскай калёніі ягоны адвакат.

Пазьней абаронцу паведамілі, што яшчэ 10 ліпеня вязень Міхаіл Жамчужны быў адпраўлены этапам у калёнію ў Горках, але прычын раптоўнага пераводу не назвалі.

Калега Міхаіла Жамчужнага па працы ў арганізацыі абароны вязьняў «Плятформа інавэйшн» Андрэй Бандарэнка мяркуе, што Жамчужнага перавялі ў Горацкую калёнію пасьля іх звароту ў пракуратуру і Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС:

«На пачатку ліпеня Міхаіл даслаў з ваўкавыскай калёніі ліст, у якім распавёў пра складаную сытуацыю, у якой апынуўся. Адзін зь вязьняў пагражаў яму расправай і патрабаваў грошай.

Дарэчы, у тым ліку пагрозы ад яго гучалі і на мой адрас. Гаворка вось пра што. Яшчэ да стварэньня „Плятформы“, да 2012 году, было такое крымінальнае здарэньне: адзін мужчына з пнэўматычнага пісталета параніў чатырох чалавек, справа атрымала розгалас як „справа армянскага стралка“. Было сьледзтва, але на нейкім этапе „стралку“ ўдалося прадставіць справу гэтак, што нібыта гэта ён пацярпелы, што абараняўся. Вось тады пацярпелыя зьвярнуліся да нас, і з нашай дапамогай удалося справу давесьці да суду, вінаваты быў пакараны».

Але аказалася, што злачынца адбывае пакараньне якраз у Ваўкавыскай калёніі, куды ў траўні з калёніі ў Навасадах пад Барысавам перавялі Міхаіла Жамчужнага.

«Навошта было туды пераводзіць Жамчужнага і ці выпадкова гэта адбылося — асобная размова, — працягвае Андрэй Бандарэнка. — Толькі гэты чалавек неяк вельмі хутка даведаўся, што Жамчужны цяпер у той жа калёніі, і пачаў яму пагражаць. Адразу, як мы атрымалі гэты сыгнал, зьвярнуліся ў пракуратуру і Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, каб там забясьпечылі бясьпеку вязьня — гэта яны мусяць рабіць паводле закону. Мне вядома, што наш зварот накіравалі ва ўпраўленьне дэпартамэнту па Гарадзенскай вобласьці, і хутка было прынятае такое рашэньне — перавесьці Жамчужнага ў іншую калёнію.

Чаму менавіта ў Горкі — гэта яшчэ будзем высьвятляць, калёнія не з найлепшай рэпутацыяй. З аднаго боку, вітаем, што вязьню гарантавалі бясьпеку, зь іншага — навошта трэба было яго пераводзіць з калёніі ў Навасадах і ствараць такія праблемы?».

У 2013 годзе былы выкладчык зь Віцебску Міхаіл Жамчужны быў пакараны 6,5 года зьняволеньня за нібыта выраб абсталяваньня для падслухоўваньня міліцыі і спробу даць хабар міліцыянту. Жамчужны сваю віну па большасьці пунктаў абвінавачаньня не прызнаў. Спэцдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасьці на нядаўняй сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў Менску, як і беларускія праваабаронцы, назваў Жамчужнага палітвязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG