Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Самае галоўнае — гэта права жыць


(Справа налева) Мітрапаліт Павел, Аляксандар Лукашэнка і Мікалай Лукашэнка на набажэнстве ў Сьвята-Духавым катэдральным саборы. Менск, 7 студзеня 216 году
(Справа налева) Мітрапаліт Павел, Аляксандар Лукашэнка і Мікалай Лукашэнка на набажэнстве ў Сьвята-Духавым катэдральным саборы. Менск, 7 студзеня 216 году

Дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі ня менш, чым у іншых. Пра гэта заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас каляднага набажэнства 7 студзеня ў Сьвята-Духавым катэдральным саборы ў Менску.

«Мы будзем жыць у абсалютна дэмакратычным прававым грамадзтве, як мы жылі да гэтага часу, як бы нас ні крытыкавалі. Праўда, крытыкі, якія нас падвяргалі зьбіцьцю ў гэтым пытаньні, сёньня змоўклі, пераканаўшыся ў тым, што і дэмакратыі, і правоў чалавека ў Беларусі ня менш, чым у іншых. А я пра гэта казаў заўсёды. І самае галоўнае — гэта права жыць. Нікому не патрэбна такая дэмакратыя, дзе кожны дзень на вуліцы страляюць і забіваюць за год сотні тысяч людзей. Таму мы будзем жыць у адкрытым грамадзтве, дзе чалавек павінен гаварыць тое, што ён думае, дзе чалавек павінен выказваць свае думкі. Але калі большасьцю або паводле закону прынятае рашэньне — прабачце, яму трэба падпарадкоўвацца. Бо гэта два крокі да вайны, калі так ня будзе».

Аляксандар Лукашэнка выступае з прамовай у Сьвята-Духавым катэдральным саборы ў Менску
Аляксандар Лукашэнка выступае з прамовай у Сьвята-Духавым катэдральным саборы ў Менску

Пры гэтым Лукашэнка падкрэсьліў, што ў грамадзтве павінен быць парадак:

«Але ні ў якім разе — ніякага гвалту, ніякага зьдзеку з чалавека, ніякага прыніжэньня чалавека».

Паводле кіраўніка краіны, асноўнай сутнасьцю беларускай палітыкі стануць клопат і падтрымка дзяцей і старых.

«Я рызыкнуў нядаўна, у канцы мінулага году, сказаць, што наступны год ня будзе лягчэйшы, чым сыходзячы. Вы бачыце, што адбываецца вакол нашай краіны. Многія людзі ў нас у грамадзтве кажуць, па-беларуску: «добра, перажывем, абы не было вайны».

Паводле Лукашэнкі, у гэтых словах ёсьць вялікі сэнс.

Аляксандар Лукашэнка і Мітрапаліт Павел у Сьвята-Духавым катэдральным саборы
Аляксандар Лукашэнка і Мітрапаліт Павел у Сьвята-Духавым катэдральным саборы

«І мы ў гэтым пераканаліся на прыкладзе нашых суседзяў: калі вайна, тады ня хочацца нічога. Толькі міру. Толькі б захаваць жыцьцё. І людзі думаюць нават не пра сябе. Людзі думаюць пра сваіх дзяцей. Таму першы наш зварот да Госпада, каб ён сапраўды нас абараніў і захаваў нашу краіну такой, якой яна ёсьць цяпер. Большага мы проста ня можам прасіць сёньня. Таму што ўсё астатняе залежыць ад нас. Бо калі будзе мір, то чалавек зможа зрабіць усё».

Паводле Лукашэнкі, «нам трэба спадзявацца толькі на сябе, кожны чалавек павінен разьлічваць толькі на сябе, а ўсё, што зможа дзяржава, яна зробіць для народа».

«Я, наколькі гэта магчыма, дэманстраваў палітыку, якую мы будзем праводзіць у бліжэйшы час. І сутнасьцю гэтай палітыкі стануць дзеці і старыя. Маладымі мы ўжо ня будзем ніколі, мы абавязкова будзем старымі. Як мы ставімся да старэйшага пакаленьня, так і да нас будуць ставіцца нашыя дзеці».

(Справа налева) Мітрапаліт Павел, Аляксандар Лукашэнка і Мікалай Лукашэнка на набажэнстве ў Сьвята-Духавым катэдральным саборы
(Справа налева) Мітрапаліт Павел, Аляксандар Лукашэнка і Мікалай Лукашэнка на набажэнстве ў Сьвята-Духавым катэдральным саборы

Што тычыцца дзяцей, Лукашэнка адзначыў, што гэта — будучыня. «Мы не павінны іх залішне аберагаць, апекаваць. Яны ў нас мудрыя сёньня. У іх ёсьць магчымасьць ва ўсім разабрацца, прытым правільна разабрацца. Трэба толькі дапамагчы накіраваць іх па правільнай дарозе, па якой яны павінны пайсьці».

Паводле Лукашэнкі, гэта і ёсьць сутнасьць сацыяльнай палітыкі, якая будзе праводзіцца ў краіне.

На набажэнства Лукашэнка прыйшоў разам са сваім малодшым сынам Мікалаем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG