Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты БНФ ідуць на галадоўку. Лукашэнка церпіць фіяска


Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 красавіка 1995 году. Фота Лявона Дзейкі
Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 красавіка 1995 году. Фота Лявона Дзейкі

Радыё Свабода публікуе фрагмэнты новай кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты». У гэтым разьдзеле — пра пачатак галадоўкі дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Авальнай Залі.

10 красавіка 1995 году Вярхоўны Савет працягваў абмеркаваньне прапанаваных прэзыдэнтам Лукашэнкам пытаньняў на рэфэрэндум.

Лукашэнка мяняў фармулёўкі; напрыклад, пытаньне пра мову гучала так: «Ці зацьвярджаеце Вы дзяржаўны статус рускай і беларускай моў?». І калі нехта лічыў патрэбным захаваць статус толькі беларускай мовы — ён быў абавязаны галасаваць і за статус расейскай. Калі ж ён выступаў супраць статусу расейскай — ён, такім чынам, выкрэсьліваў і дзяржаўны статус беларускай мовы.

(Між іншым, паказальна, што ў гэтай фармулёўцы Лукашэнкі руская мова была на першым месцы (хаця, паводле традыцыі пераліку, павінна была б ісьці па альфабэце — на другім, пасьля беларускай).

Я паспрабаваў давесьці да Лукашэнкі лягічную абсурднасьць пытаньня, цытую стэнаграму:

«Навумчык С. Н. (Віцебская-Чыгуначная акруга № 181)... Аляксандар Рыгоравіч, Вам, можа, не зразумелыя нейкія юрыдычныя тлумачэньні, пераходжу на бытавую мову. Скажам, у дваццацігадовай дзяўчыны пытаюць: скажы, Маша, ці хочаш ты ажаніцца зь Пецям ці Сашам? (тут, канешне, прамоўца памыліўся: дзяўчаты ня жэняцца, а выходзяць замуж — удакладненьне 2015 г.). І яна адкажа — „Не“. А можа, яна зь Пецем — хоча? Разумееце?».

Нарэшце, у канчатковым выглядзе Лукашэнка сфармуляваў пытаньні наступным чынам:

«Ці згодны Вы з наданьнем рускай мове аднолькавага статусу зь беларускай?».

«Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага эерба Рэспублікі Беларусь?»

«Ці падтрымліваеце Вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй?"»

«Ці згодны Вы зь неабходнасьцю ўнясеньня зьмяненьняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага ці грубага парушэньня Канстытуцыі?».

Мы ў сваіх выступах зьвярталі ўвагу на тое, што паводле артыкулу 78 тагачаснай Канстытуцыі, рэфэрэндум павінен быў праводзіцца ў адпаведнасьці з законам. Праўныя аспэкты рэфэрэндуму рэгуляваліся Законам «Аб усенародным галасаваньні (рэфэрэндуме)». І вось паводле гэтага закону, на рэфэрэндум не маглі выносіцца пытаньні нацыянальна-гістарычнай адметнасьці (пры гэтым распрацоўнікі закону кіраваліся тым, што мова, гістарычныя і нацыянальныя каштоўнасьці не належаць сучаснаму пакаленьню, і яно, гэтае пакаленьне, ня мае права пазбаўляць іх пакаленьні будучыя, і наагул вырашаць і за продкаў, і за нашчадкаў). Менавіта такімі пытаньнямі зьяўляліся два пытаньні з чатырох, прапанаваных А. Лукашэнкам: аб статусе беларускай мовы і аб дзяржаўных сымбалях.

Акрамя таго, мы казалі, што ліквідацыя статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай непазьбежна прывядзе да яе дыскрымінацыі і заняпаду, а зьмена дзяржаўнай сымболікі ўнясе раскол у грамадзтва.

Нашыя аргумэнты не ўспрымаліся парлямэнцкай большасьцю. Увечары 10 красавіка мы сабраліся ў 363-ім пакоі Дома ўраду, які быў замацаваны за Апазыцыяй і вырашылі, што нам нічога не застаецца, як пайсьці на нейкія скрайнія захады.

Раніцай 11 красавіка мы канчаткова дамовіліся, што абвяшчаем галадоўку: я пасьпеў даслаць факс жонцы Галіне ў Нямеччыну, якая была ў тыя дні ў мюнхэнскай рэдакцыі радыё «Свабода» і павінна была вярнуцца ў Менск 12 красавіка, што сустрэць у аэрапорце яе не змагу (сустрэла яе Галя Вашчанка-Пазьняк), але, нягледзячы на галадоўку, пасьпею выступіць у Канстытуцыйным Судзе, які павінен быў разглядаць пытаньне аб манапалізацыі прэзыдэнтам сродкаў масавай інфармацыі.

Пасяджэньне Вярхоўнага Савету, як звычайна, пачалося а 9-й раніцы з разьдзелу «Рознае».

Мне давялося зачытаць рэзалюцыю мітынгу, які адбыўся трыма днямі раней, 9 красавіка, каля будынку па Карла Маркса, дзе тады месьціўся Вярхоўны Савет. Вось як гэта выглядала ў стэнаграме:

Сяргей Навумчык: «Мне даручана зачытаць наказ выбарнікаў, дадзеных дэпутатам Вярхоўнага Савета ад Апазыцыі БНФ падчас справаздачнай сустрэчы 9 красавіка ў Менску. „Выслухаўшы інфармацыю аб працы ў Вярхоўным Савеце, аб прапановах па ратыфікацыі пагадненьняў з Расеяй, пра ініцыятывы прэзыдэнцкай улады ў правядзеньні рэфэрэндуму аб мове, аб адмаўленьні ад гістарычнай беларускай і дзяржаўнай сымболікі, аб эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і аб наданьні абсалютных уладных паўнамоцтваў прэзыдэнту, мы, выбарнікі горада Менска, што сабраліся 9 красавіка 1995 года на спатканьне з дэпутатамі Вярхоўнага Савету ад Апазыцыі БНФ, заяўляем, што прэзыдэнцкая ініцыятыва аб рэфэрэндуме супярэчыць закону і Канстытуцыі. Гэтыя рэфэрэндумы, калі б яны адбыліся, толькі зганьбілі б нашу краіну, раскалолі і пасварылі наш народ, яны не палепшылі б, а пагоршылі б жыцьцё людзей.

Мы, выбарнікі з розных раёнаў Менску, даем наказ нашым дэпутатам Вярхоўнага Савету ад Апазыцыі адстойваць канстытуцыйныя нормы і законы нашай дзяржавы ў Вярхоўным Савеце і не пагаджацца з прэзыдэнцкай ініцыятывай генебных для Беларусі рэфэрэндумаў, не галасаваць за ратыфікацыю невыгодных пагадненьняў з Расеяй. Лукашэнка ня выканаў сваіх абяцаньняў — не спыніў рост цэнаў, не запусьціў заводы, не пачаў рэформы, не зьнішчыў карупцыю. Жыць стала яшчэ горай і цяжэй. Зьневажаецца чалавек, наша краіна, наша мова, нашы нацыянальныя каштоўнасьці. Улада ня мае права зьдзекавацца з народа, які гэту ўладу стварыў.

Мы пратэстуем і не прымаем такую антынародную палітыку. Патрабуем ад прэзыдэнта Лукашэнкі зьняць сваю ініцыятыву аб рэфэрэндуме. Просім нашых дэпутатаў ад Апазыцыі Народнага Фронту адстойваць нашы грамадзянскія, чалавечыя, сацыяльныя правы. Наша краіна наш народ дастойны лепшага жыцьця і лепшай долі“. Прынята аднагалосна».

Таксама ў «Розным» з адмоўнай ацэнкай ініцыятывы аб рэфэрэндуме выступілі Анатоль Вярцінскі і Мікалай Крыжаноўскі. Юрась Беленькі выказаўся пра пляны расейскага «Газпраму» забраць беларускую маёмасьць, але таксама закрануў тэму рэфэрэндуму.

Анатоль Вярцінскі: «Я ўсё яшчэ ня трачу надзеі, я зьвяртаюся да прэзыдэнта з заклікам у гэты адказны, крытычны для краіны момант усьвядоміць усё адказнасьць перад ёй, стаць прэзыдэнтам усіх беларусаў, усёй Беларусі, а ня пэўных палітычных сілаў і калі ўжо зусім не адмовіцца ад ідэі правядзеньня рэфэрэндуму, то хаця б абвясьціць яго кансультацыйным па ўсіх чатырох пытаньнях».

Мікалай Крыжаноўскі: «Мне ўчора з Жодзіна даставілі сюды, прывезьлі адкрыты ліст... І ведаеце, у гэтым лісьце (ён вялікі, я ня буду ўсё зачытваць) людзі пішуць вельмі такія высокія. Узьнёслыя словы, што «мова — душа народа», што «няма мовы — ня будзе народа» і што яны зьвяртаюцца і да старшыні Вярхоўнага Савету, і да дэпутатаў, спадзеючыся на іх розум, на іх сумленьне, на іх годнасьць. Але я думаю, што марны гэты зварот. Учарашняе пасяджэньне паказала, што ўсё-такі няма тут на што спадзявацца. І вось гэтыя пяць гадоў работы Вярхоўнага Савету паказалі, што сапраўды адбылося тое, што не павінна было адбыцца. І адбылася камічная трагедыя. Трагізм гэтай сытуацыі палягае ў тым, што зьнішчаецца дзяржава, зьнішчаюцца яе старажытныя, сьвятыя сымбалі, выкарчоўваецца, выкараняецца яе мова. А камізм гэтай сытуацыі палягае ў тым, што людзі, ня ведаючы таго, абралі чалавека, які потым робіць усё гэта рукамі самога народа... Ёсьць Божы суд. І гэты суд прыйдзе. Пройдзе час — і прыйдзецца адказваць за тое, што тут створана. І я хацеў бы, каб тыя, хто яшчэ мае нейкае сумленьне і страх перад Богам — задумаліся над тым, што вы робіце (Шум у залі)».

Юрась Беленькі: «...Будзе ня Божы суд, будзе суд нашага народа, бо гэта злачынцы, якія гэта зрабілі. Гэтыя злачынцы будуць стаяць перад судом нашага народа, калі прыйдзе наш сапраўдны беларускі ўрад, таксама, як будуць стаяць перад судом і тыя, хто вынес гэты ганебны рэфэрэндум, хто зьневажае нашу мову. Вы будзеце судзіцца з нашым народам, і тэрмін даўніны на вас ня будзе распаўсюджвацца, як не распаўсюджваецца тэрмін даўніны на ўсе злачынствы, якія зроблены супраць народа і дзяржавы. Так што, спадары дэпутаты, вы павінны памятаць пра гэта. Гэта ўсё ня пройдзе проста так для вас дарма. Вы будзеце адказваць перад нашым народам па ўсіх законах нашай будучай незалежнай дзяржавы. (Шум у залі).

Старшыня ВС Мечыслаў Грыб: «Паважаны Юры Адамавіч, нельга ж так аднаму ўсіх судзіць (шум у залі). Прабачце. Добра. Слова мае дэпутат Пазьняк Зянон Станіслававіч. Наступным выступае дэпутат Зданевіч».

На гадзіньніку было 9.25. Далей ізноў цытую стэнаграму:

Пазьняк З. С.: «Спадары дэпутаты! Мінула амаль пяць гадоў дзейнасьці Вярхоўнага Савету, у якім усё вызначала і вызначае былая камуністычная намэнклятурная большасьць. Які ж вынік вашай дзейнасьці за пяць гадоў, спадары дэпутаты? Што вы нарабілі і што натварылі?

Пяць гадоў назад у нас быў аднолькавы жыцьцёвы ўзровень, як і ў краінах Балтыі. Але краіны Балтыі пайшлі па шляху свабоды і эканамічных рэформаў і цяпер ужо пачынаюць карыстацца пладамі сваёй разумнай палітыкі. Беларусь жа, дзякуючы перш за ўсё вашай дзейнасьці, пакацілася ў яму жабрацтва, разбурэньня эканомікі, інфляцыі. Ад рэформаў адмовіліся, краіну абрабавалі, народ абакралі, маёмасьць «прыхватызавалі». У людзей забралі грашовыя ўклады і аблігацыі, не далі ні зямлі, ні працы, ні нармальнага сацыяльнага забесьпячэньня. На кожную душу павесілі велізарную дзяржаўную пазыку.

І што ж прапануеце вы цяпер, разам з вашым прэзыдэнтам, якога вы прыдумалі, спадары дэпутаты? Што прапануеце вы цяпер, пад заслону, у канцы вашай бясплённай і разбуральнай дзейнасьці? Абрабаваўшы народ, вы, топчучы Канстытуцыю і закон, прапануеце яму рэфэрэндум аб яго сьвятой беларускай мове, аб яго гістарычным сьцягу і гербе ва ўмовах жабрацтва, бяспраўя, інфармацыйнай блякады і поўнага беззаконьня.

Абрабаваўшы народ, вы прапануеце яму грамадзкі раскол і грамадзянскае супрацьстаяньне. Абрабаваўшы народ, вы гатовыя прадаць незалежнасьць яго Бацькаўшчыны, кінуць яго пад эксплюатацыю і расправу сваёй і замежнай мафіі. Вось вынік вашай пяцігадовай дзейнасьці.

Мы, дэпутаты Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту, пратэстуем супраць зьдзекаў над нашым народам, над нашай Айчынай, над вашай Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь. Вычарпаўшы ўсе магчымасьці, у знак пратэсту супраць антызаконнасьці і згубнасьці вашых дзеяньняў мы аб’яўляем галадоўку тут, у цэнтры гэтай залі. Пачынаем яе цяпер, з гэтай хвіліны. Мы патрабуем выкананьня Канстытуцыі, законаў Рэспублікі Беларусь, свабоды слова і ліквідацыі цэнзуры... (Шум у зале)... спыніць рабаваньне народа і Бацькаўшчыны! (Шум у зале), Шаноўная Інэса Міхайлаўна! Вы — міністар аховы здароўя. Прашу Вас прыслаць урача і зафіксаваць пачатак галадоўкі. (Шум у зале). Прадаўжайце, спадары дэпутаты, сэсію».

Пасьля гэтых слоў Пазьняка мы, некалькі дэпутатаў Апазыцыі БНФ, выйшлі ў сярэдзіну Авальнай залі і селі перад прэзыдыюмам, каля трыбуны. Абвешчаны сьпікерам выступ Лявонція Зданевіча не адбыўся — Лявонцій сеў з намі.

Грыб абвясьціў перапынак, а потым заявіў, што «згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, згодна з Законам „Аб рэфэрэндуме“, згодна з Часовым рэглямэнтам Вярхоўнага Савета, мы павінны разглядаць прапанову прэзыдэнта, якую ён нам унёс, па правядзеньню рэфэрэндуму.

Мы можам уносіць прапановы па тэрміну — 14, 28 ці 11 чэрвеня, гэта справа Вярхоўнага Савета. Астатнія пытаньні, пытаньні, якія ён сфармуляваў і ўносіць на рэфэрэндум, — гэта яго справа. Мы можам яму ўносіць рэкамэндацыі, можам прапанаваць нешта іншае ўдакладніць, і так далей, але гэта яго справа, пагадзіцца ці не пагадзіцца. Ніякіх альтэрнатыўных праектаў мы ня маем права разглядаць па гэтым пытаньні, прабачце мне, ніякіх, ні пісьмовых, ні вусных. Мы павінны ісьці так, як патрабуе ад нас заканадаўства».

Два з паловай гады таму і сам Грыб, тады яшчэ не старшыня Вярхоўнага Савету, і дэпутат Лукашэнка, і большасьць іншых дэпутатаў праігнаравалі Закон аб рэфэрэндуме ды адмовіліся прызначаць рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах, праігнараваўшы 442 тысячы подпісаў, сабраных БНФ. Але цяперашняя сытуацыя прынцыпова адрозьнівалася ад таго, што было ўвосень 1992 года. Тады Беларускі Народны Фронт дзейнічаў у поўнай адпаведнасьці з Канстытуцыяй і законам. Цяпер жа Лукашэнка, уносячы свае прапановы, парушаў і Канстытуцыю, і заканадаўства, паколькі закон наўпрост забараняў выносіць на рэфэрэндум пытаньні, якія тычацца мовы і нацыянальнай сымболікі.

Да мікрафону выйшаў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай «Грамады» Алег Трусаў: «Я зьвяртаюся перш-наперш да спадара прэзыдэнта, да міжнароднай супольнасьці і да дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Вы ведаеце, што спадар прэзыдэнт груба парушыў Канстытуцыю, груба парушыў усе магчымыя законы, зьняўшы з пасады галоўнага рэдактара спадара Сярэдзіча. Я патрабую ад спадара Прэзыдэнта адмяніць свой незаконны ўказ і ў знак пратэсту далучаюся да сяброў па Апазыцыі і аб’яўляю галадоўку».

Алег сеў побач з намі.

Выступіў Сяргей Антончык, над якім ішоў судовы працэс за ягоны даклад аб карупцыі ў камандзе Лукашэнкі: «Апазыцыя Беларускага Народнага Фронту. Спадары дэпутаты! Дзе вы бачылі краіну, дзе судзяць ня тых, хто крадзе, а тых, хто выступае супраць гэтага крадзяжу? Спадар прэзыдэнт, ці ведаеце Вы, што банкам „Белаграпрамбанк“, дзе быў старшынём Чыгір, у 1993 — пачатку 1994 года было выдзелена 145 мільярдаў крэдытных рэсурсаў фірме „Пушэ“? Ці ведаеце вы, што фірма „Пушэ“ зараз будуе катэдж Чыгіру? Ці мае права прэм’ер-міністар Чыгір займацца зараз кіраўніцтвам у вашай структуры? Чаму да гэтага часу не адхілены ад улады Сініцын, сыну якога плацяць камэрцыйныя фірмы больш за дзесяткі тысяч даляраў кожны год? Чаму не адхілены Ціцянкоў і іншыя людзі? Таму ў знак пратэсту я далучаюся да галадоўкі і патрабую адстаўкі тых людзей, якія зараз ня могуць, ня маюць права па маральных законах кіраваць нашай беларускай незалежнай дзяржавай».

Сяргей таксама спусьціўся да трыбуны і далучыўся да нас.

Выступіў Генадзь Майсееў (ён падпісваў шмат якія заявы Апазыцыі БНФ) ды абурыўся папярэднім вечаровым тэлерэпартажам з пасяджэньня Вярхоўнага Савета, на якім абмяркоўвалася мэтазгоднасьць рэфэрэндуму — «Адзін прэзыдэнт! Ні сьпікера парлямэнту, нікога! Адзін голас прэзыдэнта! Ніводнага слова дэпутата! Што гэта такое? Тэлебачаньне што, зрабілася прыдаткам прэзыдэнцкай улады?... Паважаны Лукашэнка! Я баюся, што вы апынецеся ў лепшым выпадку на пасадзе губэрнатара адной з расейскай вобласьцяў. Падумайце напярэдадні рэфэрэндуму, што Вы робіце. Спыніцеся, пакуль ня позна».

У залі зьявіўся Лукашэнка. Ягоная прамова мела нэрвова-гістэрычную танальнасьць. Ён заявіў, што (перакладаю з расейскай) «я ні на ёту не адступлюся ад сваіх сёньняшніх прапаноў. Ня трэба сёньня ніякіх абмеркаваньняў. Мячыслаў Іванавіч (Грыб — С. Н.) правільна сказаў: вы ня маеце права зьмяняць пытаньні, якія ўнёс прэзыдэнт».

Дэпутат Апазыцыі БНФ Барыс Гюнтэр заявіў, што у часе прыняцьця Пастановы аб рэфэрэндуме зафіксаваў галасаваньне адным дэпутатам за іншага, які ў гэты момант у залі адсутнічаў.

Галадоўка дэпутатаў 12 красавіка 1995 году
Галадоўка дэпутатаў 12 красавіка 1995 году

Галіна Сямдзянава зьвярнула ўвагу на парушэньні працэдуры і між іншым сказала, што «у нас шмат парушэньняў Канстытуцыі было ў гэтай залі. Выкручвалі рукі дэпутатам увесь час, зараз віртуозна гэта робіць прэзыдэнт. І я вельмі задаволеная, што ў гэтай залі зьявіліся ня толькі дэпутаты Вярхоўнага Савета, ня толькі апазыцыя, але і сапраўдныя мужчыны, якія вырашылі, што хоць такім чынам абараніць гонар дзяржавы».

Гэта, сапраўды, была крайняя мера.

Нічога падобнага на галадоўку, якая была намі абвешчаная ў той дзень, у Вярхоўным Савеце ніколі не было. І для большасьці дэпутатаў гэта само па сабе было нечым надзвычайным.

Яны — ва ўсялякім разе, шмат хто зь іх, — адчулі, што мы маем самыя сур’ёзныя намеры. Потым, праз гады, мы абмяркоўвалі той момант з калегамі-дэпутатамі Апазыцыі БНФ, і сышліся ў тым, што гатовыя былі ісьці на сьмерць. Напэўна, калі чалавек гатовы на сьмерць, калі ён бачыць канец жыцьцёвага шляху — гэта адчуваецца. Ва ўсякім разе, мне цяжка патлумачыць іншым, нечым рацыянальным, тое, што здарылася.
Мы сядзелі тварам да дэпутатаў, глядзелі ім у вочы — а яны глядзелі ў вочы нам.

Далей і адбылося тое, на што, па шчырасьці, асабіста я не разьлічваў, і што можна назваць цудам.

Прапанаваныя Лукашэнкам пытаньні, за якія яшчэ ўчора, як адчувалася, гатовая была зацьвердзіць большасьць дэпутатаў, — пачалі правальвацца.

Так, за пытаньне «Ці згодны вы з наданьнем расейскай мове роўнага статусу з беларускай? Так ці не» — прагаласавалі 124 дэпутаты пры патрэбных для прыняцьця станоўчага рашэньне 154-ах.

Пытаньне «Ці падтрымліваеце вы прапанову аб устанаўленьні новага Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь? Так ці не?» — падтрымала 150 дэпутатаў (не хапіла двух галасоў).

За пытаньне «Ці згодны вы зь неабходнасьцю ўнясеньня зьмяненьняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага ці грубага парушэньня Канстытуцыі? Так ці не?» — прагаласавала толькі 86 дэпутатаў, амаль ў два разы меней, чым было неабходна.

І толькі пытаньне «Ці падтрымліваеце вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, якія накіраваны на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй? Так ці не?» набрала патрэбную для зацьвярджэньня колькасьць галасоў — 180.

Такім чынам, тры з чатырох прапанаваных Лукашэнкам пытаньні не прайшлі.

Для Лукашэнкі гэта быў правал — яшчэ у часе галасаваньня ён узяў слова і заявіў, што «усе мае пытаньні уносіліся ў комплексе... вы (дэпутаты — С. Н.) парушылі цэласны комплекс пытаньняў, якія я выносіў на галасаваньне».

Лукашэнка таксама сказаў, што быў бы згодны пагадзіцца на кансультацыйны характар трэцяга і чацвертага пытаньняў (інтэграцыя з Расеяй і права прэзыдэнта распускаць парлямэнт), але настойвае на абавязковым характары першых двух (мовы і дзяржаўныя сымбалі).

Гэтая ягоная «кампрамісная» заява пацьвярджала, што пытаньні аб ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і аб скасаваньні «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга як дзяржаўных сымбаляў — мелі для Лукашэнкі нават большае значэньне, чым ягонае права распускаць парлямэнт.

Увогуле, Лукашэнка ў той дзень некалькі разоў браў слова, і ягоныя выступы былі прасякнутыя нянавісьцю, грэблівасьцю і да незалежнасьці краіны, і да беларускай мовы і да дэпутатаў Апазыцыі БНФ.
Прывяду некалькі характэрных урыўкаў зь ягоных выступаў у Авальнай залі ў той дзень 11 красавіка; даю іх на мове арыгіналу.

«Голодовку объявили, может, прекратят. Они сегодня хорошо поели и могут день голодать....Единственное, на что вы способны, это вот тут сесть, возле этой трибуны, чтобы вас фотографы сфотографировали и завтра в международную супольнасць направили гэтыя здымки, каб яшчэ раз Беларусь трепали, топтали, вытирали ноги. Не трэба им Бацькаушчына! Не трэба им Беларусь, дарагия мае! Я-то это знаю! ... Вопрос ведь не в русском языке, сегодня это вопрос не геополитики — это стратегия нашего государства...

Ну, неужели вам принести стенограмму, я её прочитал ещёс того страшного заседания, которое мы провели здесь? Неужели вам надо напоминать то, что мы здесь натворили? (маюцца на ўвазе альбо пасяджэньне 25 жніўня 1991 г, калі была абвешчана незалежнасьць Беларусі, альбо 10 снежня 1991, калі былі ратыфікаваныя Белавескія пагадненьні — С. Н.).

... Да нет у меня никаких амбиций, уважаемые мои! Я родился на этой земле, я предан этой стране, этой республике не меньше, чем вы. Но вы же посмотрите, что происходит на самом деле! Но я же не могу даже вам всказать всего того, что происходит, нельзя сказать, поскольку завтра в „Свабодзе“, в радио „Свабода“ передадут... Збэсьцяць, стопчуць, здрадником объявят!

...Сегодня для каждого вопрос — это вопрос детей. По той же русской мове. Я приезжаю на свою родину, и мне говорят в Шклове: сегодня первый, второй, третий классы насильственно переводят на соответствующий язык. Зачем, говорю. Зачем? Учебников няма. Мне говорят: давай учебники. Их нет. Посмотрите, какие создали учебники. Посмотрите, какое засилье сегодня в культуре. Люди воют».

Зьвяртае ўвагу тое, што Лукашэнка пагрэбаваў нават узгадаць беларускую мову, вызначыўшы яе як «соответствующий язык». І, вядома, прыкметна, што замест таго, каб наладзіць выданьне падручнікаў на беларускай мове (а ў прэзыдэнта меліся для гэтага ўсе сродкі), ён пажадаў пазбавіць дзяцей магчымасьці на гэтай мове вучыцца. Пройдзе дваццаць гадоў, і ў абласных цэнтрах не застанецца ніводнай беларускамоўнай школы.

І тым ня менш, нягледзячы на гістэрычныя заявы Лукашэнкі — ягоныя пытаньні былі праваленыя.

Такім быў першы вынік галадоўкі.

У адзін зь перапынкаў мы ўдакладнілі свае патрабаваньні. Зянон Пазьняк перадаў Мечыславу Грыбу поўны іх сьпіс:

«1. Не прымаць супярэчную Закону і Канстытуцыі ініцыятыву Прэзыдэнта аб рэфэрэндуме. Выканаць у гэтым пытаньні Канстытуцыю і закон.

2. Адмяніць незаконны ўказ нумар 113 Прэзыдэнта Лукашэнкі аб увядзеньні цэнзуры ў Беларусі і звальненьні з пасады рэдактара „Народнай газэты“ (Сярэдзіча — С. Н.). Адмяніць манаполію на сродкі масавай інфармацыі ў руках прэзыдэнцкай улады, паколькі гэта супярэчыць закону, Канстытуцыі і парушае правы чалавека.

3. Прыцягнуць да адказнасьці людзей з адміністрацыі Прэзыдэнта Лукашэнкі, замяшаных у карупцыі. Спыніць судовы перасьлед дэпутата Сяргея Антончыка ( за даклад аб карупцыі ў камандзе Лукашэнкі — С. Н.)».

На вечар 11 красавіка нас было 19 чалавек: Мікалай Аксаміт, Сяргей Антончык, Лявон Баршчэўскі, Юрась Беленькі, Ігар Гермянчук, Валянцін Голубеў. Уладзімер Заблоцкі, Барыс Гюнтэр, Лявон Дзейка, Лявонцій Зданевіч, Мікалай Крыжаноўскі, Мікола Маркевіч, Віталь Малашка, Сяргей Навумчык, Зянон Пазьняк, Сяргей Папкоў, Пётра Садоўскі, Алег Трусаў, Аляксандар Шут.

Хацеў далучыцца да галадоўкі, але мусіў класьціся ў шпіталь дэпутат Апазыцыі БНФ, палкоўнік міліцыі Ігар Пырх, і Пазьняк параіў яму ўстрымацца ад акцыі (праз чатыры гады Ігар заўчасна памёр). Натуральна, мы не маглі дапусьціць удзелу ў галадоўцы Галіны Сямдзянавай.

А 18-й пасяджэньне скончылася. Яшчэ днём Галіна Сямдзянава атрымала інфармацыю, што супраць удзельнікаў галадоўкі можа быць ужытая сіла.

Пазьняк зьвярнуўся да Грыба з просьбай забясьпечыць нашую ахову, той сказаў, што нібыта кіраўніцтв КДБ паабяцала даслаць сваіх людзей.

У ноч з 11 на 12 красавіка людзей сапраўды даслалі — але не на просьбу Грыба і не для аховы...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG