Два ключавыя дакумэнты, апублікаваныя ў Вашынгтоне апошнімі днямі, прэзэнтуюць адрозныя шляхі замежнай палітыкі, даючы і хаўрусьнікам, і праціўнікам ЗША шмат падставаў паразважаць пра стратэгічныя для ЗША пытаньні, піша міжнародны карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рэй Фурлонг.
З Стратэгіі нацыянальнай бясьпекі (NSS) Белага дому, апублікаванай на 33 старонках на мінулым тыдні, у загалоўкі мэдыя трапілі яе канцэпцыя «Амэрыка перадусім» і сьцьвярджэньне, што «часы, калі Злучаныя Штаты трымалі на сабе ўвесь сусьветны парадак, скончыліся».
У ёй раскрытыкавалі Эўрапейскі Зьвяз і напісалі пра аднаўленьне «стратэгічнай стабільнасьці» з Расеяй, што выклікала пахвалу ад Масквы.
Тымчасам Закон аб нацыянальнай абароне (NDAA) аб’ёмам 3086 старонак мае на мэце зафіксаваць выдаткі на вайсковыя абавязаньні Вашынгтону перад Эўропай і сканцэнтраваць выведку на вайсковай супрацы Расеі з Кітаем і Паўночнай Карэяй.
«Ёсьць розныя погляды», — сказала Алівія Энас, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту Гадсана, у інтэрвію Радыё Свабода, дадаўшы, што Кангрэс ЗША адхіліў стратэгію NSS. «Але я думаю, што наперадзе доўгі шлях, каб высьветліць, ці асыгнаваньні будуць цалкам прафінансаваныя, ці не», — сказала яна.
Прыярытэт Трампа: абедзьве Амэрыкі і Кітай
Разьдзел NSS, прысьвечаны рэгіянальным прыярытэтам, пачынаецца з Заходняй паўкулі, а затым пераходзіць да Азіі, Эўропы і Блізкага Ўсходу.
«Стратэгія нацыянальнай бясьпекі Трампа — гэта вельмі патрэбная карэкцыя тых „стратэгіяў“, якія дзесяцігодзьдзямі... асуджаюць Злучаныя Штаты на празьмерна перагружаную канцэпцыю нацыянальнай стратэгіі», — напісаў Аляксандр Грэй, які працаваў у Радзе нацыянальнай бясьпекі ў першай адміністрацыі Трампа. У камэнтары для «Атлянтычнай рады» ён сказаў, што ўвага да Заходняй паўкулі была «асьвяжальна шчырай што да жыцьцёва важных мэтаў Злучаных Штатаў — запэўненьня бясьпекі Айчыны».
Іншыя назіральнікі таксама выказалі здагадку, што парадак сьпісу наўпрост адлюстроўвае прыярытэты Белага дому. «Рашэньне надаць прыярытэт замежнай палітыцы ў Заходняй паўкулі, несумненна, было накіраванае на адзін зь іхных асноўных унутраных прыярытэтаў — супрацьстаяньне міграцыі», — сказала Энас.
Энас зазначыла, што падыход NSS да Кітаю таксама быў абумоўлены праблемамі ўнутранай палітыкі. «Усё гэта пра рэіндустрыялізацыю. Усё гэта пра эканамічную бясьпеку», — сказала яна, адзначыўшы, прыкладам, брак заўваг аб парушэньнях правоў чалавека.
Дакумэнт фармулюе прымірэнчае стаўленьне да гэтага пытаньня: «Мы імкнемся да добрых дачыненьняў і мірных гандлёвых адносінаў з краінамі сьвету, не накідаючы ім дэмакратычных ці іншых сацыяльных зьменаў».
Нягледзячы на тое, што NSS ставіць мэту «ўраўнаважыць» эканамічныя адносіны з Кітаем, у дакумэнце ня згадваецца і хаўрус Пэкіну з Масквой. NDAA, наадварот, заклікае амэрыканскія спэцслужбы падаць «ацэнку вайсковай супрацы паміж Расеяй і Кітайскай Народнай Рэспублікай, у тым ліку гандлю абароннай тэхнікай, сумесных вайсковых вучэньняў і абмену вайсковымі выведнымі зьвесткамі».
Як NSS, так і NDAA выказваюць моцную падтрымку Тайваню.
Эўропа
Стратэгія NSS выклікала спрэчкі ў Эўропе, якой, як сказана ў дакумэнце, пагражае «цывілізацыйнае сьціраньне». У стратэгіі сьцьвярджаецца, што палітыка ў Эўропе «падрывае палітычную свабоду і сувэрэнітэт, міграцыйная палітыка трансфармуе кантынэнт і стварае канфлікты, нясе цэнзуру свабоды слова і здушэньне палітычнай апазыцыі, рэзкае зьніжэньне нараджальнасьці, а таксама страту нацыянальнай ідэнтычнасьці і ўпэўненасьці ў сабе».
Гэтыя словы нагадваюць прамову віцэ-прэзыдэнта Дж.Д. Вэнса ў Мюнхэне ў лютым, калі ён абрынуўся на Румынію за скасаваньне вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, і, як выглядае, падкрэсьліваюць абвінавачаньні ЗША ў адрас Эўропы ў тым, што правыя партыі там ня маюць дэмакратычных магчымасьцяў.
Дакумэнт таксама асуджае Эўропу за «цэнзуру свабоды слова», што, магчыма, адсылае да дзеяньняў ЭЗ супраць сацыяльных сетак, якія належаць амэрыканскім кампаніям. Амэрыканскія службоўцы ня раз падымалі гэтыя пытаньні.
Перад самітам NATO на мінулым тыдні намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША Крыстафэр Ландаў апублікаваў гнеўны адказ на рашэньне ЭЗ накласьці штраф на сацыяльную сетку X. «Краіны Эўропы не могуць разьлічваць на ЗША ў пытаньнях іхнай уласнай бясьпекі ў той час, калі яны падрываюць бясьпеку самых ЗША праз (неабраны, недэмакратычны і непрадстаўнічы) ЭЗ. Гэты штраф — толькі вяршыня айсбэргу», — напісаў ён на X.
«Калі гэтыя краіны надзяюць свае капелюшы NATO, яны настойваюць на тым, што трансатлянтычная супраца — навугольны камень нашай узаемнай бясьпекі. Але калі гэтыя краіны надзяюць свае капелюшы ЭЗ, яны перасьледуюць мэты, часта цалкам супярэчныя інтарэсам ЗША», — напісаў ён пазьней.
Дакумэнт NSS надалей выклікае бурлівую рэакцыю ў Эўропе. 8 сьнежня прэзыдэнт Эўрапейскай рады Антонію Кошта абвінаваціў Вашынгтон у непрымальнай «пагрозе ўмяшаньня ў эўрапейскую палітыку». «У гэтай стратэгіі пра Эўропу надалей гаворыцца як пра саюзьніка. Гэта нармальна, але калі мы саюзьнікі, мы павінны дзейнічаць як саюзьнікі», — дадаў ён.
Сэм Грын, аналітык на тэмы Расеі зь лёнданскага Кінгс Коледж, сказаў Радыё Свабода:
«Гэтая стратэгія азначае пачатак канца трансатлянтычнага альянсу... Эўропа ня можа прыняць адносіны на тых умовах, якія прапануюць ЗША: калі ЗША вызначаюць як контуры эўрапейскай бясьпекі, так і зьмест эўрапейскай унутранай палітыкі, адначасова патрабуючы разьмеркаваньня цяжару (выдаткаў на абарону. — РС)».
Разьмеркаваньне цяжару выдаткаў — ключавы складнік NSS, адбітак даўняга ціску Трампавай адміністрацыі на эўрапейскія краіны, каб тыя павялічылі выдаткі на абарону.
Скарачэньне колькасьці амэрыканскіх войскаў у Эўропе чакалася ўжо некалькі месяцаў пасьля абвяшчэньня перагляду Пэнтагонам глябальных пазыцыяў сваіх сілаў, а ў кастрычніку было абвешчана, што сотні амэрыканскіх вайскоўцаў, выведзеных з Румыніі, ня будуць замененыя іншымі.
Законапраект NDAA дае занепакоеным эўрапейцам надзею, патрабуючы захаваць у Эўропе 76-тысячны кантынгент амэрыканскіх войскаў і забараняючы вывад рыштунку коштам 500 000 даляраў і больш.
Расея, Украіна
NDAA таксама прадугледжвае далейшую падтрымку ЗША ўмацаваньню ўзброеных сілаў краін Балтыі — Латвіі, Літвы і Эстоніі — для стрымліваньня «агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі». Поруч зь іншымі элемэнтамі гэта надае выразнае адчуваньне супрацьдзеяньня расейскай ваеннай пагрозе. Законапраект мае падтрымку абедзьвюх партыяў, у тым ліку сьпікера Палаты прадстаўнікоў Майка Джонсана, рэспубліканца.
У NSS, у сваю чаргу, Расею не называюць пагрозай або праціўнікам, адрозна ад папярэдніх вэрсіяў стратэгіі, што выклікала неўразуменьне.
«Калі вам трэба весьці прыватныя размовы паміж Расеяй і ЗША пра нейкія справы, каб супакоіць Пуціна або палашчыць яго эга, гэта файна», — сказала Энас. «Але публічна абвяшчаць тое, што я ўспрыняла б як зьмякчэньне пазыцыі — гэта вельмі трывожна. На маю думку, Кітай, Расея, Іран, Паўночная Карэя павінны быць у адным стане праціўнікаў», — працягвае яна.
Дэйвід Кэтлер, які займаў шэраг кіроўных пасадаў у выведных службах і NATO, і ЗША, адзначыў у аналізе, што стратэгія Белага дому «мае на ўвазе, што паводзіны Расеі, хоць і небясьпечныя, урэшце рэшт паддаюцца карэкцыі праз узаемадзеяньне».
У NSS жа адзначаецца, што Расею як пагрозу ўспрымае Эўропа, а намаганьні дзеля дасягненьня міру ва Ўкраіне падкрэсьліваюцца як сродак «аднаўленьня стратэгічнай стабільнасьці з Расеяй» і забесьпячэньня «выжываньня Ўкраіны як жыцьцяздольнай дзяржавы».
Гэта сугучна з многімі пазыцыямі, занятых у перамовах аб спыненьні поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Нядаўнія прапановы прадугледжвалі зьняцьце санкцыяў з Расеі, у той час як дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што мэтай пагадненьня ёсьць «доўгатэрміновае працьвітаньне Ўкраіны».
«NSS імкнецца да паяднаньня некалькіх тэндэнцый», — напісаў Кэтлер. — «Мякчэйшая характарыстыка Расеі з боку ЗША, прыярытэт для хуткай стабілізацыі ва Ўкраіне і беспрэцэдэнтныя чаканьні на эўрапейскае самазабесьпячэньне. Ніводная зь іх ня ёсьць цалкам новай, але разам яны паскараюць пераход да больш фрагмэнтаванага міжнароднага парадку».