Лінкі ўнівэрсальнага доступу

60 замежнікаў будуць вывучаць беларускую мову ў Міжнароднай летняй школе беларусістыкі


Летні Менск з вышыні палёту. Фота Дзьмітрыя Важніка
Летні Менск з вышыні палёту. Фота Дзьмітрыя Важніка

З 30 чэрвеня па 15 ліпеня ў Менску будзе працаваць Міжнародная летняя школа беларусістыкі. Сёлета 60 замежнікаў, якія хочуць удасканальвацца ў беларускай мове і беларусазнаўстве, прыедуць у Беларусь з усяго сьвету — з Аўстраліі, Японіі, Індыі, Кітаю, Партугаліі, Вялікай Брытаніі, Вугоршчыны ды іншых краін.

Гэты праект запачаткаваны яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў на катэдры беларусазнаўства філялягічнага факультэту БДУ, якой тады кіраваў Уладзімер Навумовіч. У самай першай Міжнароднай школе беларусістыкі навучаліся 68 замежнікаў, а выкладала (разам з дасьведчанымі прафэсарамі і дацэнтамі) філфакаўская моладзь — Юрась Бушлякоў, Сяргей Запрудзкі, Тацяна Рамза.

Тры гады школа адпрацавала, а потым некалькі год быў перапынак. Пазьней, ужо на катэдры беларускай мовы філфаку БДУ, міжнародныя летнікі школы аднавіліся.

Летась ініцыятыву філфаку працягнуў Рэспубліканскі інстытут вышэйшай адукацыі. Трэба пільна выпрацаваць стандарты вывучэньня беларускай мовы як замежнай, кажа прафэсар Лідзія Сямешка:

«Ёсьць такі тэрмін: агульнаэўрапейская кампэтэнцыя валоданьня мовай як замежнай. Сёньня ў Эўропе ўведзены новыя падыходы да выкладаньня замежных моў, новыя стандарты — так званы ўзроўнева-кампэтэнтнасны падыход. Калі распачаўся праект „Эўропа бязь межаў“, вялікую ўвагу сталі надаваць вывучэньню моў, бо разам з мовай людзі вывучаюць і культуру краіны. Стандарты распрацаваныя ўжо па ўсіх 23-х мовах Эўразьвязу. Расейцы, казахі таксама распрацавалі стандарты, а беларуская мова неяк засталася наўзбоч. Трэба ж і нам уваходзіць у эўрапейскую прастору.

Мы павінны падаць сваю заяўку ў агульнаэўрапейскую сыстэму моўнага тэставаньня. А дзеля гэтага трэба зрабіць стандарт, які адпавядаў бы эўрапейскім стандартам вывучэньня замежных моваў. Бо мэтодыка выкладаньня мовы як замежнай істотна адрозьніваецца ад мэтодыкі выкладаньня мовы як роднай. І такі стандарт пачаў распрацоўвацца. Праграма будзе рэалізоўвацца на працягу пяці гадоў — з 2016 па 2020. Трэба распрацаваць адукацыйныя стандарты, тыпавыя праграмы, падрыхтаваць сэртыфікацыйныя тэсты, каб кожны чалавек, які зацікавіўся б беларускай мовай, мог ня толькі вывучыць яе, але яшчэ і пацьвердзіць свае веды адпаведным сэртыфікатам. Вось для гэтага і патрэбныя такія школы».

Летась вывучаць і ўдасканальваць беларускую мову ў Міжнародную летнюю школу прыехала 30 замежнікаў. Сёлета чакаюць удвая больш — 60 чалавек. Зь іх 29 чалавек будуць вывучаць беларускую мову на пачатковым узроўні. Прытым давялося абмяжоўваць прыём, ахвотных было значна больш, кажа загадчыца катэдры моладзевай палітыкі і сацыякультурнай камунікацыі Рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы Людміла Кажухоўская:

«Сёлета будзе прадстаўлена Аўстралія, Вялікая Брытанія, Індыя, Аўстрыя, Партугалія, Чэхія, Нямеччына, Польшча Літва, Латвія, Украіна, Расея — геаграфія вельмі шырокая. З Эстоніі заяўку падаў грамадзянін Кітая. Японка Сыёры Кіёсава, наша леташняя навучэнка, сама прыехаць ня можа, і дасылае сваю, як яна сказала, самую адданую вучаніцу.

Мы спалучаем практычныя заняткі па беларускай мове для самых розных узроўняў — ад пачатковага да самага высокага. Кожны дзень праходзяць дзьве пары практычных заняткаў і дзьве лекцыі — па мовазнаўстве і па літаратуразнаўстве або па гісторыі і культуры Беларусі. Лекцыі чытаюць беларускія навукоўцы. А другую палову дня — вялізная культурная праграма».

На пытаньне Радыё Свабода, чым можна патлумачыць такую вялікую цікаўнасьць да беларускай мовы ў замежнікаў, Людміла Кажухоўская адказала так:

«У першую чаргу, гэта цікавасьць да краіны. Менавіта да краіны, бо Беларусь жа знаходзіцца ў цэнтры Эўропы. Мовай таксама цікавяцца, бо звычайна філёлягі вывучаюць усе славянскія мовы, і цікавасьць да беларускай мовы як да славянскай таксама вялікая. Ну, і сама культурная праграма вельмі цікавая і насычаная. Мы яе вельмі добра рыхтавалі і рэклямавалі.

Мы запрашаем людзей пад нашы гарантыі, што яны ўбачаць у Беларусі ўсё найлепшае, сустрэнуцца з самымі выбітнымі нашымі дасьледчыкамі, навукоўцамі, творцамі».

Беларускі бок аплачвае культурную праграму і навучаньне. Замежнікі аплачваюць дарогу і харчаваньне, а таксама пражываньне ў гатэлі РІВШ па прыймальных коштах (5 эўра за суткі). Арганізаваць разнастайную культурную праграму фінансава дапамагло Міністэрства адукацыі. Госьці наведаюць, акрамя Менску, Мір, Наваградак, Заслаўе, Вязынку, Залесьсе. Будзе інтэрактыўная экскурсія «Таямніца князя».

МЗС таксама падтрымаў арганізатараў Міжнароднай школы беларусістыкі — усе навучэнцы атрымалі бясплатныя візы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG