Лінкі ўнівэрсальнага доступу

We Will Rock You. Вячаслаў Ракіцкі пра м'юзыклы.


http://www.youtube.com/embed/yB9i74etxfU

Над уваходам ў тэатар Dominion, што месьціцца на Татэнхэм Карт Роўд у заходнім Лёндане, стаіць помнік культаваму рок-музыку і сьпеваку, былому салісту гурту «Queen» Фрэдзі Мэрк’юры (Freddie Mercury) з ускінутай уверх рукою. Застылая плястыка вядомай ва ўсім сьвеце песьні «We are the champions». Гэтыя словы «Мы — чампіёны» можна сымбалічна адрасаваць і самому тэатру Dominion.

М’юзыкал «We Will Rock You» — сапраўды адзін з чэмпіёнаў і рэкардсмэнаў тэатральнага Лёндану. У траўні сёлета быў адзначаны дзесяцігадовы юбілей спэктаклю. За гэты час было дадзена болей як 4 тысячы прадстаўленьняў, якія паглядзелі болей за 10 мільёнаў чалавек. «We Will Rock You» стаўся і адным з самых дарагіх лёнданскіх м’юзыклаў — у яго стварэньне было ўкладзена сем з паловай мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.

“We Will Rock You” вачыма Ракіцкага
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:15:59 0:00
Наўпроставы лінк

Я глядзеў гэты спэктакль у кастрычніку сёлета. Натуральна, раней я ўжо бачыў м’юзыклы і на нью-ёрскім Брадвэі, і ў лёнданскім Вэст-Эндзе. Але тэхнічнае вырашэньне гэтага шоў усё роўна агаломшыла. Багата выкарыстаная сучасная машынэрыя сцэны, неверагодныя лазэрныя эфэкты, для шоў на спэцыяльную замову былі вырабленыя восем велічэзных плазмавых экранаў.

Пастановачная група складалася з найвялікшых імёнаў. Назаву хоць бы сцэногафаў Вільлі Уільямса (Willie Williams) і Марка Фішэра (Mark Fisher), якія раней працавалі для гуртоў «Pink Floyd», «Rolling stone», «U2». Касьцюмы распрацаваў Тым Гудчайлд (Tim Goodchild) — шматразовы ляўрэат найвышэйшай у Англіі тэатральнай прэміі імя Лоўрэнса Олів’е, які шмат працаваў з трупай Каралеўскага шэксьпіраўскага тэатру. Паставіў спэктакль Крыcтафэр Рэншоў (Christopher Renshaw) — рэжысэр шматлікіх пасьпяховых брадвэйскіх і вэстэндаўскіх м’юзыклаў. А хросным бацькам праекту выступіў выбітны амэрыканскі актор Робэрт дэ Ніра (Robert de Niro), калі ў 1996 годзе на Вэнэцыянскім кінафэстывалі ў часе сустрэчы з музыкамі «Queen» выказаў ідэю, што на падставе твораў ягонага ўлюбёнага гурту павінен паўстаць музычны спэктакль.

Мы вас страсянем, мы вас разгайдаем, мы сыграем для вас рок-н-рол. Гэта варыянты перакладу на беларускую мову назову песьні Квін We Will Rock You, якая стала і назовам спэктакля. Гэтая песьня лічыцца адным з гімнаў рок-н-ролу — музыкі свабодных людзей. І спэктакль успрымаецца як гімн рок-н-ролу і свабодзе, якая перамагае аднастайны і ўніфікаваны сьвет. Гэта яшчэ і ўслаўленьне выдатнага гурту «Queen» і яго саліста Фрэдзі Мэрк’юры. Насамрэч, у якім бы ты настроі ні прыйшоў на гэты спэктакль, ён усакалыхне цябе, разгайдае, устрасяне і ўрэшце рэшт ты засьпяваеш разам з акторамі словы гэтага гімну — We Will Rock You. Што і пабачыў я на ўласныя вочы, калі дзьве тысячы людзей усіх магчымых узростаў у адным парыве сьпявалі знаныя гіты «Queen»

Прэм’ера м’юзыкла адбылася 14 траўня 2002 году. Першымі выканаўцамі галоўных партыяў былі Tony Vincent (Galileo), Hannah Jane Fox (Scaramouche), Sharon Clarke (Killer Queen), Kerry Ellis (Meat). Адразу, як гэта часта бывае, спэктакль быў холадна прыняты крытыкай. Публіка ж успрыняла пастаноўку на «ўра». Толькі цягам сямі дзён пасьля прэм’еры касавыя зборы спэктакля склалі болей за мільён дзьвесьце тысяч даляраў, што пабіла ўсе папярэднія рэкорды тэатру Dominion. А затым пасыпаліся ўзнагароды і пастаноўкі м’юзыкла па ўсім сьвеце — ад Аўстраліі да Расеі.

З музычнага гледзішча спэктакль можна назваць каляжом з амаль што 30 гітоў гурту Queen. Але гэта не канцэртная праграма і ня шоў зь біяграфічным сюжэтам. Папулярны ў Англіі камэдыёграф Бен Элтан (Ben Elton) прыдумаў арыгінальную, фантастычную гісторыю. Лібрэта напісанае, відавочна, не бяз уплыву знакамітага фантастычнага фільма «Матрыца». Дзеяньне адбываецца ў далёкай будучыні, у нейкім оруэлскім сьвеце ў месцы, якое калісьці называлі Зямлёй і якая цяпер перайнаменаваная ў IPLANET» і кантралюецца карпарацыяй Globalsoft. Працэс глябалізацыі ўжо завершаны.

У фантастычным сьвеце GaGa ўсе аднолькава апранутыя, усе глядзяць адны і тыя ж фільмы, слухаюць адну і тую ж музыку, якую прадукуюць мегакампутары. Тут забароненыя музычныя інструмэнты, мэлёдыі можна толькі спампоўваць з гэтых кампутараў. Нармаванае жыцьцё, аднастайная культура, аднабяспечны і шчасьлівы сьвет.

Аднастайнаму, рэглямэнтаванаму сьвету заўсёды знойдзецца супраціў. Бунтаўшчыкі — прадстаўнікі Багемы (Bohemians) — вераць, што калісьці быў сапраўдны Залаты век, у які людзі гралі сваю музыку, складалі свае песьні. Яны называюць той час рапсодыяй (Rhapsody). І галоўныя героі — Галілеа і Скарамуш — выпраўляюцца на пошукі аджылых інструмэнтаў. Бо хочуць вырвацца на свабоду — жыць паводле сваіх уяўленьняў, сваіх эмоцыяў і пачуцьцяў, ствараць жывую музыку.

Шмат прыгодаў і выпрабаваньняў давядзецца перанесьці героям, каб знайсьці інструмэнты, вярнуць музыку, перамагчы ў жорсткай барацьбе магучую і, здавалася б, непераможную сілу, увасобленую у вобразе пачварнай Кілер Куін. Дзеяньне разьвіваецца ў сюжэтных калізіях чарадзейнай казкі з прыгожа пастаўленымі вакальнымі і танцавальнымі нумарамі, вартымі самай высокай ацэнкі і немалога кошту квіткоў. І, натуральна, яно завяршаецца шчасьлівым фіналам. Усё! Заслона апушчаная. Шквал авацыяў. А дзе ж найзнакаміцейшая Bohemians Rhapsody? І тут на заслоне зьяўляюцца тытры: Вы хочаце Bohemians Rhapsody? Заля ў адным парыве, стоячы зараве: Yes!!! І героі па чарзе, слупок за слупком прасьпяваюць гэты шэдэўр рок-музыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG