Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радзіна: У беларускіх незалежных мэдыях ёсьць вялікая самацэнзура, якой няма на «Хартыі»


Натальля Радзіна, архіўнае фота
Натальля Радзіна, архіўнае фота

Чарговы госьць «Інтэрвію тыдня» — рэдактар сайту «Хартыя-97» Натальля Радзіна. Яна распавядае пра гістарычнае значэньне стварэньня «Хартыі-97» 20 гадоў таму, заяўляе, што ў большасьці незалежных СМІ ёсьць куратары ў КДБ, І тлумачыць, чаму сайт «Хартыя» не павінен адлюстроўваць «два бакі».

«Калі б не стварэньне Хартыі, то мы б сёньня мелі ў краіне нашмат горшую сытуацыю»

— Сёньня, 10 лістапада, адзначаецца 20 гадоў ад публікацыі «Хартыі-97», праграмнага дакумэнту, пад якім тады падпісалася сотня тысяч беларусаў. Як задумвалася і чым на той момант была «Хартыя», як узьнікла патрэба ў яе прыняцьці, чаму сёньня «Хартыя» фактычна не існуе як актыўны палітычны рух?

— Гісторыя «Хартыі» працягваецца. 20 гадоў таму яе ўтварэньне падтрымалі сто вядомых беларускіх дзеячоў, амаль уся сапраўдная беларуская эліта, подпіс пад дакумэнтам аб стварэньні «Хартыі» паставілі больш за сто тысяч беларусаў. «Хартыя» стваралася ў адказ на дзяржаўным пераварот, якія адбыўся ў краіне ў 1996 годзе. На той момант Лукашэнка ўзяў пад кантроль большасьць СМІ ў Беларусі, была зачыненая газэта «Свабода», Радыё 101.2, пачаліся рэпрэсіі супраць журналістаў.

Трэба было неяк на ўсё гэта адказваць, і «Хартыя» аб’яднала самых розных людзей, амаль усіх палітычных і грамадзкіх лідэраў таго часу. Я ўпэўненая, што калі б не стварэньне «Хартыі», то мы б на сёньня мелі ў краіне нашмат горшую сытуацыю.

Калі б не стварэньне «Хартыі», мы б на сёньня мелі нашмат горшую сытуацыю

Гэта была спроба аб’яднаць апазыцыю, але, на жаль, многія лідэры не захацелі рухацца ў адным кірунку, і вырашылі дзейнічаць паасобку. «Маршы Свабоды», байкот парлямэнцкіх выбараў, стварэньне Народнага ўнівэрсітэту, Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў — усё гэта заслугі «Хартыі».

— Лідэраў «Хартыі» абвінавачваюць у тым, што ў нейкі момант яны ў пэўным сэнсе прыватызавалі гэты шырокі народны рух, і ён стаў выразьнікам палітычных інтарэсаў толькі невялікай групы людзей.

— Я ня згодная абсалютна з такімі абвінавачваньнямі. Бо пасьля «Хартыі» не было зроблена нічога годнага, ніякіх аб’яднаўчых структураў. Гэта была вельмі добрая задума, яна рабілася на ўзор чэхаславацкай «Хартыі-77». Я перакананая, што не атрымалася аб’яднаць усіх менавіта праз асабістыя амбіцыі асобных палітыкаў.

— Як вы, нязьменны рэдактар сайту «Хартыі», прааналізавалі б дасягненьні сайту і ягоныя пэрспэктывы? Чым вы не задаволеныя? Ці чакалі вы, калі стваралі сайт, што ён стане адным зь лідэраў сярод беларускіх грамадзка-палітычных сайтаў?

— «Хартыя» на сёньня сапраўдны лідэр, наша наведвальнасьць большая за астатнія незалежныя сайты ў Беларусі. Сёньня «Хартыю» чытае ад 200 да 300 тысяч унікальных наведнікаў штодзень, гэта 2-3 мільёны наведнікаў штомесяц, 45 мільёнаў праглядаў артыкулаў кожны месяц (Паводле SimilarWeb, за кастрычнік у news.tut.by 48,7 млн праглядаў, у charter97.org — 45 млн. — РС).

Мы, тыя, хто працуе ў «Хартыі», — пэрфэкцыяністы, і гэтыя 20 гадоў працавалі якраз дзеля такога выніку. Мы заўсёды да гэтага ішлі — каб усё больш людзей нас чыталі. І рабілася гэта, каб зьмяніць сытуацыю ў краіне. Бо чым больш людзей ведаюць, што адбываецца ў Беларусі, тым лепш яны разумеюць, што трэба змагацца, разумеюць, што проста так свабода ў Беларусь ня прыйдзе.

Я задаволеная гэтым вынікам, але разумею нашыя недахопы і праблемы.

«Сёньня ў незалежных СМІ ёсьць куратары ў КДБ»

— Якраз калі гаварыць пра недахопы, то варта закрануць нейкія канцэптуальныя, прынцыповыя рэчы. Калі сярод журналістаў ідзе дыскусія, якой павінна быць журналістыка, то відавочна, што «аб’ектыўнасьць» і «бесстароннасьць» — гэта не канёк «Хартыі». Бо вы такі СМІ, які найперш змагаецца супраць рэжыму Лукашэнкі. У гэтай сувязі ці лічыце вы «Хартыю» традыцыйным СМІ, які павінен адпавядаць агульным правілам для мэдыяў, ці гэтыя правілы на вас не распаўсюджваюцца — у сувязі са спэцыфікай беларускае сытуацыі?

— Лічбы кажуць самыя за сябе. У нас 45 мільёнаў праглядаў за месяц, а на Радыё Свабода — 800 тысяч (Паводле SimilarWeb, у сайта svaboda.org 1,26 млн праглядаў старонак за кастрычнік. — РС), на «Нашай Ніве» — 8 мільёнаў. Гэта прыклад таго, што патрэбна людзям. Людзям сёньня цікавая «Хартыя».

Хачу прывесьці словы Вольгі Мікалайчык, якая даслала нам віншаваньне ў сувязі з гадавінай:

«Часам „Хартыя“ — як доктар хуткай дапамогі — ратуе цябе ў стане шырокага інфаркту, ратуе нашую інфармацыйную прастору ад брахні нашай прыўладнай тыраніі, ад інфармацыйнага голаду, ад той сьлепаты, у якой жывуць людзі пры дыктатуры і ня ведаюць, куды і за кім ісьці ў стане адчаю ды безвыходнасьці, і куды можа разьвівацца грамадства, каб мы жылі на сваёй зямлі добра — ня горш за іншых усходніх еўрапейцаў».

— То бок вы лічыце, што колькасьць наведваньняў вызначае ўсё і зьяўляецца галоўным крытэрам? Але і жоўтая прэса заўсёды больш папулярная за сур’ёзную...

— Віталь, ня трэба зараз абражаць «Хартыю». Мы пішам амаль пра тое самае, пра што піша Свабода, але пішам больш. І калі казаць пра беларускія незалежныя мэдыя, то ў іх існуе вялікая самацэнзура. Гэтай самацэнзуры няма на «Хартыі». Мы прайшлі праз рэпрэсіі, мы вымушаныя працаваць за мяжой, але нашыя журналісты працуюць і ў Беларусі. Але чаму «Хартыю» наведваюць столькі людзей, а Радыё Свабода пры значна большым бюджэце — нашмат меней?

— Адказ відавочны. «Хартыя» зьяўляецца найперш агрэгатарам чужых навінаў, зьбірае ўсё цікавае з усяго сьвету, а Свабода выдае фактычна толькі свой унікальны прадукт.

— Так сёньня працуюць амаль усе сусьветныя мэдыя. Інфармацыя з інфармацыйных агенцтваў, перадрукі зь іншых сайтаў плюс свая ўнікальная інфармацыя.

Беларускія журналісты горача спрачаюцца аб прынцыпах журналістыкі, але ня хочуць казаць, што сёньня ў незалежных СМІ ёсьць куратары ў КДБ

Але давайце лепш абмяркуем праблему самацэнзуры. Беларускія журналісты горача спрачаюцца аб прынцыпах журналістыкі, але ня хочуць казаць, што сёньня ў незалежных СМІ ёсьць куратары ў КДБ. Пра гэта мне распавядалі галоўныя рэдактары незалежных мэдыя. Гэтыя куратары тэлефануюць і кажуць, з кім нельга рабіць інтэрвію, якія тэмы ўвогуле ня трэба чапаць. Чаму мы гэтага не абмяркоўваем?

— Гэтага не абмяркоўваюць, відаць, таму, што пра гэта няма дакладных фактаў. Ніхто публічна не прызнаваўся ў такім куратарстве. Немагчыма абмяркоўваць чуткі.

— Ёсьць вялікі страх, што СМІ закрыюць, што ня будзе працы. Я ведаю, як гэта адбываецца, я сама праз гэта прайшла. Калі я выйшла з турмы, мне КДБэшнікі прапаноўвалі: «Вы будзеце працаваць рэдактарам „Хартыі“, але мы будзем сустракацца за кубачкам кавы і нешта вам радзіць». Я не захацела так працаваць, бо немагчыма быць журналістам і працаваць пад куратарамі.

«У Беларусі незалежны журналіст — больш чым журналіст»

— Я ўсё ж хачу пачуць адказ на сваё пытаньне пра аб’ектыўнасьць і бесстароннасьць. Дарэчы, не настойваю, што гэта цалкам унівэрсальныя крытэры. Ці можа быць аб’ектыўным, напрыклад, падпольнае выданьне дысыдэнтаў у СССР? У гэтым сэнсе «Хартыя» ўспрымае сябе як выданьне, якому клясычныя прынцыпы аб’ектыўнасьці і «двух бакоў» не пасуюць, бо вы СМІ, які ня толькі інфармуе, але і вядзе барацьбу?

— Так, у Беларусі незалежны журналіст — больш чым журналіст. І мы вымушаныя змагацца за сваё права на свабоду слова. Улада нас робіць такімі, ты нават не абіраеш гэты шлях, бо ня можаш па-іншаму.

Што да аб’ектыўнасьці ва ўмовах дыктатуры, то Лукашэнка мае вялікую прапагандысцкую машыну, якая не дае слова апазыцыі, а толькі паведамляе пра «посьпехі» рэжыму. І ў гэтай сытуацыі, калі яшчэ і мы, незалежныя мэдыя, будзем рэтрансьляваць пункт гледжаньня ўлады... Я лічу, што мы больш павінны даваць галасоў людзей, якія хочуць бачыць Беларусь дэмакратычнай краінай.

Мы больш павінны даваць галасоў людзей, якія хочуць бачыць Беларусь дэмакратычнай краінай

У мяне была размова з адным з кіраўнікоў агенцтва AFP​, і я распавяла яму пра крытыку ў бок «Хартыі», маўляў, яна не дае «два бакі». І ён сказаў — «слухайце, гэта як калі б падчас Другой усясьветнай вайны прэса пісала б: паводле габрэйскіх дадзеных, забіта 6 мільёнаў габрэяў, а паводле нямецкіх дадзеных — нуль».

— Яшчэ адна распаўсюджаная прэтэнзія да «Хартыі» — строгая палітычная цэнзура камэнтароў. Пры гэтым не публікуюцца ня толькі камэнтары «ватнікаў» ці лукашыстаў, але і дэмакратычных наведнікаў, якія, напрыклад, крытыкуюць тых палітыкаў, якіх падтрымлівае «Хартыя» .

— Сёньня камэнтары мадэруюць усе. І гэта трэба рабіць, бо ідзе гібрыдная вайна з боку Расеі, калі сядзяць тролі з боку КДБ ці ФСБ і пішуць камэнтары на сайты. Камэнтары — гэта частка кантэнту. І тут нічога ня зробіш. Кантэнт камэнтароў павінен супадаць з кантэнтам, прадстаўленым на сайце.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG