Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская пратэстанцкая царква трапіла ў зону будучай транспартнай разьвязкі


Хрысьціяне поўнага Эвангельля з царквы «Слова веры» ў Менску рызыкуюць застацца без будынку, зямлі і юрыдычнага адрасу.

У Кастрычніцкім раёне Менску адбылося грамадзкае абмеркаваньне «Дзяржаўнага праекту дэталёвага плянаваньня ў межах вуліц Кіжаватава — Казінца — Каржанеўскага». Гэта этап падэтальнага абмеркаваньня Генэральнага пляну разьвіцьця Менску ў раёнах гораду. «Грамадзкае абмеркаваньне» ў будынку адміністрацыі Кастрычніцкага раёну сабрала перадусім мясцовых чыноўнікаў, аўтараў праекту і журналістаў дзяржаўных мэдыяў. Зь мясцовых у залю паседжаньняў прыйшлі ўсяго некалькі жыхароў раёну.

Людзі не прыйшлі — ня ведалі

Высьветлілася, што пра абмеркаваньне пляну разьвіцьця свайго раёну многія мясцовыя жыхары нічога ня ведалі. Грамадзкая актывістка Людміла Белахвостава кажа:

«Я заўсёды гляджу інфармацыю ў інтэрнэце, праглядаю газэты, абвесткі вулічныя, але такога паведамленьня пра грамадзкае абмеркаваньне нідзе ня бачыла. Таксама маю шмат сяброў, знаёмых, якія жывуць у нашым раёне, часта кантактую, але і яны нічога не казалі, што адбудзецца такое абмеркаваньне».

У залі паседжаньняў, дзе сабраліся ўдзельнікі абмеркаваньня, сярод людзей чыноўніцкага выгляду — у гарнітурах з тэчкамі дакумэнтаў — вылучаліся некалькі чалавек пэнсійнага веку ў верхняй вопратцы. Яны і задалі ўсяго некалькі пытаньняў, якія засталіся без адказу. Адна зь іх, спадарыня Леаніда, сказала Свабодзе:

«Я даведалася пра сход выпадкова, бо зайшла ў будынак адміністрацыі па сваіх справах. Натуральна, што такое абмеркаваньне мяне не задавальняе.

У гэтым пляне гаворыцца пра разьвіцьцё прамысловасьці, транспарту, што заводы будуць пашырацца. А мяне перадусім цікавіць экалёгія — здароўе будучых пакаленьняў. Але тут ніяк не гаворыцца пра зялёныя зоны, пра паркі ці дрэвы. А мы сьведкі, што падчас будаўніцтва супэрмаркетаў, як гэта нядаўна адбылося з „Каронай“, увесь час высякаюцца старыя дрэвы. Зеляніны становіцца ўсё менш, і экалёгія ў нас увесь час пагаршаецца. А вада ў нашым раёне... з лужыны п’ём, дзе качкі і гусі купаюцца. Ня ведаю, якая была задача гэтага пляну, але я ня бачу ў гэтым пляне клопату пра жыхароў».

Квартал, дэталёвы плян якога абмяркоўваўся
Квартал, дэталёвы плян якога абмяркоўваўся

«Слова веры» пад пагрозай

Аўтары праекту не хаваюць, што галоўнае ў пляне разьвіцьця — арганізацыя новых транспартных лініяў. Галоўнай сярод іх мае стаць чарговая лінія мэтро. І, як часам здараецца, пэрспэктыўныя пляны ідуць насуперак інтарэсам жыхароў ці арганізацыяў. Кастрычніцкі раён ня стаў выключэньнем: плян дэталёвага разьвіцьця пагражае існаваньню шэрагу рэлігійных арганізацыяў, якія месьцяцца ў гэтай частцы гораду. Пра гэта Свабодзе сказаў прадстаўнік рэлігійнай супольнасьці Хрысьціян поўнага Эвангельля з царквы «Слова веры» Андрэй Фраліхін:

«Па вуліцы Каржанеўскага, 24 мы маем будынак, дзе ёсьць юрыдычныя адрасы некалькіх рэлігійных арганізацыяў. Адна зь іх — Хрысьціяне поўнага Эвангельля. У гэтую тэрыторыю забудовы трапляе наш будынак, і празь яго мае прайсьці транспартная разьвязка. Таму нас вельмі хвалюе цяпер лёс нашай супольнасьці, бо мы застаёмся без будынка, безь зямлі і безь юрыдычнага адрасу. Шмат што будзе залежаць ад інвэстара, а інвэстара няма, і ўсё ў падвешаным стане на няпэўны час. І ніхто нам ня можа адказаць, як нам быць далей — ніхто нічога не абяцае: ні кампэнсацыі, ні зямлі — поўная прастрацыя».

Распрацоўнікі дэкляруюць рэалізацыю Дзяржаўнага праекту дэталёвага плянаваньня ў 2020 годзе. Аднак спачатку праект павінен быць зацьверджаны і выстаўлены на аўкцыён для інвэстараў. Як хутка пройдуць адміністрацыйныя працэдуры, а галоўнае — хто будуць інвэстары і як яны палагодзяць адносіны з гаспадарамі будынкаў, якія паводле пляну апынуліся на шляху плянаванай будоўлі, на сустрэчы ніхто з прысутных праектантаў і чыноўнікаў адказаць ня змог.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG