Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ценевы Кабінэт БНФ супраць інтэграцыі


«Дзікі мёд» для расейскага міністра

У часе візыту міністра замежных спраў Расеі ў Менск 23-24 студзеня, які быў адзначаны «Дзікім мёдам» Анатоля Сыса, Козыраў разам з Уладзімерам Сянько падпісаў консульскую Канвэнцыю і пратакол аб супрацоўніцтве двух міністэрстваў. Але галоўным было парафіраваньне Дамовы аб дружбе і супрацоўніцтве. Усе прапановы маскоўскага госьця віталіся менскімі гаспадарамі.

Мала таго — на сустрэчы з Козыравым прэм’ер Міхаіл Чыгір імкнуўся прысьпешыць інтэграцыю: «па словах Козырава, беларускі прэм’ер у гутарцы зь ім жадаў як хутчэй увесьці ў дзеяньне пагадненьне аб мытным саюзе, што магчыма раней чатырох месяцаў, якія адведзеныя на збліжэньне заканадаўства дзьвюх краінаў. У падтрымку сказанага міністрам замежных спраў Расеі У.Сянько згадаў, што Беларусь заўсёды імкнулася да цеснага саюза з Расеяй, што відаць на прыкладзе перамоваў аб аб’яднаньні фінансавых сыстэм Расеі і Беларусі» — паведамляла агенцтва СІМ («Пагоня», 27 студзеня 1995).

Яшчэ раней, 6 студзеня ў Менску прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір і віцэ-прэм’ер Расеі Аляксей Бальшавкоў падпісалі пакет дакумэнтаў — як у галіне эканомікі, гэтак і ў вайсковай сфэры (Мэмарандум «Аб пашырэньні і паглыбленьні беларуска-расейскага супрацоўніцтва» і некалькі пагадненьняў, якія былі прапанаваныя Масквой — у тым ліку «Аб асноўных прынцыпах стварэньня фінансава-прамысловых групаў», «Аб парадку завяршэньня будаўніцтва, выкарыстаньня і ўтрыманьня Узла Баранавічы сыстэмы папярэджаньня аб ракетным нападзе»).

Мы ў дэпутацкай апазыцыі атрымалі тэксты гэтых пагадненьняў і адразу перадалі іх экспэртам — членам Ценявога кабінэту.

Увогуле, да 1995 году ў Беларускім Народным Фронце ўжо сфармаваліся дзьве структуры — парлямэнцкая Апазыцыя і яе Ценявы кабінэт. Можна сказаць, што Апазыцыя генеравала палітычныя рашэньні (дэпутаты назапасілі багаты адпаведны досьвед), а Кабінэт выпрацоўваў эканамічныя ды іншыя прапановы. Але такі падзел будзе даволі ўмоўным: многія дэпутаты (як Уладзімер Заблоцкі, Лявонці Зданевіч, Юрась Беленькі, аўтар гэтых радкоў ды іншыя) уваходзілі ў склад Кабінэту, а члены Кабінэту акадэмік Радзім Гарэцкі ці доктар навук Іван Нікітчанка давалі вельмі каштоўныя палітычныя рэкамэндацыі. Кіраўніком Кабінэту быў Зянон Пазьняк, прэм’ер-міністрам — Уладзімер Заблоцкі. На пачатак 95-га Ценявы кабінэт выпрацаваў некалькі эканамічных канцэпцыяў, высока ацэненых міжнароднымі экспэртамі.

Але галоўнае было нават ня ў гэтым. У іншых апазыцыйных партыяў таксама былі кваліфікаваныя адмыслоўцы ў галіне эканомікі, але яны, скажам гэтак, не заўсёды глядзелі на зьявы праз прызму нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Нашыя ж экспэрты ў сваіх ацэнках і прапановах сыходзілі найперш з гэтага.

25 студзеня Ценявы кабінэт Апазыцыі БНФ прыняў заяву, у якой даў аналіз падпісаных прэм’ер-міністрам Чыгіром дакумэнтаў. Зьмест гэтых дакумэнтаў, гаварылася ў заяве, «сьведчыць аб змове і сумесных дзеяньнях расейскай і беларускай мафіёзнай бюракратыі, накіраваных на захоп эканомікі і нацыянальнай маёмасьці Беларусі. Расейская кіруючая бюракратыя, якая якая валодае цяпер ужо ня толькі ўладай, дзяржавай, але і прыватнай уласнасьцю на маёмасьць дзяржавы, дамагаецца для сябе гарантаванага бяспошліннага транзыту ўсіх відаў тавараў і рэсурсаў праз Беларусь, ліквідацыі беларускага экспарту ў трэція краіны, бясплатнай прысутнасьці расейскіх ваенных базаў і экалягічна шкодных ваенных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі, ліквідацыі межаў паміж Беларусьсю і Расеяй і сумеснага распараджэньня (аховы) беларускіх межаў з трэцімі краінамі, свабоднага, нічым не абмежаванага перамяшчэньня расейскай рабочай сілы на тэрыторыі Беларусі, пераходу ключавых пазыцый эканомікі (заводаў, прамысловых галінаў, інфраструктуры) ва ўласнасьць расейскіх канцэрнаў і фінансава-прамысловых групаў з магчымасьцю наступнага закладу і перапродажы яе заходнім банкам.

Гэтыя палажэньні, адлюстраваныя ў пагадненьнях, маюць, перш за ўсё, палітычны характар і накіраваныя на поўнае зьнішчэньне сувэрэнітэту Беларусі, якое настае адразу пасьля рэалізацыі пагадненьняў. Пасьля першага этапу ліквідацыі дзяржаўнасьці Беларусі пачнецца другі — палітычная анэксія шляхам імітацыі «аб’яднаньня», «уваходжаньня», «цеснага саюзу»... Падзеі, што адбываюцца ў Расеі, яе агрэсіўная крывавая захопніцкая палітыка, замах на незалежнасьць Беларусі сьведчаць аб разьвіцьці і новым афармленьні крымінальнай дзяржавы там, дзе парушаюцца правы чалавека, нацыі, сфармавалася бюракратычна-мафіёзная эканоміка...

Гэтая дзяржава стварае пагрозу Беларусі і ўсім краінам былога, так званага «сацыялістычнага лягеру». Ініцыятыва Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ў падтрымцы расейскай палітыкі, накіраванай на захоп эканомікі і маёмасьці Беларусі, падпісаньне старшынём Кабінэту міністраў пры Прэзыдэнце краіны пакета антыканстытуцыйных пагадненьняў, што супярэчаць нацыянальным інтарэсам Беларусі, утрымліваюць у сабе прыкметы дзяржаўнай здрады, антыдзяржаўнай дзейнасьці і падлягаюць асобаму разгляду ў Вярхоўным Савеце і Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь."

Прадугледжвалася, што вызначэньне мэханізму рэалізацыі палітычных і эканамічных інтэграцыйных крокаў павінна быць «дэлегавана» аднаму з бакоў. Ня трэба было шмат разважаць, каб зразумець, што «бокам» гэтым была б не Беларусь, а Расея. Ценявы кабінэт Апазыцыі БНФ канстатаваў, што «беларускім ўрадам падпісаны дакумэнт аб інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі, несумяшчальны з Канстытуцыяй нашай дзяржавы. Беларусь становіцца расейскім геапалітычным прыдаткам, пазбаўленым уласнай зьнешняй палітыкі, а значыць, і здольнасьці абараняць уласныя эканамічныя і палітычныя інтарэсы. Іншымі словамі, урад Лукашэнкі-Чыгіра падпісаў акт аб уласнай недзеяздольнасьці і спрабуе здаць незалежнасьць і дзяржаўнасьць Беларусі».

26 студзеня мы далі прэсавую канфэрэнцыю Ценявога кабінэту. Член-карэспандэнт Іван Нікітчанка зьвярнуў увагу на мытныя падаткі, якія ў выпадку стварэньня Мытнага зьвязу былі б роўнымі расейскім, а гэта не адпавядае інтарэсам грамадзянаў Беларусі (у той час гэтае папярэджаньне прапусьцілі міма вушэй — але прайшоў час, і пошліны на аўтамабілі ўзьнялі ў некалькі разоў, прыраўняўшы іх да расейскіх). " Слабая беларуская эканоміка аўтаматычна трапляе ў эканамічны хаос Расеі. Самыя дзеяздольныя прадпрыемствы будуць выведзеныя з працэсу прыватызацыі іх беларускімі грамадзянамі і трапяць у рукі расейскага бізнесу, які ўжо назапасіў дзеля гэтага дастатковы капітал. Прэм'ер-міністар Ценявога кабінэту Ўладзімер Заблоцкі заявіў, што падпісаныя 6 студзеня пагадненьні не зьяўляюцца раўнапраўнымі, Беларусь апынаецца ў падпарадкаваным становішчы і не павінна іх выконваць.

«Трэба спачатку стварыць у сваёй краіне такі эканамічны парадак, каб нашая нацыянальная эканоміка паднялася на ногі, каб наш бізнэс набраў сілу і мог канкураваць з расейскім. Цяперашняе беларускае кіраўніцтва няздольнае па-сапраўднаму арганізаваць работу нашай эканомікі, і гэтую няздольнасьць яны хочуць закамуфляваць псэўдаэфэктыўнымі дзеяньнямі па інкарпарацыі нашай эканомікі ў расейскую» — цытавала Ўладзімера Заблоцкага газэта «Свабода».

Але меркаваньне экспэртаў Ценявога кабінэту БНФ адміністрацыю Лукашэнкі не цікавіла — рэйтынг Лукашэнкі, які ў пачатку 1995 году заўважна зьнізіўся, меркавалася «падправіць» чарговымі расейскімі пазыкамі, хай бы нават і коштам «фрагмэнтаў сувэрэнітэту».

А ў вузкім коле кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцын заяўляў, што размовы пра інтэграцыю — гэта толькі прыкрыцьцё сапраўднага, стратэгічнага пляну: прывесьці ў Крэмль Лукашэнку замест «нямоглага» Ельцына. Аддаўшы перад гэтым Беларусь ў склад Расейскай Фэдэрацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG