Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ходзіць у царкву, як большасьць беларусаў, — паставіць сьвечку і сказаць «абы не было вайны», — экспэрт


Аляксандар Лукашэнка падчас каляднага набажэнства 7 студзеня ў Сьвята-Духавым катэдральным саборы ў Менску заявіў, што найперш трэба маліцца за спакой і мірнае неба над Беларусьсю.

«Мы ў гэтым пераканаліся на прыкладзе нашых суседзяў: калі вайна, тады ня хочацца нічога. Толькі міру. Толькі б захаваць жыцьцё. І людзі думаюць нават не пра сябе. Людзі думаюць пра сваіх дзяцей. Таму першы наш зварот да Госпада, каб ён сапраўды нас абараніў і захаваў нашу краіну такой, якой яна ёсьць цяпер», — заявіў учора Лукашэнка.

Палітоляг Павал Вусаў з нагоды гэтай заявы сказаў Свабодзе, што старая формула «Абы не было вайны» выкарыстоўвацца Лукашэнкам для запалохваньня беларусаў:

Павал Вусаў
Павал Вусаў

«Мы бачым, што адраджаецца і набывае новае дыханьне лёзунг „Абы не было вайны“. Гэта зыходзіць з пастулятаў і стэрэатыпаў беларускага грамадзтва, у якое доўгія часы, яшчэ з савецкага пэрыяду, укладалася ідэя пра важную ролю Вялікай Айчыннай вайны ў гісторыі Беларусі. Фактычна, згодна зь беларускай афіцыйнай ідэалёгіяй, беларуская гісторыя пачынаецца з ахвярнасьці беларускага народу падчас Другой усясьветнай вайны. Менавіта таму гэты міт вельмі актыўна падтрымліваецца і ў школах, і ў ВНУ, дзе ўведзены адмысловы абавязковы курс „Вялікая айчынная вайна“. Тут жа можна ўзгадаць Лінію Сталіна зь Дзедам Марозам — абсурднае паяднаньне тэмы вайны з сучаснасьцю.

Тэма вайны — даўно архаізм, але ў Беларусі яна працягвае быць эфэктыўнай. А з нагоды таго, што адбываецца ва Ўкраіне і Сырыі, тэма вайны набывае новае гучаньне. Формула старая, але дзякуючы сучасным падзеям яна набывае новы сэнс. Беларусаў пужаюць вайной, імігрантамі і нестабільнасьцю і падкрэсьліваюць, што дзякуючы палітычнай волі Лукашэнкі, нягледзячы на кепскі стан эканомікі, мы жывем у стабільнай краіне. Гэты міт актыўна прадаваўся падчас выбарчай кампаніі, калі з парадку дня зьнікла пытаньне эканамічнага разьвіцьця і росту заробкаў».

Паводле палітоляга, праваслаўная царква ўкладаецца ў дзяржаўную схему і служыць плятформай для падтрыманьня ваеннай міталёгіі. Павал Вусаў адзначыў, што Аляксандар Лукашэнка выкарыстоўвае любую магчымасьць для акцэнтаваньня важных момантаў, якія абсалютна не зьвязаныя з духоўнасьцю, а тычацца ягонай асабістай улады:

«Для Лукашэнкі няма межаў — ня важна, ці гэта духоўная пляцоўка, ці сьвецкая. Лукашэнка разглядае царкву як элемэнт прапагандысцкай машыны і палітычнага рэжыму. Па сутнасьці, так і ёсьць: з аднаго боку, царква праслаўляе ці, прынамсі, не крытыкуе дзеяньні Лукашэнкі, а зь іншага — дзяржава робіць усё магчымае, каб замацаваць пазыцыі праваслаўнай царквы ў грамадзтве, і выкарыстоўвае яе як эфэктыўны элемэнт дадатковага ўплыву на сьвядомасьць і культуру беларусаў.

Значная частка беларусаў — праваслаўныя атэісты, яны цалкам укладаюцца ў схему, згодна зь якой жыве сам Лукашэнка, які ходзіць у царкву, ня верыць у Бога і не прытрымліваецца біблійных запаветаў, але выкарыстоўвае царкоўныя рытуалы і дагматыку.

Такая сэкулярызаваная вера характэрная для пераважнай часткі нашага грамадзтва. Таму ў людзей няма разуменьня таго, што дарэчна і што недарэчна казаць у царкве. У Беларусі, як і ў Расеі, сфармавалася думка пра тое, што дзяржава і царква — гэта адно. Але празь дзяржаву царква ня можа ўплываць на грамадзтва, а вось дзяржава выкарыстоўвае царкву для пашырэньня аўтарытарнай сьвядомасьці».

Адзначыўшы, што ўлада ні ў якім разе не павінна залішне ўмешвацца ў справы царквы, Лукашэнка заявіў, што царква павінна дзейнічаць у адпаведнасьці з законам, Канстытуцыяй. «А хто стварае закон і Канстытуцыю? Дзяржава, яе прадстаўнікі. Вось і адказ на пытаньне аб рэальным становішчы спраў», — адзначыў ён.

«І ўсе ў царкве, прабачце мне за гэтую заўвагу, як прэзыдэнт і кіраўнік дзяржавы я магу гэта сказаць, павінны разумець: Царква дзейнічае і функцыянуе ва ўмовах сувэрэннай і незалежнай дзяржавы. Так, мы частка гэтага праваслаўнага сьвету, які называецца Руская праваслаўная царква. Мы не імкнёмся там да нейкай незразумелай аўтаноміі і самастойнасьці, хоць шчыра скажу — мы гэта абмяркуем яшчэ на сустрэчы са сьвятарамі — царква павінна разьвівацца», — падкрэсьліў Аляксандар Лукашэнка.

Натальля Васілевіч
Натальля Васілевіч

Кіраўніца інтэрнэт-сайту «Царква», палітоляг і багаслоў Натальля Васілевіч увогуле адзначыла, што набажэнства, на якім прысутнічаў Лукашэнка, было фармальнае — падчас яго прагучаў толькі адзін калядны кандак:

«Гэта было асобнае мерапрыемства, якое адбывалася пасьля сапраўднага набажэнства. Людзі былі запрошаныя адмыслова: невялікая колькасьць праваслаўных вернікаў для стварэньня масоўкі, а таксама супрацоўнікі Службы бясьпекі, якіх было найбольш. Адбылося мерапрыемства, якое ні ў якім разе нельга лічыць богаслужэньнем.

Лукашэнка, відавочна, ня любіць малітвы і іншыя абавязковыя элемэнты службы. Але ён сам любіць пагаварыць.

Людзі, якія прысутнічалі на гэтым мерапрыемстве, былі вельмі зьдзіўленыя — прагучаў толькі адзін сьпеў у гонар Нараджэньня Хрыстовага, у самым канцы імпрэзы. Сам Лукашэнка нічога не сказаў пра Раство. Гэта чыстая інструмэнталізацыя — ён выступаў на камэру, нават не перад тымі вернікамі, якія былі ў саборы».

Натальля Васілевіч адзначыла, што ня трэба занадта сур’ёзна ставіцца да заяваў Лукашэнкі пра разьвіцьцё і рэформы праваслаўнай царквы:

«Знайсьці праграмныя выказваньні ў прамовах Аляксандра Лукашэнкі заўсёды цяжка, таму што, асабліва калі ён гаворыць „без паперкі“, яго нясе. У галаву прыходзяць супярэчлівыя думкі, якія ён спрабуе аформіць у словы. Так, некалі ён выказваўся пра рэфармаваньне праваслаўнай царквы, маўляў, трэба службы зрабіць карацейшымі. Ну, як мы пабачылі, апошнюю службу на Раство для Лукашэнкі сьціснулі да мінімуму, — прасьпявалі толькі адзін кандак. Фактычна ніякай службы не было. Лукашэнка прыйшоў, каб паставіць сьвечку. Зь іншага боку, Лукашэнка заўсёды імкнецца ажыцьцяўляць палітыку ў дачыненьні да праваслаўнай царквы — найперш, каб падражніць Маскву, але пры гэтым не пераступіць нейкую мяжу. Я не выключаю, што Лукашэнка думае пра большую аўтаномію Беларускай праваслаўнай царквы ад Маскоўскага патрыярхату. Безумоўна, яму гэта выгадна, бо тады прэзыдэнт стане патрыярхам для Беларускай праваслаўнай царквы. Але наўрад ці ў гэтым рэчышчы будуць зробленыя нейкія канкрэтныя дзеяньні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG