Лінкі ўнівэрсальнага доступу

40 гадоў таму чэхаславацкія дысыдэнты апублікавалі «Хартыю-77»


Вацлаў Гавэл
Вацлаў Гавэл

6 студзеня спаўняецца 40 гадоў з дня публікацыі «Заявы Хартыі-77» — праграмнага дакумэнта чэхаславацкага праваабарончага і дысыдэнцкага руху.

Дакумэнт заклікаў камуністычныя ўлады Чэхаславаччыны выконваць правы чалавека, у тым ліку палітычныя правы і свабоды, гарантаваныя Хэльсынскімі пагадненьнямі. Сярод аўтараў і падпісантаў заявы былі драматург Вацлаў Гавэл, пісьменьнікі Павел Когоўт і Людвік Вацулік, былыя вядомыя дзеячы «Праскай вясны», такія як Здэнэк Млынарж. Паколькі было немагчыма апублікаваць дакумэнт у легальным чэхаславацкім друку, ён быў разьмешчаны ў шэрагу вядучых заходніх газэт, а таксама распаўсюджваўся ў самвыдаце.

Адказам улад ЧССР на «Хартыю-77» стала кампанія цкаваньня супраць тых, хто падпісаў заяву, і палітычныя рэпрэсіі. Прадстаўнікоў ініцыятывы «Хартыя-77» неаднаразова арыштоўвалі і прысуджвалі да розных тэрмінаў зьняволеньня. Вацлаў Гавэл правёў у турме некалькі гадоў.

Усяго «Заяву Хартыі-77» падпісалі некалькі тысяч чалавек. Нягледзячы на рэпрэсіі, «Хартыя» як грамадзкі рух, праіснавала да «Аксамітнай рэвалюцыі» 1989 году, пасьля якой многія прадстаўнікі дысыдэнцкага руху занялі важныя дзяржаўныя пасады. Вацлаў Гавэл быў абраны прэзыдэнтам Чэхаславаччыны, а затым Чэскай рэспублікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG