Прэмію прысудзілі ў чатырох намінацыях, паведаміла «Вясна».
• «Праваабаронца году» — прваабаронцы Павал Левінаў, Алена Масьлюкова і кіраўніца Беларускага ПЭНа Тацьцяна Нядбай.
Павал Левінаў — праваабаронца, прасоўвае правы чалавека на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Аўтар 161 індывідуальнага паведамленьня ў Камітэт ААН па правах чалавека.
Тацьцяна Нядбай — літаратарка, праваабаронца, мэнэджэрка культурных праектаў. Як старшыня Беларускага ПЭНа наладзіла сыстэмную праваабарончую дзейнасьць, прадуктам якой стаў першы маштабны маніторынг парушэньняў правоў чалавека ў дачыненьні да дзеячаў культуры і культурных правоў.
Алена Масьлюкова — праваабаронца і экалягічная актывістка. Да вымушанага ад’езду зь Беларусі была адной зь лідэрак барацьбы жыхароў Сьветлагорску супраць заводу беленай цэлюлёзы, фіксуючы парушэньні экалягічных правоў і абараняючы права людзей на чыстае паветра і мірныя сходы.
• «Журналіст году» — Кацярына Абромчык, журналістка праваабарончага цэнтру «Вясна». Яна піша пра рэпрэсіі ў Беларусі, правы чалавека, палітвязьняў, уразьлівыя групы, міжнародныя мэханізмы абароны правоў чалавека. Таксама стварае праваабарончую праграму «Вясна» на радыё «Рацыя» і праваабарончы падкаст «Вясна прыйдзе».
• «Праваабарончая кампанія году» — «У турмы не жаночы твар», у межах якой правабааронцы і лекары прааналізавалі ўмовы ўтрыманьня жанчын у зьняволеньні і выдалі зборнік матэрыялаў і рэкамэндацый.
• «Праваабарончая салідарнасьць» — Вольга Брыцікава, палітзьняволеная лідэрка незалежнага прафсаюзу наваполацкага «Нафтана». Яна адпрацавала на прадпрыемстве 16 гадоў, і была звольненая праз сваю пазыцыю. У 2024 годзе яе асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня.
Праваабарончая прэмія за дасягненьні ў галіне правоў чалавека заснаваная «Праваабарончым альянсам» у 2008 годзе. Да 2020 году ўручалася ў Беларусі.
Форум