Сёмы год цягнецца ў Гомелі гісторыя перасяленьня жыхароў прыватных дамоў з вуліц Тэльмана і Кніжная ў выніку ўшчыльненьня забудовы, дазволенай гарвыканкамам на просьбу таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Цэнтар-лізінг».
Гарадзкі выканаўчы камітэт ужо тройчы прымаў рашэньне адабраць зямельныя надзелы ва ўласьнікаў прыватных дамоў на вуліцах Тэльмана і Кніжнай. За гэты час два дамы зьнесьлі, на іх месцы паўстаў дзесяціпавярховы шматкватэрнік. Яшчэ дзясятак сямей, якія маюць сваю ўласнасьць у шасьці прылеглых да навабуда дамах, аказаліся ў падвешаным стане.
Дзьмітры Рыбак, гаспадар прыватнай сядзібы № 13 на вуліцы Тэльмана, не хавае трывогі: «Я ўжо апасаюся, што грунт пад фундамэнтам майго дома зрушыцца ў выкапаны й прыкрыты дошкамі катлаван для паркінгу, і ён увесь ляжа на тэрасу шматпавярховіка».
Уласьнік апавёў, што ўзьведзены высокі гмах па абедзе засланяе сонца, на гародзе нічога не расьце, а яго сядзіба — як на далоні для дзесяці паверхаў новых суседзяў.
«Прадстаўнікі таварыства „Цэнтар-лізінг“ толькі абяцаюць варыянты перасяленьня, але рэальных крокаў ня робяць. Выглядае, што ніхто ім у горадзе ня ўказ», — падагульняе Дзьмітры.
Каб здаць першы з двух заплянаваных тут дамоў, «Цэнтар-лізінг» мусіў забясьпечыць новы гмах электраэнэргіяй. А без падстанцыі гэта зрабіць было нельга. Дырэкцыя ўгаварыла Валера Коханава «пасадзіць» падстанцыю на ягоным участку № 17, побач з будовамі, абяцаючы гаспадару хуткае перасяленьне.
«Было столькі перажываньняў, апасеньняў з-за гэтай электрападстанцыі. Не дачакаўся, небарака, перасяленьня — памёр», — са шкадаваньнем згадваюць пяцідзесяцісямігадовага мужчыну суседзі.
Міхаіл Пракоф’eў, які мае ва ўласнасьці палову дома на Кніжнай вуліцы, кажа, што сваім ушчыльненьнем на карысьць неабавязковага забудоўшчыка ўлады нібы кайданкі на рукі накінулі:
«Я не магу ні прыбудоўку якую паставіць, ні падарыць сваю ўласнасьць, ні прадаць — мы ўсе на гэтым лапіку зямлі паміж шматпавярховікамі зьвязаныя па руках і нагах. Выпраўлялі нас напачатку паглядзець кватэры то на вуліцу Жукава, то ў мікрараён „Гомсельмаш“. Там такую старызну паказвалі, што яшчэ тысяч дваццаць даляраў трэба было ўкласьці, каб туды перабрацца жыць.
А кватэру тут на месцы, у новапабудаваным шматпавярховіку, нават не прапаноўвалі.
Цяпер наагул ад „Цэнтра-лізінгу“ і ягонага дырэктара Канстанціна Царкова ні слыху ні прослыху».
Яшчэ больш займальная гісторыя дачыненьняў таварыства «Цэнтар-лізінг» і Кастуся Жукоўскага, грамадзкага актывіста і найбліжэйшага да шматпавярховага навабуду ўласьніка сядзібы № 10 па Кніжнай вуліцы.
«Спачатку мне прапаноўвалі за мой дом, які трапляе пад знос, раўназначныя кватэры ў гэтым новым шматпавярховіку. Я, канечне, пагадзіўся, але мяне проста абдурылі. Потым на словах прапаноўвалі кватэры, якія пазьней фігуравалі ў крымінальнай справе былога старшыні гарвыканкаму Віктара Піліпца. Я нават мусіў з гэтай нагоды даваць тлумачэньні ва ўправе КДБ, якая пачынала раскручваць махінацыі з кватэрамі пад знос. А пасьля наагул павесіў на свой дах палотнішча з надпісам, што справа Піліпца працягвае жыць».
У лютым 2014 году гарвыканкам прыняў трэцяе рашэньне № 125-10, паводле якога зямельны ўчастак Жукоўскага зноў забіраюць для дзяржаўных патрэбаў, а дом падлягае зносу. Тым больш вежавы кран стаяў пад вокнамі дамка, а розны будаўнічы друз падаў на падворак і дах дому.
Сьледам за новым рашэньнем гарвыканкаму пачалася новая чарада абяцаньняў. Кастусь Жукоўскі ды іншыя гаспадары пагадзіліся былі пераяжджаць у прапанаваны дом на Яраслаўскай вуліцы. Гэты варыянт прапаноўвалі сям’і Жукоўскага й на прыёме ў старшыні гарвыканкаму Пятра Кірычэнкі, дзе прысутнічалі й прадстаўнікі таварыства «Цэнтар-лізінг».
Варыянт гэты людзей задавальняў — яны нават падалі пісьмовыя згоды. Забудоўшчыку заставалася толькі зрабіць рамонт. Але з гэтага, заўважае Жукоўскі, таксама нічога не атрымалася.
«Нейкая такая гульня ў кошкі-мышкі: „Цэнтар-лізінг“ прапануе нейкі варыянт і не выконвае яго.
Выглядае, проста цягне час, пакуль скончыцца дзеяньне чарговага рашэньня гарвыканкаму на знос нашых дамоў. Таму я зьвяртаўся ў суд, каб той абавязаў „Цэнтар-лізінг“, а заадно і гарвыканкам, выканаць свае абавязаньні, як таго патрабуе ўказ прэзыдэнта № 58 „Аб некаторых мерах па абароне маёмасных правоў пры адчужэньні зямельных участкаў для дзяржаўных патрэбаў“. Але суд нас, уласьнікаў, не падтрымаў. Як высьветлілася, дом, куды „Цэнтар-лізінг“ нібыта зьбіраўся нас перасяляць, яму не належаў, а гарвыканкам наагул да справы нібыта ня мае дачыненьня, бо задача перасяленьня ўладальнікаў прыватных дамоў ускладзена на забудоўшчыка».
Тады Кастусь Жукоўскі пагадзіўся атрымаць ад забудоўшчыка грашовую кампэнсацыю, каб самому набыць кватэру для сям’і.
«Дамову з таварыствам „Цэнтар-лізінг“ наконт атрыманьня грашовай кампэнсацыі за дом мы заверылі натарыяльна. Таварыства выплаціла невялікі задатак, паабяцаўшы да 2 лютага разьлічыцца поўнасьцю. Зараз ужо амаль палова сакавіка, але, апроч таго мізэрнага задатку, я нічога так і не атрымаў. Да таго ж 6 лютага скончыўся тэрмін дзеяньня ўжо трэцяга рашэньня гарвыканкаму № 125-10 пра адабраньне зямельных участкаў для дзяржаўных патрэбаў. Кіраўнікі таварыства, мусіць, зноў наважыліся чакаць, марнуючы людзей», — кажа Жукоўскі.
Выглядае, што «Цэнтар-лізінг» як ініцыятар ушчыльненьня забудовы на вуліцах Тэльмана і Кніжнай зноў ставіць уласьнікаў прыватных дамоў на канвэер валакіты і пакутаў.
Адвакат Андрэй Васільеў, які ад імя таварыства «Цэнтар-лізінг» падпісвае дамовы і пагадненьні, заяўляе, што не ўпаўнаважаны тлумачыць, чаму яны не выконваюцца. Тэлефон гомельскага офісу таварыства чамусьці не дасяжны, а дырэктар Канстанцін Царкоў свой тэлефон з маскоўскім нумарам не бярэ ці, калі й бярэ, то выбарачна. Ну, а Гомельскі гарвыканкам рэалізацыя правоў уласьнікаў, чые дамы падпалі пад знос, відаць, асабліва не турбуе, хоць ён і зарэгістраваў у свой час таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Цэнтар-лізінг».