Супраць ІТ-бізнэсоўца Віктара Пракапені заведзеныя яшчэ дзьве крымінальныя справы паводле артыкула 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў) Крымінальнага кодэксу. Абвінавачаньне будзе прад’яўлена пасьля таго, як сьледчыя зьбяруць усю доказную базу і вызначаць сумы.
Пра гэта на брыфінгу 22 ліпеня заявіў начальнік аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч.
Паводле Кабаковіча, злачынныя дзеяньні Пракапені нанесьлі дзяржаве шкоду ў 12,6 млрд рублёў.
«Паколькі ў складзе арганізаванай Віктарам Пракапенем групы быў і Аляксей Камок, гэтая шкода павінна быць салідарна кампэнсаваная зь іх дваіх», — сказаў Кабаковіч.
Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту, у злачынную групу, арганізаваную Віктарам Пракапенем, акрамя Аляксея Камка маглі ўваходзіць і іншыя людзі.
«Называць канкрэтныя прозьвішчы пакуль рана. Сьледзтва прапрацоўвае гэтыя вэрсіі», — сказаў Сяргей Кабаковіч.
Бізнэсмэн Віктар Пракапеня не прызнае сваёй віны і не ідзе на супрацоўніцтва са сьледзтвам.
«Пакуль бізнэсмэн не жадае пакрыць злачынны даход у 12,6 млрд рублёў», — цытуе БелТА Кабаковіча.
Віктар Пракапеня зьмешчаны пад варту, супраць яго распачата некалькі крымінальных спраў: па незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і па ўхіленьні ад выплаты падаткаў.
Пра затрыманьне Віктара Пракапені стала вядома 3 красавіка. Паводле Сьледчага камітэту, «бізнэсмэн, дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы, займаўся прадпрымальніцкай дзейнасьцю ў сфэры продажу ІT-тэхналёгіяў без адпаведнай дзяржаўнай рэгістрацыі як суб’екта гаспадараньня». Адзначаецца, што «ў выніку незаконнай дзейнасьці» ён атрымаў даход у памеры 650 тысяч даляраў. Пракапеню было прад’яўленае абвінавачваньне паводле ч. 3 арт. 233 (Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць, учыненая арганізаванай групай, з атрыманьнем даходу ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу РБ. Ён быў узяты пад варту.
Пракапеню абвінавачваюць у тым, што з сакавіка 2005 году па красавік 2008-га ён сумесна з Аляксеем Камком ажыцьцяўляў незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць у складзе арганізаванай злачыннай групы, а менавіта: разьмяшчаў у інтэрнэце сайты і рэкляму безь дзяржаўнай рэгістрацыі.
ІТ-супольнасьць выступіла ў абарону бізнэсмэна і зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай зьмяніць яму меру стрыманьня. Аднак Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргу абароны Віктара Пракапені адносна зьмены яму меры стрыманьня з арышту на падпіску пра нявыезд.
Віктар Пракапеня — вядомы ў сьвеце беларускі ІТ-прадпрымальнік, з дапамогай якога ў Беларусь прыйшлі інвэстыцыі ў некалькі мільёнаў даляраў. Ён быў заснавальнікам і ўласьнікам кампаніі Viaden Media, якая займалася распрацоўкай мабільных прыкладаньняў і дасягнула ў гэтым значных посьпехаў. У ЗША і яшчэ больш як у 20 краінах прыкладаньні і гульні для мабільных прыладаў гэтай кампаніі ўвайшлі ў лік 50 самых ужываных. У 2011 годзе Віктар Пракапеня выгадна прадаў сваю кампанію, а заробленыя грошы ўклаў, сярод іншага, у нерухомасьць.
У канцы чэрвеня суд Партызанскага раёну Менску вынес вырак інтэрнэт-маркетолягу Аляксею Камку. Судзьдзя Вольга Паплаўская прызнала Аляксея Камка вінаватым у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і распаўсюдзе парнаграфіі ды пакарала яго 6 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Апрача таго, падсудны мае сплаціць дзяржаве 12 мільярдаў рублёў, а цягам 5 гадоў пасьля вызваленьня яму будзе забаронена займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Камок сказаў Свабодзе, што не прызнае сябе вінаватым і будзе абскарджваць вырак.