Удакладняецца, што праз Меднікі могуць праяжджаць асобы, якія маюць дыпляматычныя пашпарты або перавозяць дыпляматычную пошту Літвы; якія вандруюць са спрошчаным транзытным дакумэнтам; асобы, якія едуць транзытам у Калінінградзкую вобласць (РФ) зь Беларусі і назад; грамадзяне Літвы, краіны ЭЗ і члены іх сем’яў, якія ўяжджаюць у Літву, уладальнікі віду на жыхарства ў Літве.
Рух у пункце пропуску Каменны лог (Меднікі) ужо аднавіўся, але толькі для згаданых вышэй катэгорый, паведамляюць карыстальнікі памежных чатаў.
Беларуская мытня пацьвярджае, што названыя катэгорыі грамадзян пачалі перасякаць мяжу праз пункт пропуску «Каменны Лог» з 14.30, піша БЕЛТА.
Як паведамлялася, прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене пасьля праведзенага 27 кастрычніка пасяджэньня Камісіі па нацыянальнай бясьпецы заявіла, што ў сувязі з масавымі залётамі мэтэазондаў з тэрыторыі Беларусі ўрад балтыйскай дзяржавы падрыхтаваў праект пастановы аб закрыцьці мяжы «на нявызначаны тэрмін».
Паводле яе слоў, у рашэньні прадугледжаныя выключэньні: «Гэта азначае, што дыпляматы і дыпляматычная пошта змогуць перасоўвацца, а нашы грамадзяне і грамадзяне краін ЭЗ таксама змогуць уяжджаць да нас зь Беларусі, але ўсё астатняе перамяшчэньне будзе закрытае. Такім чынам, мы пасылаем сыгнал Беларусі і кажам, што не пацярпім тут ніякіх гібрыдных нападаў, мы прымем усе самыя строгія меры для спыненьня падобных нападаў».
«Гэтыя гібрыдныя атакі, падобныя тым, што былі зьдзейсьненыя з мігрантамі, накіраваныя на праверку бясьпекі NATO і наносяць шкоду эканоміцы Літвы. Мы падтрымліваем такія санкцыі, як спыненьне транзыту тавараў, пры гэтым пакідаючы межы адкрытымі для пасажырскіх перавозак», — напісала палітык.
Агенцтва BNS пазьней удакладніла, што, паводле слоў Рунігене, Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы падоўжыць да 29 кастрычніка рашэньне аб закрыцьці мяжы з Беларусьсю. Першапачатковае рашэньне ведамства прыняло ўвечары 26 кастрычніка на 24 гадзіны.
Мінулай ноччу з прычыны залёту аэрастатаў у чацьвёрты раз прыпыняў працу аэрапорт у Вільні. Таксама Літва прыкладна з 22:10 закрыла абодва наземныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Апошні раз да гэтага яны зачыняліся з 22:45 25 кастрычніка да 2:00 26 кастрычніка.
Раней прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа прапанаваў абмежаваць транзыт з Беларусі ў Калінінградзкую вобласьць (РФ) праз залёт у краіну аэрастатаў.