Радыё Свабода публікуе фрагмэнты новай кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты». У гэтым разьдзеле — пра паездкі дэпутатаў БНФ па рэгіёнах.
Ня ведаю, ці застаўся хаця б адзін раён Беларусі, дзе не былі мае калегі з Апазыцыі БНФ. У такіх паездках мы напоўніцу выкарыстоўвалі закон аб статусе дэпутата, паводле якога ўлады павінны былі прадстаўляць памяшканьне для сустрэчы з выбаршчыкамі. Фармальна, маглі і адмовіць, бо часта дэпутаты былі з зусім іншых акругаў, але такіх выпадкаў да прыходу да ўлады Лукашэнкі не было. Ды й пасьля, асабліва калі ў нашай групе быў Пазьняк, мясцовае начальства засьцерагалася адмаўляць — Пазьняка паважалі нават апанэнты і пабойвалася начальства.
На мяжы 1994-1995 гадоў у рэгіёны мы выяжджалі штотыдзень.
У адну з паездак, у Гомель, езьдзілі Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін. Але звычайна мы ашчадна ставіліся да нашых паважаных і ўжо не маладых выбітных творцаў і ў палітычныя рэйды іх не запрашалі. Затое для нас, дэпутатаў, гэтыя паездкі былі рэгулярнымі і, прызнаюся, даволі моцна вымотвалі і фізычна, і нэрвова.
Было гэтак: у раён (напрыклад, Ашмянскі ці Пастаўскі) выяжджалі тры-чатыры дэпутаты, звычайна на чале з Пазьняком. Былі і члены Сойму ці Ўправы БНФ — Віктар Івашкевіч, Вячаслаў Сіўчык ці нехта яшчэ. Ехалі на «фронтаўскім» мікрааўтобусе, часам была яшчэ адзін аўтамабіль — старэнькі «жыгуль», якім карыстаўся Пазьняк. На месцы разьбіваліся на дзьве групы — і пачыналіся паездкі па вёсках; за дзень удавалася пабываць у трох-чатырох калгасах ці саўгасах. Выступалі звычайна ў клюбах. Выступ наш звычайна доўжыўся дзьве-тры гадзіны, потым — адказы на пытаньні, якіх заўсёды былі дзесяткі. Далей — чарговая сустрэча. І яшчэ адна. Спаць валіліся як мёртвыя.
Назаўтра — новыя вёскі, новыя сустрэчы, а ўвечары дзьве групы аб’ядноўваліся і праводзілі сустрэчу ў райцэнтры, у вялікай залі (звычайна — у раённым Палацы культуры). Зразумела, асноўная цікавасьць людзей была да Пазьняка — яму і даводзілася выступаць больш за астатніх. Ён валодаў (і гэтая здольнасьць не згубілася) уменьнем «трымаць» аўдыторыю, гаварыць зь ёй зразумелымі словамі. Вельмі часта тыя, хто ішоў на сустрэчу як ягоны праціўнік — выходзілі з залі ягонымі прыхільнікамі.
Для большасьці вяскоўцаў гэта былі першыя сустрэчы з прадстаўнікамі БНФ, наогул з людзьмі, якія вызнаюць ідэалёгію Адраджэньня.
Здаваліся і камічныя выпадкі.
Прыехалі мы ў вёску Вязынь на Вілейшчыне (вёска ўвайшла ў гісторыю тым, што менавіта ў ёй быў арыштаваны чэкістамі Янка Філістовіч). Былі мы, здаецца, утрох — Лявон Баршчэўскі, Юрась Беленькі і я. Звычайна трэба было ўлічваць спэцыфіку аўдыторыі, гаварыць простай мовай, бяз мудрагелістых палітычных тэрмінаў, якіх вяскоўцы маглі і ня ведаць. Гэтак было і ў Вязыні.
Пасьля нашых выступаў пайшлі пытаньні. І чым далей — тым больш складаней:
— Чаму Лукашэнка не адправіў у адстаўку карупцыянэраў, як абяцаў на выбарах?
— Ці наважыцца ўрад Чыгіра правесьці рынкавыя рэформы?
— А ці здолее Канстытуцыйны Суд супрацьстаяць прэзыдэнцкаму ціску?
Вяршыняй дасьведчанасьці вяскоўцаў было пытаньне пра зьмены выбарчага заканадаўства:
— Ці ёсьць шанец, што будучы Вярхоўны Савет прыме прапарцыйна-мажарытарнкую сыстэму?
Мы былі ўражаныя палітычнай сьпеласьцю ды інфармаванасьцю жыхароў гэтай невялікай вёсачкі. Вось вам і «зацюканы» беларускі народ, вось вам і неадукаваныя вясковыя жыхары, якіх палітолягі назаўсёды залічылі ў стабільны і непарушны электарат Лукашэнкі!
Завяршыўшы адказваць на пытаньні (тут ужо мы, як кажуць, «адвялі душу»), прыступілі для традыцыйнай працэдуры — прапанавалі запісвацца ў Народны Фронт і стварыць суполку БНФ (звычайна, пасьля сустрэчаў мінімум пяць-шэсьць чалавек у кожнай вёсцы запісваліся ў Фронт).
— Калі ласка, запісвайцеся, — прапанаваў Баршчэўскі. — Гэта варта зрабіць хаця б таму, што ваш прадстаўнік будзе мець сталыя кантакты з кіраўніцтвам БНФ у Менску, будзе прывозіць да вас літаратуру, распаўсюджваць інфармацыю. Навіны ж у вёску ня хутка даходзяць, а вы, мы бачым, палітыкай цікавіцеся. І я б сказаў, што разьбіраецеся ў нюансах адносінаў паміж Вярхоўным Саветам і Апазыцыяй вельмі нават добра, на горш за сталічных жыхароў.
У адказ — маўчаньне.
І тут ўздымаецца маладая жанчына.
— Ды мы і так на ўсе вашы мітынгі ходзім, бо ў Менску жывем, я вось, напрыклад, супрацоўніца інстытуту цепла- і масаабмену Акадэмі навук, дысэртацыю цяпер абараняю. А сюды мы ўсе прыехалі дапамагчы бацькам буракі капаць.
Мы зь Лявонам пераглянуліся і ледзь стрымаліся ад сьмеху.
Але найбольшая нечаканасьць была наперадзе.
Аднекуль з дальняга шэрагу залі бабуля запытала:
— Сыночкі, вось я вас паслухала, усё вы прыгожа й правільна кажаце. Але ў мяне да вас, да начальнікаў высокіх з гэнага БНФу, пытаньне будзе. Скажыце, а навошта ж вы Хрушчовава зьнялі?
(Яна так і сказала — «Хрушчовава», а не Хрушчова).
Можна было ўявіць, што ў сьвядомасьці бабулі жыцьцё яе было было пазначанае нейкімі важнымі падзеямі: вайна, сужэнства, нараджэньне дзяцей... і адстаўка Хрушчова ў кастрычніку 1964-га. Пэўна, штосьці было і іншае ў яе асабістым жыцьці — але наступнай палітычнай падзеяй пасьля адстаўкі Хрушчова стаўся гэты вось прыезд у вёску дэпутатаў БНФ. (У яе разуменьні — начальства, і няважна, што ў момант адстаўкі Хрушчова гэтым «начальнікам» было па тры-чатыры гады, а некаторыя і не нарадзіліся).
Трыццаць гадоў не было перад бабулькай нікога, хто б меў ахвоту патлумачыць ёй прычыну адстаўкі Хрушчова які, традыцыйна лічылася, «сядзеў у пячонках» сялянства за падаткі на кожную курыцу і на кожную яблыню. А можа таму цікавіў гэтую старую з Вязыні Хрушчоў, што паўплываў ён на лёс некага блізкага чалавека, таго, хто сядзеў у ГУЛАгу і вярнуўся да дому пасьля хрушчоўскага ХХ зьезду?
...У эміграцыі, на чужыне, я часта прыгадваю тых, каго спаткаў у паездках па Беларусі, хто прыходзіў на нашы сустрэчы ў часам вельмі натопленыя, як лазьня, а, здаралася, што і ў прамерзлыя вясковыя клюбы. Памятаю бабулек з браслаўскай вёскі, што на роварах дабіраліся на сустрэчу, маладых энэргічных краязнаўцаў у Браславе, сьвятара ў Ашмянах, супрацоўнікаў музэю Багушэвіча ў Кушлянах на Смаргоншчыне, выкладчыкаў у Вілейцы, напаўпаралізаванага старога са Стаўбцоўшчыны, які не ўздымаўся з ложка, слухаў радыё «Свабода», чытаў газэту «Свабода» і ведаў лепш за мяне, які дэпутат і як галасаваў...
Сьцерліся ў памяці назовы мястэчак і вёсак, забыліся імёны ўсіх тых, з кім мы сустракаліся, з кім гутарылі, у каго гасьцявалі, але твары іх я бачу, нібыта яны побач, быццам і не прайшло столькі гадоў і няма адлегласьці ў тысячы кілямэтраў, — і гэтыя людзі засталіся ў маёй душы ўвасабленьнем беларускага народу.