Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дальнабойнікі: на дарогі Расеі вяртаецца рэкет


Абвестка пра пошук Ігара Кнораза з пазнакай «Знойдзены»
Абвестка пра пошук Ігара Кнораза з пазнакай «Знойдзены»

У Тамбоўскай вобласьці знайшлі задушанага дальнабойніка зь Менску. Беларускія кіроўцы бʼюць трывогу: на расейскіх дарогах арудуюць банды вымагальнікаў, якія патрабуюць плаціць за праезд «празь іхную вобласьць». У выпадку адмовы псуюць транспарт, з асабліва ўпартымі распраўляюцца фізычна.

33-гадовы мянчук Ігар Кнораз быў дасьведчаным кіроўцам, у чарговы рэйс зьбіраўся як звычайна, без аніякай трывогі. У Карме на Гомельшчыне ягоны «Вольва» загрузілі мэталам, і чырвоны вялікагруз накіраваўся ў Казахстан. Апошні раз на сувязь з роднымі выходзіў 20 кастрычніка, гэта было на мяжы Ліпецкай і Тульскай абласьцей. Пазьней удалося высьветліць, што на наступны дзень ён спыняўся ў пасёлку Аўдзееўка, але прасачыць астатні маршрут не ўдалося — сьляды машыны загадкавым чынам губляліся, GPS-навігатар не працаваў...

Праз тыдзень расейская супольнасьць валянтэраў «Пошук зьніклых людзей» падзялілася інфармацыяй зь беларускімі калегамі з пошукава-выратавальнага атраду «Анёл»: Ігара Кнораза знайшлі ў Тамбоўскай вобласьці са сьлядамі гвалтоўнай сьмерці. Цела ляжала ў стозе саломы, за 300 мэтраў ад месца, дзе апошні раз падала сыгнал сыстэма навігацыі ягонай машыны. Непадалёк былі раскіданыя асабістыя рэчы. У Менску засталіся жонка і трое дзяцей, малодшаму ўсяго паўгоду.

У тым жа раёне падчас пошукавай апэрацыі знайшлі спаленае цела закатаванага пры жыцьці яшчэ аднаго дальнабойніка, асоба якога высьвятляецца.

Адчуваньне беспакаранасьці і паліцэйская карупцыя

У зьвязку з трагедыяй грамадзкае абʼяднаньне кіроўцаў «8 рэгіён» падрыхтавала зварот у Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Сябры арганізацыі просяць кіраўніцтва ведамства запатрабаваць ад расейскіх калегаў, каб тыя неадкладна распачалі апэратыўныя захады для выяўленьня і недапушчэньня дзейнасьці злачынных груповак на тэрыторыі Расеі — фактычна там вяртаецца такая зьява, як рэкет. «Перажытак ліхіх 1990-х» папраўдзе аказаўся не такім ужо і перажыткам.

Як паведаміла прэсавая служба ўпраўленьня Сьледчага камітэту Расеі па Тамбоўскай вобласьці, паводле факту забойства кіроўцы зь Беларусі заведзена крымінальная справа. Санкцыя часткі 1 артыкула 105 Крымінальнага кодэксу («Забойства») — да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Удакладняецца, што 28 кастрычніка ў лесе пры дарозе М6 «Касьпій» было знойдзена цела 33-гадовага Ігара Кнораза зь яўнымі прыкметамі гвалтоўнай сьмерці. Паводле інфармацыі сьледчых, падчас агляду зафіксаваныя шматлікія сечаныя раны на галаве. Працягваюцца сьледчыя мерапрыемствы, накіраваныя на выяўленьне акалічнасьцяў трагедыі.

Сяргей Штода, кіраўнік менскай транспартнай фірмы, адзін з заснавальнікаў «8 рэгіёну», пацьвярджае: за апошні час колькасьць выпадкаў вымаганьня грошай зь беларускіх кіроўцаў у розных рэгіёнах Расеі вырасла шматразова. Бальшыня эпізодаў фіксуецца ў Чалябінскай, Самарскай, Валгаградзкай абласьцях, Краснадарскім краі, нават у Падмаскоўі. Па словах кіроўцаў, бандытаў не бянтэжаць нават камэры відэаназіраньня на аўтазаправачных станцыях.

Як расказаў Сяргей Штода Свабодзе, кіроўца, аддаўшы рэкецірам грошы, атрымлівае «візытоўку», якая павінна служыць «ахоўнай граматай» на выпадак, калі яго зноў спыніць іншая «брыгада»:

«Мой кіроўца таксама сутыкаўся: падыходзяць і нахабна патрабуюць грошы. Маўляў, плаці за праезд па нашай вобласьці. Дык Раман пад два мэтры ростам, асабліва не наедзеш. Магчыма, выбіраюць ахвяру загадзя. Але каго ветліва, каго пагрозай ставяць перад фактам: плаці, інакш далёка не заедзеш. Патрабуюць 6 тысяч расейскіх рублёў, у эквіваленце 100 даляраў. Гэтая „аднаразовая выплата“ сапраўдная цягам году. Узамен даюць візытоўку. Прыяцель, якому дапамагаю зваротнымі замовамі, казаў, што ў Чалябінску да яго падкочваліся ажно пяць разоў! Пытаюся — дык што, плаціў? Так, кажа, аддаў адразу, затое „эскортам“ правялі на разгрузку амаль у цэнтры гораду. А ўжо пакуль чакаў „зваротку“, тэрарызавалі іншыя. Паказаў візытоўку — нібыта падзейнічала, адсталі».

Грузаперавозчык Сяргей Штода
Грузаперавозчык Сяргей Штода

Паводле суразмоўцы, пікантнасьць сытуацыі ў тым, што кіроўца — гэта найманы супрацоўнік, які робіць на гаспадара. Адпаведна, мае грошы толькі на бягучыя выдаткі — аплата дарогі, запраўка, стаянка, харчаваньне. Ніякіх іншых запасаў у яго няма, бо за рэйс разьлічваюцца па вяртаньні. Таму патрабаваць грошы ў пасярэдніка, які проста круціць «баранку», як мінімум недарэчна.

Спасылаючыся на пустыя кішэні, кіроўцам нярэдка ўдаецца вытаргаваць зьніжку, абмежаваўшыся «аброкам» у 2-3 тысячы рублёў. Тады рэкеціры пазначаюць, колькі атрымалі грошай, і папярэджваюць: наступным разам «спагоняць рэшту». Што падкрэсьлівае ня толькі адчуваньне ўласнай беспакаранасьці, але і карумпаванасьць праваахоўных органаў.

Хоць самымі крымінагеннымі з гледзішча разгулу рэкету лічацца аддаленыя расейскія рэгіёны, вымагальнікі ўсё часьцей усплываюць у цэнтральных абласьцях — Яраслаўскай, Тульскай, Ліпецкай. І калі машыны едуць па тым маршруце, Сяргей Штода патрабуе ад кіроўцаў штодня выходзіць на сувязь:

«Якраз незадоўга да забойства Ігара Кнораза мой кіроўца таксама быў у тульскіх краях. Я яго наўпрост папярэдзіў: ня ўздумай спаць дзесьці на ўзбочыне, каб зэканоміць 100 рублёў на стаянцы, бяз роздуму заварочвай на паркінг і сьпі там. Таму што за сотку даляраў нейкага „аброку“ адрэжуць галаву, ці як нашага менчука — узялі і задушылі. А ў чалавека трое дзяцей засталося. Гэта што ж за вырадкі? Магчыма, хлопец пачаў абурацца, што нічога ня дасьць. Зразумела, грошы пад нагамі не валяюцца, сямʼю трэба карміць, адкуль лішнія грошы? Дык узялі і забілі, а фуру зацягнулі на разборку кудысьці пад Мічурынск. Ніякія машыны, грузы, грошы ня вартыя чалавечага жыцьця. Здавалася, часы цемрашальства незваротна мінулі, але не ў Расеі...»

Разавыя акцыі перарастаюць у тэндэнцыю

Днямі Сяргей Штода праз вайбэр атрымаў паведамленьне ад знаёмага, якога, у сваю чаргу, папярэдзіў лягіст: «Рэкамэндуем кіроўцам, якія рухаюцца па трасе М1 па Маскоўскай вобласьці, устрымацца ад стаянак на АЗС, на стаянках чаканьня праезду па МКАД, у тым ліку для начлегаў. На дадзеным участку зьявілася бандыцкая групоўка, якая вымагае грошы „за праезд“. Перасоўваюцца на аўтамабілях „Лада“ 10-й мадэлі і чорным танаваным „Форд Фокус“. Паводле наяўнай інфармацыі, на тэрыторыі вобласьці могуць дзейнічаць і іншыя падобныя групоўкі».

Расейская дарога з вакна фуры
Расейская дарога з вакна фуры

Праваабарончая аўтамабільная арганізацыя «8 рэгіён» заклікае кіраўнікоў арганізацыяў, якія займаюцца міжнароднымі перавозкамі ў кірунку Расеі і Казахстану, праводзіць з кіроўцамі абавязковы інструктаж. Як удакладняе Сяргей Штода, асноўным пытаньнем павінна стаць бясьпека падчас прыпынкаў:

«Прыяжджаюць кіроўцы, расказваюць, што прамежкі паміж няштатнымі сытуацыямі імкліва скарачаюцца. То бок гэта ўжо ня разавыя акцыі як выключэньне, усё ператвараецца ў тэндэнцыю. Я і сам да апошняга часу ўспрымаў гэта, шчыра кажучы, зь недаверам: дзесьці аматары разводзяць, спрабуюць згуляць на дурня, „абуць як лоха“. А тут размаўляеш зь людзьмі і ўсё часьцей чуеш у адказ: ну ты даеш, зусім адстаў ад жыцьця. Дзейнічаюць нахабна, як на пачатку 1990-х. Апошні выпадак быў, мабыць, тыдзень таму — падышлі на стаянцы, наехалі. Што ім супрацьпаставіш? Ды нічога. У лепшым выпадку шкло пабʼюць ці кола парэжуць, будзеш потым паўдня вазіцца. Пра горшы варыянт ужо не кажу, бо гуманнасьць гэтым тыпам проста не ўласьцівая».

Відэа з аўтарскага каналу, прысьвечанага дальнабойшчыкам

Узьнікае дылема — плаціць ці не плаціць бандытам зь вялікай дарогі? Сяргей Штода перакананы, што такім пытаньнем грузаперавозьнікі не павінны нават задавацца, а раз і назаўсёды вырашыць праблему павінны праваахоўныя органы. Аднак сілавікі ў гэтай гісторыі выглядаюць зацікаўленым бокам:

«З аднаго боку, плаціць бандытам, мякка кажучы, няправільна. У такім выпадку гэтая зараза будзе распаўзацца далей, бо калі плывуць лёгкія грошы, ахвотных пагрэць рукі будзе толькі больш. Адпаведна, узровень небясьпекі кіроўцаў падвышаецца. Зь іншага боку, лавіць рэкеціраў — гэта непасрэдны абавязак фэдэральнай ды мясцовай паліцыі. Але праваахоўнікі амаль што нічога ня робяць, мала таго, ім, магчыма, з „абшчаку“ яшчэ і плацяць, каб яны ўсё гэта свавольства прыкрывалі. Прынамсі зь цяперашнім узроўнем карупцыі ў Расеі зусім ня дзіўна, калі людзі ў пагонах у адной долі з вымагальнікамі».

Усё часьцей гучаць прапановы дазволіць кіроўцам мець пры сабе зарэгістраваную зброю, каб супрацьстаяць вымагальнікам на глухіх расейскіх дарогах. Альбо, як больш рэальны варыянт, — перасоўвацца толькі ў складзе калёны і ў суправаджэньні ўзброенага канвою. Іншая справа, ці захочуць транспартныя кампаніі несьці немалыя дадатковыя выдаткі за такі картэж. І пакуль праблема ніяк не вырашаецца, жыцьцё дальнабойнікаў залежыць ад настрою расейскіх бандытаў.

Тым часам суполка беларускіх дальнабойнікаў у сацыяльнай сетцы «Ўкантакце» абвясьціла, што пачаўся збор сродкаў для сямʼі забітага калегі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG